Прафсаюзы назіраюць за народным волевыяўленнем

Прафсаюзы назіраюць за народным волевыяўленнем

Каб грамадскі выбар быў празрыстым і максімальна сумленным, адпаведная роля адводзіцца назіральнікам – прадстаўнікам працоўных калектываў, палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў. Вельмі адказна да гэтага паставіліся прафсаюзы, якія літаральна на кожны ўчастак накіравалі сваіх прадстаўнікоў.

Непасрэдна ў дзень выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь мы наведалі Жабінкаўскі-сельскі ўчастак, дзе акрэдытаваны ажно тры назіральнікі – вылучэнцы прафесійных саюзаў: Віктар Валасюк (ад прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу), Алег Смаршчок (ён прадстаўляў  прафесійны саюз работнікаў дзяржаўных ды іншых устаноў) і Ірына Пятручык (ад прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі). У двух апошніх  даведаліся іх ацэнку сённяшніх выбараў.

Ірына Аляксандраўна, настаўніца пачатковых класаў Якаўчыцкай школы, упершыню ў якасці назіральніка. Прапанову афіцыйна сачыць за волевыяўленнем выбаршчыкаў на Жабінкаўскім-сельскім участку атрымала ад кіраўніка свайго раённага прафсаюза Людмілы Валетавай, сябры арганізацыі яе кандыдатуру аднагалосна падтрымалі на пасяджэнні прэзідыума райкама. Ужо за дзесяць хвілін да адкрыцця ўчастку Людміла Аляксандраўна была каля дзвярэй кінатэатра “Юбілейны”, у якім месціўся ўчастак. Роўна ў 8.00 свой голас змог аддаць першы выбаршчык – вадзіцель ААТ “Жабінкаўскі” Ігар Якімчук. Асаблівасць Жабінкаўскага-сельскага ўчастка, як заўважыла старшыня камісіі Ганна Плытнік, у тым, што ён ахоплівае не толькі вуліцы Палявая і Каліноўскага на ўскрайку райцэнтра, але й сельскія населеныя пункты Навасады, Нагараны, Пшанаі, Рачкі, Сенькавічы, Зеленкаўшчызну, колішнія вёскі Здзітава і Курпічы, Сцяброва і Шчэглікі, а вяскоўцы традыцыйны ахвотней за гараджан скарыстоўваюць сваё права на датэрміновае галасаванне.

Алег Смаршчок у выбарчы дзень наведаў таксама Якаўчыцкі ўчастак, на які ён быў накіраваны назіральнікам ад ГА «Белая Русь», дзе папярэдне прагаласавала значная колькасць жыхароў.

Увогуле, яўкай Алег Анатольевіч задаволены, лічыць, што “народ праяўляе актыўнасць, а датэрміновае галасаванне карыснае для людзей, якія пазней могуць планаваць свой выхадны дзень”.

У ацэнках назіральнікі выказваюць супольную думку: “Усё, што бачым на выбарчым участку, робіцца дакладна, парадак правядзення галасавання адпавядае заканадаўству, заўваг або сур’ёзных пярэчанняў ад выбаршчыкаў не назіралася, кожны, хто хацеў, змог выканаць свой грамадзянскі доўг”.

Антон БЕРАСТОК

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top