Сяброўства назаўжды

Сяброўства назаўжды

Напярэдадні юбілею газеты пацікавілася ў нашых пастаянных чытачоў, калі пачалося іх сяброўства з “Сельскай праўдай”, чаму яны застаюцца вернымі нашаму выданню, якім старонкам і рубрыкам аддаюць перавагу. Пачула ад іх і слушныя заўвагі, рэкамендацыі, а таксама словы-пажаданні, якія прагучалі ў адрас газеты і творчага калектыву.
Раіса МАРГЕВІЧ:
— З “Сельскай праўдай” сябрую даўно, у нашай сям’і гэта галоўная газета. Хочацца адзначыць цікавы праект Анатоля Бензерука “75 гадоў. Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Па ім відаць, што аўтар узняў вялікі дакументальны гістарычны пласт падзей на жабінкаўскай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нагадаў пра людзей, якія цаной свайго жыцця вызвалялі Айчыну ад фашысцкай навалы. З задавальненнем чытаю выпускі “Радаводу”, матэрыялы, прысвечаныя цікавым людзям нашага краю, якія сваімі талентамі і шчырай працай упрыгожваюць Жабінкаўшчыну. Заўсёды сачу за выхадам літаратурнай старонкі “Плынь”, дзе знаёмлюся з творчасцю як прызнаных майстроў паэтычнага слова, так і пачынаючых аўтараў. Падабаюцца матэрыялы маладой журналісткі Дар’і Ніканчук, якія вызначаюцца разнастайнасцю тэматыкі, сакавітасцю і багаццем мовы.
Увогуле, увесь творчы калектыў “Сельскай праўды” адметны прафесіяналізмам, вялікім працалюбствам, адказнасцю, вынаходніцтвам, жаданнем ісці ў нагу з часам і прадаўжаць лепшыя традыцыі, закладзеныя былымі пакаленнямі журналістаў раённай газеты. Зычу ўсім поспехаў і цікавых матэрыялаў!
Юлія ДУЛЕВІЧ:
— Маё знаёмства з “Сельскай праўдай” адбылося ў 2000 годзе, калі пераехала жыць з Віцебшчыны ў Жабінку і пачала працаваць у раённым вузле электрасувязі. У арганізацыі заўсёды выпісвалі газету, а перадачы раённага радыё “Веснік Жабінкаўшчыны” запісваліся ў нашай студыі, таму навіны горада і раёна ведала. З цягам часу раёнка станавілася для мяне ўсё цікавейшай: на яе старонках чытала нататкі і бачыла фотаздымкі ўжо знаёмых людзей, сярод якіх жыву і працую. І сёння першая газета, з якой пачынаю чытаць свежую прэсу, — “Сельская праўда”. Падабаецца, што, нягледзячы на невялікі фармат, яна змяшчае мноства інфармацыі ў самых розных накірунках. Імпануюць артыкулы пра людзей, што знайшлі справу па душы і застаюцца верныя ёй на працягу жыцця. Пералічыць усё, што падабаецца ў газеце, складана, цікавых матэрыялаў шмат. Думаю, кожны чытач знойдзе нешта патрэбнае для сябе і на свой густ. Ад усёй душы жадаю нашай раёнцы і надалей радаваць сваіх прыхільнікаў новымі захапляльнымі артыкуламі і нататкамі і не губляць сваёй актуальнасці ў наш такі хуткі інфармацыйны век.
Святлана КУЖКО:
— Больш за 40 гадоў жыву ў Жабінцы і амаль столькі ж выпісваю “Сельскую праўду”. Не разумею, як гэта паштальён пройдзе міма майго двара, не пакла-дзе ў паштовую скрыню раёнку — маю найлепшую суразмоўніцу. Дзіўна чуць развагі іншых: “Што ты ў ёй знаходзіш? Там жа няма чаго чытаць!” Ніколі не пагаджуся з гэтым. Лічу, што любы чытач знойдзе ў нашай газеце матэрыялы на свой густ. Для мяне заўсёды яна была цікавай. Да гэтай пары захоўваю выразкі з вершамі Васіля Сахарчука і Васіля Гадулькі, на старонках газеты друкаваліся першыя нясмелыя спробы пяра і вучняў СШ № 3. Я — дзіця вёскі, таму заўсёды сачу за навінамі з палёў, фотарэпартажамі са святаў населеных пунктаў Жабінкаўшчыны, чытаю пра перадавікоў вытворчасці ці проста цікавых людзей. Прыемна, калі сярод іх і мае вучні. Многія з іх наведвалі гурток “Юны карэспандэнт” і змяшчалі свае допісы ў “Сельскай праўдзе”.
Мяняецца час, а з ім і газета. З’явіліся новыя рубрыкі “Бацькоўскі ўніверсітэт”, “Ведай нашых!”, “Духоўнасць” і іншыя, а таксама старонкі “Крынічка”, “Мужчынская тэрыторыя”, “101 на варце спакою”. Засмучае ў газеце перавага тэкстаў на рускай мове і вестак з залы суда, шмат крымінальнай хронікі. Лічу, што прававое выхаванне насельніцтва трэба весці па-іншаму. Усім супрацоўнікам выдання зычу натхнення, цікавых сустрэч і росквіту.
Міхаіл КУЗІЧ:
— Раёнку чытаю з 1970 года, калі месцам жыхарства выбраў Жабінку. З гэтага часу з’яўляюся пастаянным падпісчыкам. Па-сапраўднаму пасябраваў з газетай, калі выйшаў на заслужаны адпачынак: стала больш вольнага часу, тады ж пачаў дасылаць у раёнку і свае допісы.
