Ксенія Данілаўна Кудзіна — ветэран Вялікай Айчыннай вайны

Ксенія Данілаўна Кудзіна — ветэран Вялікай Айчыннай вайны

Моцнай волі чалавек

Усё далей мы адыходзім ад вайны, ад агню і чорнага дыму пажарышчаў, ад сумных твараў матуляў і плачу абяздоленых дзяцей. На жаль, усё менш тых, хто заваяваў светлую Перамогу. Час, які бяжыць у будучыню, адносіць у небыццё вялікія і звычайныя з’явы жыцця, іх удзельнікаў і сведак. Мала іх засталося і ў нас на Жабінкаўшчыне.
Але самыя загартаваныя і фізічна моцныя працягваюць жыць і радаваць нас. Сярод іх шаноўная ветэранка Ксенія Данілаўна Кудзіна, якая пасля 1944 года засталася ў нашым раёне, хоць нарадзілася на Магілёўшчыне. Пасля школы паступіла ў Шклоўскую спецшколу медыцынскіх сясцёр, дзе атрымала дыплом фельчара і была накіравана на працу ў ваенны шпіталь Заходняй Беларусі. Ён знаходзіўся ў горадзе Цеханавец. У маі 1940 года ёй было прысвоена званне “Лейтэнант медыцынскай службы”. Вясной 1941-га дзяўчына сустрэла сваю палавінку і выйшла замуж за ваеннага лётчыка. Была пераведзена на месца службы мужа ў Выбарг, а потым у мястэчка Кельпініокі ў 147-мы стралковы полк саніструктарам санчасці. Усё ладзілася ў маладой сям’і, але вайна навісла над краем і застала Ксенію Данілаўну на працы ў санчасці.
Неўзабаве ўсіх медыцынскіх работнікаў сабралі ў Ленінградзе, дзе фарміраваўся санітарны цягнік №36, які павінен быў падбіраць параненых салдат. На жаль, у першыя дні вайны ён быў разбіты, загінула многа людзей у белых халатах. Супакойвала медыкаў яшчэ і тое, што цягнік не паспеў падабраць параненых з фронту, таму што не дайшоў да яго. А значыць, ахвяраў было б яшчэ больш. Пасля разгрому начальнік цягніка сабраў персанал і сказаў, каб дабіраліся самастойна ў свае часці, хто як можа. З беларусаў у санітарным цягніку Ксенія Данілаўна была адна. Ад станцыі Чырвоная яна стала дабірацца дадому, прыйшла ў вёску Цяцерана, але на яе маленькай радзіме былі ўжо немцы.
Пазней маладая жанчына даведалася, што ў раёне дзейнічае камсамольская арганізацыя, амаль усе аднакласнікі звязаны з падполлем, як могуць змагаюцца супраць ненавісных акупантаў і іх памагатых. Маладзіца, вярнуўшыся ў родны дом, наладзіла з імі сувязь. Але знайшліся здраднікі. І ў пачатку жніўня 1942 года камсамольская арганізацыя была выдадзена ворагу правакатарам. Мала каму ўдалося пазбегнуць аблавы. Ксенія Данілаўна з некаторымі камсамольцамі пайшла ў партызанскую брыгаду, якая базіравалася ў круглянскім лесе, і кіраваў ёй кадравы афіцэр, палкоўнік Сяргей Георгіевіч Жунін. На гэты час у маладой жанчыны была ўжо дачушка Галіна, якую давялося пакінуць на руках у маці. Сама ж Ксенія імкнулася змагацца з ворагам, каб хутчэй вызваліць зямлю ад акупантаў і сустрэць свайго мужа, каб прадоўжыць шчаслівае жыццё.
Дзеянні брыгады распаўсюджваліся на Круглянскі, Бялыніцкі і Талачынскі раёны. Потым брыгаду Жуніна, у якой налічвалася пяць атрадаў, накіравалі рэйдам у Баранавіцкі і Пінскі раёны Брэстчыны.
