Быў сувязістам

Быў сувязістам


Вайна… Колькі трагізму і жаху схавана ў гэтым крывавым слове. Колькі бязвінных жыццяў абарвалася ў жорсткіх схватках за свабоду Радзімы. Колькі крыві пралілося ад варожага насілля.
Нам, хто жыве ў ХХІ стагоддзі, складана нават уявіць сабе праз якія выпрабаванні прайшлі ўдзельнікі яе. Ды і ў іх парою не хапае слоў, каб апісаць перажытае. Толькі боль і слёзы… Горкая памяць і душэўныя раны…
Маю сям’ю, як і тысячы іншых, вайна не абышла бокам. Стрыечны дзядуля Уладзімір Кірылавіч Скачыкоўскі быў удзельнікам той жорсткай і кровапралітнай вайны. І цяпер, праз многа гадоў, ён са слязамі на вачах расказвае пра жорсткія выпрабаванні ў фашысцкае ліхалецце і свае франтавыя дарогі.
Нарадзіўся Уладзімір Кірылавіч у Вялікіх Сяхновічах, атрымаў пачатковую адукацыю: да вайны закончыў толькі шэсць класаў. У сям’і, акрамя яго, было яшчэ двое дзяцей. І для таго, каб выжыць, неабходна было многа працаваць, ва ўсім дапамагаць бацькам, нават у вядзенні хатняй гаспадаркі.
І вось 22 чэрвеня 1941 года… Вайна… Цяжкі акупацыйны час, а ў верасні 1944 года пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў ён атрымаў позву і трапіў на чацвёрты Украінскі фронт. Прывезлі навабранцаў у ваенны гарадок Луга, што недалёка ад Ленінграда. “Гарадок быў разбураны ў пух і прах, але менавіта тут нам давялося спыніцца на першым часе, — расказаў Уладзімір Кірылавіч. — Два тыдні салдаты пражылі ў казармах, праходзілі курс маладога байца ў максімальна прыбліжаных умовах да франтавых, вывучалі ваенную зброю. Праз некаторы час перайшлі зімаваць у зямлянкі. Камандаванне да нас адносілася добра, усяляк падбадзёрвала: “Цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі”, — штораз паўтаралі камандзіры. І салдаты рваліся ў бой…”.
Напрыканцы лютага 1945 года новае папаўненне забралі на фронт. Уладзімір Кірылавіч трапіў у шаснаццаты вучэбна-запасны полк 180-ай цяжкай артылерыйскай брыгады. Першапачаткова ён быў прызначаны наводчыкам гарматы, затым атрымаў воінскае званне сувязіста і да канца вайны быў ім.
На цягніку салдат давезлі да мястэчка Кросна, што знаходзілася ў дваццаці кіламетрах ад Кракава. І “гарматы да бою!”. Тут дзядуля капаў першыя акопы, упершыню адчуў пах пораху і прыняў першы бой. Ён расказваў, што па нямецкіх пазіцыях вёўся шквальны агонь. Адным залпам з усіх відаў гармат выпускалася каля 200 тысяч снарадаў. Пасля артпадрыхтоўкі група салдат, сярод якіх быў дзядуля, ішла ў разведку і адначасова цягнула палявы кабель для сувязі з камандаваннем. Калі сувязістамі паведамлялася, што немцы адступаюць, войскі рухаліся ўперад, да галоўнай мэты — Прагі (менавіта там былі сканцэнтраваны вялікія сілы, што рыхтаваліся да схваткі з ворагам у яго логаве).
“Пасля кожнай атакі мы бачылі многа забітых немцаў”, — успамінаў дзядуля.
Быў у жыцці салдата-сувязіста вельмі небяспечны эпізод, калі давялося пад абстрэлам ліквідоўваць парыў тэлефоннага кабелю. Салдат ішоў уздоўж пракладзенага кабелю па адкрытым полі і адшукваў пашкоджанне, трапіў пад абстрэл праціўніка, нават чуў свіст куляў, што праляталі ў некалькіх міліметрах ад яго. На шчасце, ён не быў паранены, таму што ў самы небяспечны момант яго выратавала варонка ад снарада, у якой схаваўся. Калі агонь заціх, ён перабежкамі рухаўся далей. Знайшоў месца парыву і наладзіў сувязь, тым самым змог скаардынаваць агонь на праціўніка.
Крок за крокам набліжаліся савецкія войскі да Берліна. На шляху да перамогі Уладзімір Кірылавіч, як сувязіст, прайшоў праз Польшчу, Венгрыю, Румынію, Чэхаславакію, Бесарабію, Югаславію. Але да Берліна яму не давялося дайсці. Яго вайсковая часць спынілася ў Чэшскім горадзе Калене, які знаходзіўся на Эльбе. Менавіта там ён быў у час узяцця Берліна.
І вось доўгачаканая перамога! Лікаваннямі і са слязамі радасці на вачах сустрэлі байцы перамогу, да якой ішлі, губляючы сяброў.
Мужнасць і смеласць Уладзіміра Кірылавіча Скачыкоўскага, якія былі ягонымі спадарожнікамі пад час вайны, адзначаны ордэнам “Вялікай Айчыннай вайны”, медалямі “За адвагу” і “За перамогу над Германіяй”.
Пасля разгрому фашыстаў ён даслужваў тэрміновую службу на казахскіх прасторах, каля года працаваў на будоўлях па ўзнаўленні Мінска, а калі вярнуўся дадому, узяўся за хатнюю гаспадарку… Цяпер, у свае 88, ён памаленьку шчыруе на сваім прысядзібным участку ў Баляўшчыне, з радасцю сустракае 67-ую гадавіну Вялікай Перамогі.
Кацярына СКАЧЫКОЎСКАЯ, унучка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top