Свята, якое заўжды з намі

Свята, якое заўжды з намі

9 мая 1945 года… Усё далей ад нас гэтая дата. Як бы не мянялася трактоўка гістарычных фактаў, 9 мая — Дзень Перамогі — застаецца нязменным, усімі любімым, дарагім, трагічным і журботным, але ў той жа час і светлым святам, адным з галоўных у нашай краіне.
Нават цяпер, калі мінула 67 гадоў, наўрад ці ёсць сям’я, якую б не закранула Вялікая Айчынная вайна. У аднаго ваяваў бацька, дзед, у другога — сын, муж… Мы расказваем з пакалення ў пакаленне аб іх светлым подзвігу, шануем памяць. Перадаем дзедаўскія медалі і пра кожны з іх распавядаем сваім дзецям. Адзін — за мужнасць, другі — за адвагу. Гэта наша гісторыя, гісторыя сям’і, гісторыя нашай роднай Беларусі.


У кожным горадзе да Вечнага агню 9 мая прыходзяць людзі, каб ускласці кветкі, успомніць нашых абаронцаў і герояў, хвіліну памаўчаць, і зноў сказаць дзякуй… У Жабінцы ў Дзень Вялікай Перамогі паводле традыцыі кіраўніцтва раёна, ветэраны, школьнікі, моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў сабраліся на ўрачысты мітынг ля помніка загінулым землякам. Яго адкрыў старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк.
Слова даецца кіраўніку раёна М.В.Токару, які адзначыў, што ў народнай памяці назаўжды захаваецца самаадданасць і мужнасць тых, хто вытрымаў цяжкія выпрабаванні і перамог у самай бязлітаснай вайне мінулага стагоддзя. Нашы жабінкаўцы таксама ўнеслі сваю лепту ў агульную Перамогу, змагаліся з ворагам на розных франтах, аказвалі супраціўленне акупантам у партызанскіх атрадах. Многія склалі галовы, набліжаючы пераможны майскі дзень. А колькі мірных жыхароў пацярпела! Толькі ў нашым раёне за гады вайны былі расстраляны, павешаны, замучаны, спалены каля дзвюх тысяч іх, каля 500 — выгнана на прымусовыя работы. Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара.
— На жаль, — сказаў М.В.Токар, — напярэдадні 67-ай гадавіны Перамогі ў чарговы раз робяцца спробы прынізіць значэнне Вялікай Перамогі, абяліць фашысцкіх злачынцаў, якія знішчалі мірных жыхароў, апаганьваюцца магілы і помнікі нявінных ахвяраў і савецкіх воінаў-вызваліцеляў. 7 мая сродкі масавай інфармацыі паведамілі пра акт вандалізму ў Латвіі. Невядомыя варвары разграмілі могілкі ахвяраў канцлагера Саласпілс… Упэўнены, што ў Беларусі такое не магло адбыцца, таму што наш народ вельмі добра памятае пра фашысцкія злачынствы.
Завяршаючы выступленне, старшыня райвыканкама пераканаўча дадаў, што цяперашнія пакаленні зробяць усё магчымае, каб наша краіна стала прыгажэй і багацей, каб жыццё было спакойным, мірным і шчаслівым, каб слава нашых ветэранаў — герояў Вялікай Айчыннай, жыла вечна.
З цёплымі віншаваннямі звярнулася да ветэранаў і жыхароў раёна дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.Ф.Федарук “Пройдуць гады, — гаварыла яна, — але не забудзецца подзвіг народа, які вызваліў не толькі сваю зямлю ад фашызму, але і ўвесь свет. Сёння мы нізка схіляем галовы, перад тымі, хто не дажыў да гэтай светлай даты, выказваем бязмерную прызнанасць жывым удзельнікам гэтых падзей”.
І вось ля мікрафона адзін з іх — У.Х.Саўчук. На грудзях зіхацяць узнагароды, дрыготкі ад хвалявання голас, але колькі ўпэўненасці: “Мы выстаялі! Мы перамаглі!”. Так, яны заслужылі гэтае свята — са слязамі на вачах. За 67 гадоў многае змянілася ў краіне, толькі не нашы ветэраны. Усё тыя ж добразычлівыя твары, армейская выпраўка, спрацаваныя рукі. Шкада, што з кожным годам усё менш і менш прыходзіць іх на такія ўрачыстасці. Але памяць жыве і будзе жыць пра дарагіх нашаму сэрцу людзей — дзядоў, бацькоў, сыноў, мужоў — салдат Вялікай Перамогі. І пацвярджэнне таму — выступленне дзесяцікласніцы ліцэя Кацярыны Сакалоўскай:
— Мы, маладое пакаленне, даведваемся пра вайну толькі з кніжак. І, магчыма, наша дзіцячае сэрца не да канца разумее ўсе жахі вайны. Але ўпэўнены, што забыць мінулае немагчыма.Калі забыць яго, назаўсёды закрыем дарогу ў будучыню. Сёння мы прыйшлі сюды, каб сказаць вам, дарагія ветэраны, словы падзякі і схіліць галовы перад вашай мужнасцю. Жадаем вам моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і ніколі не падаць духам.
Хвілінай маўчання ўшанавалі жабінкаўцы памяць аб тых, хто жыцці свае не шкадаваў, набліжаючы Перамогу, хто стаў прыкладам бескарыслівага служэння Айчыне. Да мармуровых плітаў помніка кладуцца кветкі ад кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый.
Пасля мітынгу людзі не спяшаліся разыходзіцца, віншавалі адзін аднаго са светлым святам, старшыня райвыканкама М.В.Токар скарыстаў магчымасць пагутарыць з ветэранамі і сфатаграфаваўся разам на памяць.
Святочная праграма, прысвечаная Дню Перамогі, далей прапаноўвала канцэрт, спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы, вечар адпачынку на танцпляцоўцы.
Святлана МІКАЛАЕВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top