Ніякай прыхаванай рэкламы

Ніякай прыхаванай рэкламы

28 кастрычніка ў Мінску, у штаб-кватэры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ладзіўся форум. Амаль паўтары сотні журналістаў з усіх рэгіёнаў абмяркоўвалі, як патрэбна асвятляць сёлетнюю галоўную грамадска-палітычную падзею — выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны.

РАЗГОРНУТУЮ КАРЦІНУ таго, як друкаваныя і электронныя сродкі масавай інфармацыі ўплываюць на фарміраванне погляду на выбарчую кампанію абмаляваў першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі. Ён упэўнены: павінны захоўвацца роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў, што ўступілі на няпросты шлях барацьбы за атрыманне гордага і адказнага звання народнага абранніка. Дарэчы, на сённяшні дзень ніхто з кандыдатаў не скардзіўся, што СМІ адмаўляюць або перашкаджаюць ім давесці свае погляды да людзей. Павел Мікалаевіч папярэдзіў, каб ні ў якім разе на папяровых старонках ці сайтах газет, у тэлеперадачах не з’яўлялася прыхаваная рэклама. Прынамсі заўважыў: “У час кампаніі не патрэбна змяшчаць партрэты кандыдатаў на паўпаласы ды спяваць ім хвалебныя оды”. Нарэшце, патрэбна даносіць да людзей простую, але надзвычай важную думку: неабходна ісці на выбары, каб потым не жаліцца, што нехта іншы зрабіў выбар за вас. Для Паўла Лёгкага журналісцкая справа — зусім не чужая (ён і сам калісь працаваў у СМІ), а таму разумее, выбачайце за каламбур, наколькі яна нялёгкая. Разам з тым, заўважыў прамоўца, “пра людзей трэба пісаць па-людску”, у дэталях, цікава, па-сапраўднаму “смачна”. Аналізуючы некаторыя тэксты, змешчаныя ў раёнках, бачыш: ёсць праблема, і яна не столькі ў колькасці матэрыялаў, колькі ў якасці. А гэта адна з прычын, чаму выданні губляюць сваіх чытачоў. Асабліва няпроста трымацца “над вадою”, калі імкліва развіваюцца інтэрнэтныя пляцоўкі.
Пра тое, як патрэбна прасоўваць свой кантэнт у “сусветнай павуціне”, расказалі дырэктар па развіцці “Яндэкса” ў Беларусі Яўген Лашкевіч і начальнік упраўлення інфармацыйных камунікацый ФПБ Вольга Зуёнак.
Са свайго боку, кіраўнік айчыннай Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда звярнуўся да прадстаўнікоў журналісцкага цэха як да “добрых партнёраў і сяброў, з кім склаліся даверлівыя прафесійныя адносіны”, падкрэсліўшы, што дыялог паміж газетнымі творцамі і прафсаюзамі вельмі важны абодвум бакам. Прамоўца расказаў пра дзейнасць чатырохмільённай арга-нізацыі, якую ўзначальвае, і асобна спыніўся на сёлетніх выбарах, што зусім ужо не за гарамі. Звычайна фарміраванне Парламента выклікае шырокі міжнародны інтарэс. Значнасць ФПБ і ў тым, што 95 адсоткаў зарэгістраваных кандыдатаў — члены прафсаюзаў, а дзясяцера — вызваленыя прафсаюзныя работнікі. Акрамя таго, 283 прадстаўнікі ФПБ увайшлі ў склад тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій, яшчэ амаль 9 тысяч — ва ўчастковыя камісіі. Сярод грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый гэтае прадстаўніцтва найбольшае. Плануецца, што да 10 тысяч прафсаюзных актывістаў стануць назіральнікамі на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу VII склікання.
Напрыканцы Міхаіл Орда з задавальненнем выканаў урачыстую місію — уручыў узнагароды ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Для гэтага былі прыемныя падставы. Па-першае, напярэдадні, 27 кастрычніка, рэспубліканская прафсаюзная газета “Беларускі Час” адсвяткавала свой 30-гадовы юбілей, а таму многія яе прадстаўнікі атрымалі ад кіраўніка ФПБ граматы, кветкі і шчырыя словы, ад прысутных — апладысменты ды ўсмешкі. А па-другое, журы падвяло вынікі рэспубліканскага конкурсу, прымеркаванага да 75-годдзя вызвалення Беларусі. Лепшыя матэрыялы, прысвечаныя легендарнаму штурмавіку “Іл-2”, былі адзначаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Першыя дзве ўзнагароды паехалі ў Гомель ды Рагачоў, трэцяя — на Брэстчыну (лаўрэатам творчага спаборніцтва быў прызнаны журналіст “Сельскай праўды” Анатоль Бензярук).
Антон БЕРАСТОК
Фота аўтара і прэс-службы ФПБ На здымках: выступае старшыня ФПБ Міхаіл Орда;
у музеі ФПБ: макет Кургана Славы, каля якога сёлета намаганнямі прафсаюзаў узнёсся на пастаменце “Іл-2”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top