30 ліпеня 1944-га для Ксеніі Данілаўны Кудзінай закончылася вайна. Пасля ўз’яднання з другім Беларускім фронтам уся брыгада пайшла далей, а 25 чалавек райкам партыі накіраваў на аднаўленне народнай гаспадаркі Жабінкаўшчыны. Партызанка-медык трапіла ў медыцынскую сферу.
Крышку з гісторыі медыцыны. Першы медыцынскі пункт, дарэчы, у Жабінцы з’явіўся ў 1939 годзе, у якім пачаў працаваць урач Зданевіч, раней была прыватная амбулаторыя, уладальнікам якой быў Лясота, які таксама вёў прыём хворых. Да вайны ў Азятах была польская бальніца на 25 ложкаў і адзін урач. Пры адступленні яе спалілі немцы.
Для ўзнаўлення медыцынскага абслугоўвання на Жабінкаўшчыне і прыехалі маладыя медыкі. Імі быў арганізаваны райздраў і амбулаторыя. Першай загадчыцай райздрава стала Аляксандра Фёдараўна Чмароцька, загадчыцай амбулаторыі Ксенія Данілаўна Кудзіна. Былі і ўрачы. Усе яны аднавілі работу Чырвонага Крыжа, затым адчынілі бальніцу на 30 ложкаў, раддом на 5 ложкаў, аптэку, зубны кабінет. “Спачатку было вельмі цяжка: не хапала медыкаментаў і абсталявання, але паступова ўсё станавілася на свае месцы”, — расказвала Ксенія Данілаўна.
Такім чынам, усё яе далейшае жыццё звязана з Жабінкаўшчынай, дзе 35 гадоў яна аддала працы ў раённай бальніцы, была медыцынскай сястрой і ў санаторыі “Буг”.
Сёлетні год для шаноўнай ветэранкі юбілейны. У снежні ёй споўніцца 90. Яна, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, не страціла сваёй дзеяздольнасці і прафесіяналізму. Да яе і цяпер прыходзяць вяскоўцы, каб памерала ціск ці зрабіла ўкол. Рука ў жанчыны вопытная, цвёрдая і непадуладная гадам. У яе да цяперашняга часу цвёрдасць голасу, сіла волі і невычэрпны аптымізм. Ксенія Данілаўна лічыць, што трэба думаць пра будучае, а мінулае ўсхваляць у вершах, песнях, ганарыцца ім, шанаваць. Спадзявацца трэба толькі на будучае.
Франтавая праца санінструктара адзначана ордэнамі “Айчыннай вайны І-ай і ІІ-ой ступеняў”, медалямі “За баявыя заслугі”,  “Партызану Айчыннай вайны”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.”. Гэтыя ўзнагароды ўпрыгожваюць грудзі шаноўнай ветэранкі ў светлыя святы. Яны навяваюць успамін аб аднапалчанах-партызанах, аб цяжкіх, але гераічных ваенных дарогах, аб былых калегах, аб працоўным энтузіязме, які панаваў у пасляваенныя гады.
Лідзія БАРАДЗІНА, наш няштат. кар.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Здравствуйте, пишу вам только потому что не знаю как заглушить боль на сердце, просто хочу поплакаться, обида мне не дает покоя. Моя мамочка, о которой вы написали в этой статье ушла из жизни 26 января 2013 года. О ее смерти было сообщено в военкомат. Человек она заслуженный, прожила нелегкую жизнь, имеет множество боевых наград. На все праздники приглашали на митинги, теперь думаю для галочки. Таких людей надо хоронить с почестями, а у нас пришлось просить местных алкашей вынести тело, вынесли бы внуки, да говорят родственникам нельзя.Вот вам и патриотическое воспитание, наглядный пример безразличия для молодежи. Участи приняли только коллеги по работе, учителя школы. Им низкий поклон.

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top