Такім быў Гогалеў

Такім быў Гогалеў

Памятаецца, ён лічыў, што гады, якія заканчваюцца на “9”, шчаслівыя. Можа, таму, што сам нарадзіўся ў 1909-м? Хаця звыш трыццаці гадоў яго няма з намі, а людзі памятаюць Аляксандра Гогалева: настолькі глыбокі след ён пакінуў у нашым раёне. Сёлета ўдзельніку вайны, педагогу і пісьменніку, надзвычай актыўнаму няштатнаму карэспандэнту “Сельскай праўды” споўнілася б 110.

ЮНАК З ВЁСКІ Заплаўнае Валгаградскай вобласці марыў быць настаўнікам ці журналістам. Таму ў сорак першым працаваў карэспандэнтам мясцовай газеты і адначасова завочна вучыўся на гістфаку Сталінградскага настаўніцкага інстытута.
Аляксандр Паўлавіч ГОГАЛЕЎ (1909-1987) літаральна з першых дзён вайны на перадавой. Цяжкі быў час. Наша армія з кровапралітнымі баямі адступала ў глыб краіны. У адным з такіх баёў Гогалеў аказаўся ў акружэнні і трапіў у палон. Але, якія б пакуты ні выпадалі на яго долю, Аляксандр ні на хвіліну не забываўся пра волю, і ў сорак трэцім яму ўдалося вырвацца з палону.
Гогалеў аказаўся ў Беларусі, у Старасельскім лесе. Малады баец уліўся ў партызанскі атрад імя Фрунзэ, які дзейнічаў на тэрыторыі Жабінкаўскага, Кобрынскага і Маларыцкага раёнаў. Смелы партызан, разумны і адукаваны чалавек, ён, беспартыйны, у 1944 годзе становіцца камісарам атрада.
Пасля вайны скончыў Пінскі настаўніцкі інстытут і вёў урокі гісторыі ў Дзівінскай сярэдняй і Вежкаўскай сямігадовай школах, а з 1954-га і да выхаду на пенсію працаваў у Жабінцы ў СШ № 1. Аляксандр Паўлавіч заўжды лічыў сваім абавязкам шукаць і адкрываць імёны тых воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную.
А сярэдзіне 60-х у раёне былі ўстаноўлены шматлікія абеліскі баявой славы. Самае прамое дачыненне да гэтай справы меў Гогалеў — старшыня камісіі па ўвекавечванні памяці загінулых воінаў і партызан. Па яго ініцыятыве ў горадзе з’явілася вуліца лётчыка Івана Фядзяя, які ў першы дзень вайны загінуў у небе над нашым раёнам.
Доўгія гады Аляксандр Паўлавіч падтрымліваў цесныя сувязі з былымі народнымі мсціўцамі і салдатамі. Многія з іх у Жабінцы запыняліся ў доме № 29 на вуліцы Леніна, дзе жыў ветэран. Затым разам ішлі выступаць у школы і працоўныя калектывы. Гогалеў не быў аратарам, але гаварыў абдумана і аргументавана, так што яго словы даходзілі да сэрца людзей.
Актыўна займаючыся пошукавай работай, ён разам з членамі гуртка, якім кіраваў, адкрыў не адно забытае імя. У першую гарадскую дзесяцігодку ледзь не з усіх саюзных рэспублік прыходзілі лісты са словамі ўдзячнасці Аляксандру Паўлавічу і гурткоўцам. У школе адчыніў дзверы гісторыка-краязнаўчы музей.
З 1967 года Гогалеў быў адным з самых актыўных няштатных аўтараў раённай газеты. Рэалізуючы сябе як журналіст, Аляксандр Гогалеў рэгулярна друкаваў артыкулы аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, замалёўкі пра народных мсціўцаў. Ён прапаноўваў “Сельскай праўдзе” і свае апавяданні ды вершы, не пазбаўленыя літаратурнай вартасці. Нездарма ж яму, няштатнаму карэспандэнту, на пятнаццаць гадоў даверылі ўзначальваць літаб’яднанне “Плынь”.
Вяршыняй яго творчасці стаў раман “Ахтубінскі стэп”. Аўтар як бы вяртаўся ў волжскія мясціны, у сваю маладосць. У 1978 годзе раман надрукаваў расійскі часопіс “Волга”. Асобныя раздзелы перадрукавала “Сельская праўда” ў перакладзе на беларускую мову.
Да канца свайго жыцця Гогалеў працаваў над працягам рамана, перанёсшы падзеі на Брэстчыну, у нашы мясціны. Як у асабістым жыцці, так і ў сваіх творах Аляксандр Паўлавіч хацеў паяднаць волжскую і жабінкаўскую землі. Раман, аднак, застаўся няскончаным.
Сягонняшнім чытачам “СП” прапануем верш Аляксандра Гогалева “Вечер”:

Золотыми точками
Небо красит вечер,
А в кустах росистых
Затаился ветер.

Над рекою светлой
Полоса тумана,
И едва приметный
Огонёк у стана.

Воздух серебристый.
Вот и месяц всходит
И спешит, где звёзды
Дружно хороводят.

Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымку: Аляксандр ГОГАЛЕЎ (у цэнтры) разам з баявымі сябрамі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top