Жабінкаўскі. У сельсавеце, дзе налічваецца 13 населеных пунктаў, у тым ліку аграгарадок Вялікія Якаўчыцы, паклапаціліся пра месцы складзіравання попелу, раслінных і буйнагабарытных адыходаў. Зроблена гэта невыпадкова: на жаль, летась было некалькі выпадкаў, калі непатушаны попел трапляў у машыны, што перавозілі смецце, альбо кантэйнеры, якія належаць Брэсцкаму смеццеперапрацоўчаму заводу. “Гэта выклікала ўзгаранні, прыносіла вялікую шкоду, — патлумачыў выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама Мікалай Галавейка. — Каб сёлета попел не станавіўся прычынай пажараў, і вырашана ўладкаваць у кожнай вёсцы адпаведнае месца для збору адыходаў. Той, хто жадае ўдакладніць, дзе яно ў ягоным населеным пункце знаходзіцца, можа звярнуцца да спецыялістаў сельвыканкама”.
Ленінскі. Днямі ў Ленінскай сельскай бібліятэцы адбыўся незвычайны ўрок дабрыні — “Любіць бліжняга”, на які запрасілі сябраў аматарскага аб’яднання “Ветразь надзеі”. У госці ў чытальню прыйшлі навучэнцы трэцяга класа, якім было дадзена папярэдняе заданне намаляваць аўтапартрэты. Дзеці прадставілі свае працы і пагутарылі з вядучымі пра падабенства і адрозненні паміж людзьмі. Удзельнікі прыйшлі да важнай высновы: нельга дрэнна ставіцца да чалавека з-за якіх-небудзь знешніх асаблівасцяў. Бо кожны — непаўторны.
Казка вядомага педагога Васіля Сухамлінскага “Самая прыгожая мама”, паказаная “Ветразем надзеі”, дапамагла хлопчыкам і дзяўчынкам усвядоміць, наколькі непрыемнымі могуць стаць крыўдныя словы, сказаныя бліжнім. Заканчэнне спектакля маленькія гледачы з дапамогай фантазіі прыдумалі самастойна.
Сцяпанкаўскі. На базе Сцяпанкаўскага сельскага Дома культуры прайшоў конкурс дзіцячага мастацтва “Залатая восень”. У ім прынялі ўдзел маленькія наведвальнікі аматарскага аб’яднання “Сонейка”, што дзейнічае ва ўстанове пад кіраўніцтвам Таццяны Нікалаюк. Хлопчыкі і дзяўчынкі малявалі прыгажуню Восень, падбіраючы самыя сакавітыя фарбы, стваралі арыгінальныя вырабы з прыродных матэрыялаў, сабіралі букеты з рознакаляровага лісця. Усе праявілі свае творчыя здольнасці — у конкурсе перамагло сяброўства, а ўдзельнікі атрымалі салодкія сюрпрызы.
Крыўлянскі. Рупліўцы ААТ “Вазнясенскі” да прафесійнага свята — Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці — атрымалі не толькі грашовыя прэміі, але і прадуктовыя наборы. Такім чынам была заўважана самаадданая праца кожнага са 124 работнікаў гаспадаркі. Прадуктовыя падарункі атрымалі таксама былыя працаўнікі і жанчыны, што гадуюць маленькіх дзетак.
Азяцкі. Многія, пэўна, ведаюць шакалад “Ідэал” і неаднойчы частаваліся гэтым ласункам. У хуткім часе прадукт стане яшчэ смачнейшым, бо ў ім будзе выкарыстоўвацца натуральны кампанент, атрыманы на… жабінкаўскіх землях! Размова ідзе пра фундук, які збіраецца вырошчваць фермер Ігар Глушко. Ён ужо атрымаў у сваё распараджэнне 17 гектараў невыкарыстоўваемых земляў на тэрыторыі ААТ “Азяты АГРА” і дамову аб пастаўцы арэхаў на “Першую шакаладную фабрыку”.
Хмелеўскі. На тэрыторыі МТФ “Падлессе” ААТ “Хмелева” актыўна вядуцца будаўнічыя работы — тут узводзяцца адразу два жывёлагадоўчыя памяшканні для самых маленькіх насельнікаў фермы. Плануецца, што ў першым будуць гадавацца цяляты ва ўзросце 4-6, у другім — 6-8 месяцаў, прычым у кожным цялятніку можна размясціць да 180 гадаванцаў. Будаўнікі ПМК-10 запэўніваюць, што наваселле ў цялятак адбудзецца ўжо ў гэтым годзе.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top This site is protected by WP-CopyRightPro