Як заўважана класікам, пяро параўноўваюць са штыком. Гэта так, бо газета адлюстроўвае падзеі не толькі станоўчыя, але й выступае з крытыкай.
“Сельская праўда” — маё любімае выданне, кожны нумар чытаю, як кажуць, ад коркі да коркі. Прыемна, што ў газеце з’явіліся новыя старонкі: для самых юных чытачоў — “Крынічка”, для моцнай паловы — “Мужчынская тэрыторыя”, для вернікаў — “Святло духоўнасці і веры” і іншыя. Хочацца, каб у газеце было больш матэрыялаў, прысвечаных ахове прыроды, вынікам экалагічных рэйдаў, у якіх разам з прадстаўнікамі раённай інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя ўдзельнічалі б і журналісты, а таксама прадстаўнікі грамадскасці. Жадаю газеце даўгалецця, а яе супрацоўнікам творчых поспехаў.
Людміла ЛЕАНОВІЧ:
— Не магу дакладна сказаць, калі ўпершыню пазнаёмілася з “Сельскай праўдай” — бацькі-настаўнікі заўсёды выпісвалі раёнку і прывівалі да яе любоў. Назіраю, як з часам газета становіцца больш цікавай. Хочацца адзначыць: карэспандэнты хутка рэагуюць на падзеі і змены, якія адбываюцца ў рэспубліцы, вобласці, раёне, стараюцца расказваць пра іх на старонках выдання, выказваюць свае меркаванні, адлюстроўваюць таксама погляды іншых людзей. У мяне асабіста цікавасць выклікаюць артыкулы пра ўстановы адукацыі Жабінкаўшчыны, поспехі настаўнікаў і вучняў, педагагічныя дынастыі. Прыемна чытаць матэрыялы пра нашу школу-інтэрнат, дзе сама працую намеснікам дырэктара па навучальнай рабоце, пра нашых работнікаў і таленавітых выхаванцаў. Гэтыя нататкі зоймуць ганаровае месца ў музеі ўстановы, работа па стварэнні якога зараз актыўна вядзецца. Вельмі рада, што атрымала выдатную магчымасць павіншаваць калектыў “Сельскай праўды” са святам. Кожнаму хачу пажадаць моцнага здароўя, творчых поспехаў, новых знаходак і цікавых матэрыялаў.
Алег СМАРШЧОК:
— У 2009 годзе я пазнаёміўся з “Сельскай праўдай” і тагачасным яе рэдактарам Святланай Вішнеўскай, калі пераехаў у Жабінку і пачаў служыць у аддзяленні аховы правапарадку і прафілактыкі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Трэба адзначыць: на той час усе калегі па службе выпісвалі раёнку, прыемна, што гэтая традыцыя захоўваецца і цяпер.
Асабіста мне падабаюцца артыкулы Анатоля Бензерука, прысвечаныя гісторыі краю, нашым знакамітым лю-
дзям, што сваімі дасягненнямі праславілі раён далёка за яго межамі. Лічу вельмі патрэбнай рубрыку “Пыталіся? Адказваем!”, дзе на пытанні чытачоў даюць адказы кампетэнтныя спецыялісты ўстаноў і службаў раёна. Важна, што на старонках газеты асвятляюцца сустрэчы прадстаўнікоў улады і інфармацыйна-прапагандысцкіх груп з жыхарамі раёна і працоўнымі калектывамі, падчас якіх высвятляюцца пытанні, што хвалююць жабінкаўцаў і на якія патрэбна звярнуць увагу. Мне, як чытачу, цікавыя статыстычныя дадзеныя, якія прадастаўляе аддзел загса, да прыкладу, імёны нованароджаных і юбіляраў кожнага месяца. Добра, што апошнім часам друкуецца афіша кінатэатра “Юбілейны”, якая не дасць спазніцца на сеанс аматарам кіно. У будучым хочацца бачыць “Сельскую праўду” з большай колькасцю старонак, гэта толькі парадуе яе прыхільнікаў.
Юлія АНДРАСЮК:
— Ад усяго сэрца хачу павіншаваць любімую газету з юбілеем! “Сельскую праўду” заўсёды выпісвала наша сям’я, яшчэ дзядуля чытаў нам нататкі пра цікавых і таленавітых людзей раёна, паведамляў пра значныя падзеі, якія адбыліся на Жабінкаўшчыне. З газетай мы заўсёды ў курсе ўсіх навін, што звязаны з нашым краем. Ёсць у раёнцы і мае любімыя рубрыкі: “Свет нашых захапленняў”, “Чалавек і яго справа”, “Мы — маладыя”, “Духоўнасць”, “У маладзёжным брацтве”, “Жыццёвыя гісторыі” і іншыя. Іх шмат, усе і пералічыць немагчыма. Імпануе, што ў выданні шмат увагі надаецца маладым людзям, іх дасягненням і захапленням, а таксама асвятляецца дзейнасць маладзёжнага брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага. Прыемна, што героямі старонкі “Святло духоўнасці і веры” аднойчы была і наша сям’я. Жадаю ўсім супрацоўнікам рэдакцыі творчых поспехаў, здароўя, шчасця і яшчэ больш адданых чытачоў!
Апытвала і фатаграфавала Алеся ДАБРАВЕСТ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top