Надзейны іх сябар — прыгожае слова

Надзейны іх сябар — прыгожае слова


Ужо амаль два гады цікавым заняткам напоўнены для 15 вучняў трэцяй гарадской школы шосты навучальны дзень. Яны ходзяць у розныя класы (ад сёмага да выпускнога), але аб’яднала іх прыгожае слова і цікавасць да журналістыкі. Суботнім ранкам дзеці спяшаюцца на заняткі гуртка “Юны карэспандэнт”, якім кіруе В.П.Цімафеева. Вольга Пятроўна выкладае беларускую мову і літаратуру, а на гуртку вучыць юнакоў і дзяўчат адточваць свае ўменні, атрымліваць пачаткі журналісцкага “рамяства”. Гурткоўцы нядаўна наведалі рэдакцыю “Сельскай праўды”, дзе пазнаёміліся як нараджаецца сапраўдная газета са шляхам, які праходзяць матэрыялы карэспандэнтаў раёнкі ад задумкі да ўвасаблення на газетных старонках. А яшчэ ў Год кнігі клікалі да сябе ў госці Алеся Каско, Расціслава Бензерука, Міколу Сінкевіча. Трэба было бачыць з якім натхненнем слухалі пісьменнікаў-землякоў юныя карэспандэнты!
— Нашы маладыя таленты сябруюць з прыгожым словам, самі спрабуюць друкавацца, найперш на старонках роднай раённай газеты, — расказвае намеснік дырэктара ў выхаваўчай рабоце Г.С.Бурко.
Ужо не аднойчы маглі чытаць свае творы ў раёнцы Юля Ярашэвіч і Аляксей Арчакоў (дарэчы, свой першы верш, прысвечаны сям’і, юнак напісаў у 13 гадоў… на англійскай мове, толькі потым з’явіліся творы па-руску і беларуску).
— Алёшаў талент, — працягвае Галіна Сцяпанаўна, — першай заўважыла і падтрымала яго настаўніца па рускай мове і літаратуры Людміла Сцяпанаўна Марчанка. Разам з Настассяй Сідорка юнак зараз даслаў свае вершы на абласны конкурс “Моладзевай паэзіі-2012”, прымеркаваны да Дня друку. Дарэчы, Насця святкавала ўжо перамогу ў праекце “Брэсцкі рупар” у намінацыі “Літаратурныя аб’яднанні”. Раскрывацца дзецям дапамагаюць таксама мовазнаўцы Зоя Іванаўна Ярмашук і Соф’я Мікалаеўна Мамановіч. Яны заўсёды побач са сваімі вучнямі, працуюць на агульны поспех.
Сёлета не аднойчы праяўлялі свае схільнасці і Анастасія Нагар і Валерыя Дзмітрук, Яўгенія Грыгарчук і Вольга Сакольчык. А ў сёмым “В” адразу некалькі вучняў зацікавіліся захапляльным светам журналістыкі: гурток наведваюць Сяргей і Надзея Садоўскія, Ганна Марчук і Аляксей Дзямчук. Апошні ўдзельнічае ў многіх конкурсах, сярод якіх — “Моладзь і дзеці ў гады Вялікай Айчыннай вайны” і “Выратавальнікі вачыма дзяцей”.
— Мы шчыра ўдзячныя журналістам за тое, што заўважаюць дзіцячыя творы, прапагандуюць іх на старонках друку, — гаворыць Г.С.Бурко. — Гэта вялікая падтрымка і, хто ведае, можа, праз час захапленне пачаткоўцаў стане прафесіяй?
А пакуль, схіліўшыся над паперамі, гурткоўцы абмяркоўваюць свой “Веснік”, які выходзіць кожную чвэрць. Чытаюць школьны каляровы часопіс і навучэнцы, і настаўнікі. Кожнаму цікава, чым жыве родная школа на ўроках і пасля іх. Вось віншаванні лепшых удзельнікаў конкурсу плакатаў, створаных супраць тытуню і за здаровы лад жыцця, акцыі “Спяшайцеся рабіць добрыя справы”, праведзенай валанцёрамі Чырвонага Крыжа. Хіба не цікава аднакласнікам ведаць, чаму ў гэтага атрада імя “Добрыя сэрцы”? Ці як жывуць паважаныя ветэраны, да якіх наведваліся вучні, каб дапамагчы і паслухаць пра тыя далёкія ваенныя гады? Таксама можна прачытаць у часопісе заметку, як праходзяць у СШ №3 алімпійскія дні, і г.д.
Сёння задумкі ў юных карэспандэнтаў зразумелыя: хутка фінішуе навучальны год, а значыць, патрэбна спяшацца — за ручкі, алоўкі брацца, каб рыхтаваць новыя заметкі пра сяброў і родную школу!
Антон БЕРАСТОК.
На здымку: калі гуртуюцца ў цеснае кола юныя карэспандэнты з СШ №3 г.Жабінка, значыць, хутка з’явяцца матэрыялы для школьнага “Весніка” і “Сельскай праўды”.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top