Іх было восем,

або Гераічная трагедыя каля Палявой Рэчыцы


Май 1967 года. У райкам КПБ, дзе я працаваў загадчыкам аддзела прапаганды, зайшоў вясковец з Палявой Рэчыцы Рыгор Марчук. Прывяло яго пачуццё абавязку — паведаць пра гераізм жменькі байцоў Чырвонай Арміі, каб разам з уладамі і грамадскасцю ўвекавечыць памяць пра іх, загінулых у няроўным баі. Яго расповед узрушыў нас.
У канцы першага дня вайны, 22 чэрвеня, у вёсцы Палявая Рэчыца паявіўся атрад чырвонаармейцаў з гарматаю, якую цягнула шасцёрка коней. Яшчэ на адным кані, асобна, ехаў камандзір, а ўсяго ў атрадзе было восем чалавек. Далёка за вёскаю грымелі выбухі, гэта нямецкія самалёты бамбілі нашы танкавыя калоны, што ішлі з Пружанаў на падмогу Брэсцкаму гарнізону. Акупанты маглі нахлынуць сюды ў любы момант, дык людзі пачалі прасіць вайскоўцаў не падстаўляць пад агонь вёску і яе жыхароў. І што ж? Камандзір аддаў загад, і неўзабаве атрад пакінуў іх, рушыў на Усход.
А праз якую гадзіну вяскоўцы пачулі: метраў за трыста адсюль грымнуў бой. Ён быў нядоўгі, але жорсткі, зацяты, байцы стаялі насмерць і дорага аддалі свае жыцці: падбілі два варожыя танкі, аўтамашыну, некалькі матацыклаў і нават самалёт (гармата ў іх была хутчэй за ўсё зенітная). Фашысты самі пахавалі сваіх праціўнікаў і паставілі бярозавы крыж з надпісам “Acht russische Soldaten” (восем рускіх салдат).
Заўважу, што на пачатку вайны яны паступалі так нярэдка: на храбрасці патрыётаў-абаронцаў выхоўвалі сваіх салдат-захопнікаў. Скажоная мараль! Але сам факт храбрасці бясспрэчны: жменька нашых байцоў магла і не распачынаць бою, схавацца ў лесе, разбегчыся, здацца, у рэшце рэшт, у палон. Не разбеглася, не схавалася — загінула смерцю герояў, а перад тым адвяла пагрозу ад мірнага насельніцтва.

Геройства пацвердзілі жыхары Палявой Рэчыцы, з кім мы — старшыня райвыканкама Адольф Аболін, загадчык райана Пётр Іванцоў і я — сустрэліся ў гэтай лясной вёсцы. На сустрэчу прыйшлі зноў жа Рыгор Марчук, былы партызанскі сувязны Ульян Дулевіч — чалавек дзесяць, усіх не памятаю. Яны паказалі поле бою і там жа магілу. Яна была пасыпана белым пяском і пакрыта пяцікутнаю зоркаю з сасновых шышак — хтосьці даглядаў яе. У той жа год было вырашана зрабіць раскопкі і перазахаванні. Магіла была квадратная, два на два метры, і неглыбокая — да метра, так што адкапаць целы было нескладана. Знайшлі некалькі металічных рэчаў і камандзірскую сумку з алоўкамі. Медальёнаў, дакументаў або хаця б якіх-небудзь надпісаў на рэчах не аказалася, і кожны з васьмі герояў застаўся безыменным.
Перазахавалі рэшткі байцоў у некалькіх дамавінах у новай брацкай магіле паблізу вёскі каля шашы. Разам з імі — астанкі яшчэ трох чырвонаармейцаў, таксама невядомых, і партызана Антона Васільевіча Шульгана, чые магілы знаходзіліся ў іншых мясцінах непадалёку. Цырымонія перазахавання прайшла з удзелам работнікаў райвыканкама і райкама партыі, камісараў Жабінкаўскага і Камянецкага ваенкаматаў, супрацоўнікаў міліцыі, старшакласнікаў школы-інтэрната нашага горада, салдат вайсковай часці, што стаяла ў Жабінцы. Адбыўся кароткі мітынг, прагучаў воінскі салют.
Замест ранейшай бетоннай стэлы са шкляной жалобнай стужкай пазней быў пастаўлены цяперашні гранітны помнік, а догляд памятнай мясціны перададзены дарожнікам. Днямі, напярэдадні свята Перамогі, мы з журналістамі раёнкі пабывалі там. Мясціна ўпарадкаваная, каля помніка — некалькі вянкоў, а на магіле цвітуць ландышы.
Васіль ШЫШЧЫЦ, старшыня раённага савета ветэранаў.
На здымках: дзесьці там загінулі восем герояў; помнік на брацкай магіле каля Палявой Рэчыцы.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top