Каб часцей зіхацелі медалі, а не слёзы

Каб часцей зіхацелі медалі, а не слёзы

Патрыятызм — не проста слова, упэўнены ў трэцяй гарадской школе. Найперш — гэта справы, зробленыя без прынукі, у захапленні. Канечне, рухаюць патрыятычныя акцыі не толькі прага да ведаў і павага да роднага краю, але й элементы гульні, спаборніцтваў. Гэта абуджае цікавасць, шырэй адчыняе для дабрыні шчырыя дзіцячыя сэрцы. Кожная справа — запамінальная, таму расказваюць пра іх у СШ №3 з задавальненнем.
Прыгожа гучыць матыў, які накіроўвае школьнікаў на добрыя справы:
— Хочам, каб часцей зіхацелі медалі на грудзях ветэранаў, а не слёзы на іх вачах.
Адзінаццаць удзельнікаў Вялікай Айчыннай “прапісаны” ў школе. Ставяцца да іх, нібыта да сваіх, родных. І не толькі ў святочныя дні ладзяцца вучнёўскія сустрэчы з тымі, “хто мір адстаяў сярод жорсткай вайны”. Клопатам маладых агорнута былая настаўніца Ганна Пракопаўна Давыдоўская, школьнікі заўсёды рады пачуць расповяды пра баявы шлях і пасляваеннае жыццё  ад Аляксандра Усцінавіча Завяржэнца. Не прамінулі яны павіншаваць з Днём пажылых людзей Уладзіміра Архіпавіча Кірылюка, уручылі сувеніры на Міжнародны дзень валанцёраў Васілю Захаравічу Ганчуку. Вось і цяпер, у перадсвяточныя дні, валанцёрскі атрад раённага аддзялення Беларускага Чырвонага Крыжа “Добрыя сэрцы” пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Юліі Канапліцкай наведаў усіх без выключэння заслужаных ветэранаў. А педагог-арганізатар Людміла Валетава арганізавала вучняў 6-8 класаў на акцыю “Са святам, ветэраны!” Заслужаныя людзі, якія годна прайшлі праз ліхалецце і дасюль яшчэ актыўныя ў грамадскім жыцці, атрымалі з дзіцячых рук рознакаляровыя паштоўкі з пажаданнямі даўгалецця, здароўя, шчасця. А яшчэ — падарункі да святочнага стала, купленыя валанцёрамі.
Святочныя мерапрыемствы праходзяць ужо не адзін тыдзень. Прынамсі, у канцы красавіка амаль 250 навучэнцаў СШ №3 з цікавасцю наведалі перасоўную выстаўку “Мы для Перамогі нічога не шкадавалі”, арганізаваную ў іх школе супрацоўнікамі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
Традыцыйна ў цэнтры горада ладзіцца Вахта Памяці. Ля помніка воінам-вызваліцелям і партызанам, што склалі свае галовы ў 1941-1944 гадах у барацьбе за свабоду, выстаўляецца ганаровы каравул. 7 мая чацвёртакласнікі ў час ганаровай цырымоніі ў гэтым святым для кожнага жабінкаўца месцы прыняты ў піянеры, а вучні 9 і 10 класаў сталі сябрамі ГА “БРСМ”. Хлопчыкам і дзяўчынкам з 4 “Г”, якія вызначаюцца поспехамі ў вучобе і прыкладнымі паводзінамі, гэтыя дні, бясспрэчна, запомняцца на ўсё жыццё. Разам з класным кіраўніком Аксанай Клундук яны наведалі горад над Бугам. Чырвона-зялёныя гальштукі юным жабінкаўцам былі павязаны ля сцен легендарнай Брэсцкай крэпасці-герой.
10 мая дзесяцікласнікі трэцяй гарадской будуць вітаць у сябе гасцей. Самае пачэснае месца — ветэранам, запрошаным на літаратурна-музычную кампазіцыю “Яны былі маладымі”, падрыхтаваную самадзейнымі юнымі артыстамі.
У нашых вуліц слаўныя імёны. Пра гэтую аксіёму добра ведаюць удзельнікі праекта “Край мой, Белая Русь”. Яны не толькі прыбіралі ля помнікаў па вуліцах Фядзяя і Чарнака, але вывучалі біяграфіі герояў вайны. З асаблівым клопатам дзеці добраўпарадкавалі месца масавага растрэлу мірных грамадзян на вуліцы Міру, прайшлі экалагічнымі сцежкамі краю, пападарожнічалі па славутых гістарычных мясцінах Беларусі: ад Брэсцкай крэпасці і старажытнага Кобрына да славутых палацаў і замкаў у Міры і Нясвіжы. А вось апошняя справа, што захапіла вучняў. У школе аб’яўлены фотаконкурс. Свой погляд на свет, у якім жывем, прадставілі ўжо амаль паўсотні ўдзельнікаў. Прыгожай, загадкавай і велічнай паўстае родная зямля на фотаздымках маладых жабінкаўцаў!
І яшчэ адна радасная навіна, якой падзялілася завуч у выхаваўчай працы Галіна Бурко: нядаўна падведзены вынікі першага этапу рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “Пасябруем са спортам”. Адразу чацвёра вучняў школы — Руслан Паўлючук, Юлія Урбан, Таццяна Расохіна, Дар’я Давідчык — атрымалі за ўдзел у мастацкім спаборніцтве дыпломы і мяккія цацкі ад грамадскага аб’яднання “Прэзідэнцкі спартыўны клуб”. Да гэтага поспеху маладых мастакоў прывяла настаўніца выяўленчага мастацтва Лідзія Чарота. Віншуем з перамогай!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: настаўніца СШ №3 г.Жабінка Л.М.Чарота са сваімі выхаванцамі — пераможцамі конкурсу на спартыўную тэматыку.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top