Час наперад рухалі людзі

Час наперад рухалі людзі

Сёлетні год святочны для Брэстчыны. Многія ведаюць: 4 снежня трыццаць дзявятага – час узнікнення вобласці. І ўсё ж ёсць сэнс разам прыгадаць яшчэ адну значную гістарычную падзею. 8 студзеня яна прайшла амаль незаўважана. А між тым у гэты дзень 65 гадоў назад адбылося істотнае ўзбуйненне рэгіёна і Брэсцкая вобласць дасягнула сённяшніх межаў.

 

РАЗВІЦЦЁ КРАЮ стала магчымым толькі дзякуючы вызваленню, што прыйшло на нашу зямлю ў ліпені сорак чацвёртага. Ачышчаная ад ворага Брэстчына пакрысе ўставала на шлях адраджэння. У першую чаргу аднаўляліся аб’екты, неабходныя для нармальнай жыццядзейнасці, у іх ліку электрастанцыі і чыгунка (дарэчы, прыклад астатнім паказвала Жабінкаўская дыстанцыя пуці).

Ужо праз год у абласным цэнтры ў літаральным сэнсе ажылі больш за два дзясяткі прадпрыемстваў, галоўным чынам харчавання, фабрыкі па выпуску тавараў народнага спажывання і бытавога абслугоўвання. У кароткі тэрмін закончылася аднаўленне Брэсцкага чыгуначнага вузла, лесазавода, гарадскога водаправода.

Такім чынам першая пасляваенная пяцігодка цалкам была скіравана на аднаўленне разбуранага краю. Запрацавалі такія важныя прамысловыя аб’екты, як Брэсцкі тэхнічны завод, цеплаэлектрацэнтралі ў Баранавічах і Пінску, у Жабінцы, так бы мовіць, “увайшоў у каляю” чыгуначны вузел ды многае іншае. У выніку ўжо да 1948 года Брэсцкая вобласць дасягнула даваеннага ўзроўню вытворчасці. Акрамя традыцыйных, нараджаліся новыя галіны: суднабудаўнічая і ліцейная, трыкатажная і паліўная, выраб будаўнічых матэрыялаў. Разам з тым, гэта час масавай калектывізацыі, якая ўвасобілася ў стварэнні шматлікіх калгасаў і сельгасарцеляў, якіх толькі на Жабінкаўшчыне налічвалася напрыканцы 1940-х ажно 97.

Знакавым для гісторыі Брэстчыны стаў пачатак 1954 года, калі адбылося ўзбуйненне вобласці. Яна значна павялічылася. Гэта адбылося за кошт далучэння земляў Пінскай і часткова Баранавіцкай абласцей. Такім чынам, рэгіён дасягнуў на адміністрацыйнай карце сённяшніх памераў.

На змену пасляваеннаму адраджэнню ў 60-70-я гады прыйшоў час тэхнічнага развіцця. У гэты перыяд надзвычайна шпарка ўзводзіліся прамысловыя прадпрыемствы, многімі з іх і цяпер ганарыцца Беларусь. Дзеля гэтай сапраўднай індустрыяльнай рэвалюцыі патрабаваліся грошы і вельмі значныя. Таму з саюзнага і рэспубліканскага бюджэтаў на развіццё Брэстчыны былі выдаткаваны каласальныя па тых часах сродкі – без малога 200 мільёнаў рублёў. І што характэрна, найбольш пільная ўвага скіроўвалася на паскоранае развіццё прамысловых галін, што вызначалі тэхнічны прагрэс, – энергетыку, хімічную прамысловасць, машынабудаванне.

Адной з буйных новабудоўляў вобласці стаў Баранавіцкі баваўняны камбінат, які выпусціў сваю першую прадукцыю восенню шэсцьдзясят трэцяга.

У гэты самы час і наша Жабінка стала індустрыяльнай. Сапраўдным гонарам вобласці дый усёй краіны стаў Жабінкаўскі цукровы завод. Вось ужо 55 гадоў нашы цукравары ствараюць салодкую прадукцыю, вядомую ва ўсім свеце. Узнікненне завода падштурхнула развіццё Жабінкі і наваколляў, вельмі паспрыяла аднаўленню Жабінкаўскага раёна ў ліпені 1966-га.

Асаблівае месца адводзілася будаўніцтву Бярозаўскай ГРЭС, якая ўжо ў 1965 годзе ў шмат разоў пераўзыходзіла магутнасці ўсіх электрастанцый даваеннай Беларусі. Вакол гідраэлектрастанцыі хутка вырас Белаазёрск – самы малады горад Брэстчыны. (Дарэчы, першы каменьчык у аснову паселішча сімвалічна быў закладзены 28 ліпеня 1964 года – у дзень 20-годдзя вызвалення Брэстчыны ад захопнікаў).

Новы значны крок у сваім індустрыяльным развіцці зрабіў Пінск, дзе запрацавалі завод штучных скур і трыкатажны камбінат.

За гэтыя гады прыкметна змяніўся і сам абласны цэнтр. У яго ўсходняй частцы вырас новы прамысловы вузел, паўсталі карпусы электралямпавага і электрамеханічнага заводаў, быў пабудаваны дывановы камбінат, наладзілася вытворчасць газавых пліт (сённяшні знакаміты “Гефест”), развіваліся чыгуначны вузел і рачны порт, што злучылі Брэст, які знаходзіцца далёка ад мора, з многімі краінамі свету.

Брэсцкая вобласць стала вядомай і дзякуючы перадавой сельскагаспадарчай вытворчасці. Да найбольш знакамітых калектыўных гаспадарак, чыя слава сапраўды грымела далёка за межамі Беларусі, адносіліся “40 гадоў Кастрычніка” на Століншчыне, “Аснежыцкі” на Піншчыне, “Савецкая Беларусія” на Камянеччыне. Старшыні двух апошніх калгасаў Уладзімір Ралько і Уладзімір Бядуля сталі двойчы Героямі Сацыялістычнай Працы.

Сваімі земляробамі і жывёлаводамі вызначалася і Жабінкаўшчына, дзе быў створаны саўгас “Рагазнянскі”, узначалены Мікалаем Прасмыцкім (сёння імя былога дырэктара красуецца сярод __анаровых грамадзян раёна). Сельгаспрадпрыемства пры ім стала адным з нямногіх на абшарах Савецкай краіны, што атрымала ўрачыстую назву “Імя 50-годдзя СССР”.

Падвядзем вынікі пасляваенных дзесяцігоддзяў. Галоўнае ў тым, што Брэстчына ў гэты час з аграрнай ператварылася ў аграрна-прамысловую вобласць. Нездарма ў 1967 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР наша вобласць была ўганаравана ордэнам Леніна. Гэтай высокай узнагародай былі адзначаны шматлікія поспехі соцень тысяч берасцейцаў, якія сваёй супольнай працай рухалі час наперад…

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара

На здымку: 1960-я – час нараджэння буйнейшага прадпрыемства краю – Жабінкаўскага цукровага завода.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top