Голас за таго, каму веру

Голас за таго, каму веру

Лічаныя дні застаюцца да часу, калі адбудуцца чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Краіна на парозе галоўнай палітычнай падзеі года. Што думаюць пра гэта жабінкаўцы, ці гатовыя яны прыйсці на выбарчыя ўчасткі, каб аддаць свой голас за таго ці іншага кандыдата, а галоўнае — чаго чакаюць ад будучага? З такімі пытаннямі карэспандэнт “СП” звярнуўся да землякоў.
Вольга ГУРЫШ:
— Пайду на выбары абавязкова, без усялякіх ваганняў. Днямі была на сустрэчы з адным з кандыдатаў у дэпутаты, даведалася пра планы развіцця любімай Жабінкі і ўсяго раёна, размова аказалася вельмі змястоўнай і цікавай. Надзвычай важна мець магчымасць данесці свае думкі і пажаданні да самага верху, і ў гэтым ролю дэпутатаў, якіх нездарма называюць народнымі абраннікамі, цяжка перабольшыць. Яны — пасрэднікі паміж урадам і простымі людзьмі. Веру, з іх дапамогай жыццё можа палепшыцца і ў нашым маленькім цудоўным горадзе, і ва ўсёй сінявокай Беларусі. Увогуле, люблю дзень выбараў, які памятаю яшчэ з дзяцінства, калі ўзнікаў узнёслы, святочны, нават урачысты настрой. Сёлета ў чарговы раз далучуся да гэтай важнай падзеі. На ўчастак для выбараў, як заўсёды, планую прыйсці ўсёй сям’ёй, разам з мужам Дзмітрыем і дзецьмі — 13-гадовым Ігнаціем ды Анюткай, якой споўнілася восем. Няхай і яны, як некалі я, запомняць гэты дзень надоўга!
Аляксандр (фатаграфавацца адмовіўся):
— Добра, што кандыдатаў некалькі, прадстаўлены розныя погляды, меркаванні на наша далейшае жыццё. А значыцца, у людзей будзе выбар (на тое ж і выбары, каб ён быў!). Уважліва прачытаў біяграфіі кандыдатаў, пазней і з праграмамі пазнаёмлюся (час яшчэ ёсць). Хоць для сябе ўжо вызначыўся, за каго аддам голас. Мабыць, агучваць прозвішча свайго абранніка нельга, каб не палічылі за агітацыю. Няхай кожны самастойна ўсё ўзважыць, а потым ужо ставіць свой значок у бюлетэні.
Мікалай КАНДРАЦЮК:
— Пакуль здароўе дазваляе, вядома ж, на выбары пайду. Перад камісіяй будзе сорамна, калі ім давядзецца да мяне на дом везці скрыню (смяецца). Што такое мае 70 гадоў — яшчэ зусім не стары, уласнымі нагамі датупаю! Нам, людзям старэйшага пакалення, былой загартоўкі, выконваць грамадзянскі доўг звыкла, натуральна. Мы да гэтага жыццём прывучаныя. З дзяцінства памятаю, як бацька, інвалід вайны ды калгасны брыгадзір, з выбарчай скрыняй хадзіў па хатах. Тады выбары заўсёды прызначалі на зімовую пару, надвор’е было найчасцей завейнае, снежнае, а вакол нашага Залуззя — безліч хутароў, куды дабрацца было, ой, як няпроста. Памятаю, як прыкладна ў шасцідзясятым годзе людзей з суседніх Панцюхаў, каб тыя прагаласавалі, прывозілі на вялікіх санках, а цягнуў іх гусенічны трактар. І пры гэтым яны спявалі, жартавалі — сапраўднае свята адчувалі. Калі ж спатрэбілася сабраць вынікі выбараў, ваенныя дапамаглі, прыехаўшы на бронетранспарцёры па бездарожжы ды глыбокім снезе… Вось як было! А цяпер свой грамадзянскі доўг выканаць зусім простая задачка: узніміся з канапы, не палянуйся, прыйдзі на ўчастак! Тым больш, што і датэрмінова можна аддаць свой голас.
Наталля БАЛЮК і Юлія НАЗАРАНКА (у асноўным распавядала Юля, шматдзетная маці):
— Хто ж будзе выбіраць, калі не мы? Гэта, як ні паглядзі, важны грамадзянскі доўг, які трэба аддаць на карысць найперш нашых дзяцей. У мяне іх трое (гуляю з наймалодшай Кацярынкай), а ў Наташы — першаніца Палінка. Хацелася б перамен. І абавязкова ў лепшы бок. У нас пакуль ціха-мірна, але разумею, наколькі трывожны і непрадказальны гэты свет. Таму, калі шчыра, крыху непакоюся за будучыню, першыя мае думкі пра дзяцей. Мару даць ім добрую адукацыю, каб у будучым атрымалі годную запатрабаваную прафесію, ну і заробак, адпаведна. Каб дыплом не пыліўся на паліцы, а прыносіў карысць. Усё гэта таксама ў руках народных абраннікаў, якія павінны пісаць карысныя законы, думаючы пра нас. Таму голас свой не пакіну за сабой, аддам за кандыдата, якому веру.
Апытваў і фатаграфаваў Анатоль РОСТАЎ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top