У “Сельскай праўды” юбілей

У “Сельскай праўды” юбілей

Працаваць дзеля людзей

Вось ужо сем з паловай дзесяцігоддзяў газету “Сельская праўда” з цікавасцю чытаюць жыхары Жабінкаўскага раёна. 29 кастрычніка 1944 года ўбачыў свет першы нумар раёнкі, якая ў той час насіла назву “Ленинский путь”. Кожны перыяд гісторыі ўносіў свае карэктывы ў развіццё газеты. З цягам часу вызначыўся яе адметны, непаўторны стыль, журналісцкі почырк. Цяпер грамадска-палітычнае выданне выходзіць два разы на тыдзень на рускай і беларускай мовах.
На пасадзе галоўнага рэдактара “Сельскай праўды” я крыху больш за месяц, але гэтага часу хапіла, каб зразумець, што газета была і застаецца для чытача крыніцай інфармацыі, вернай сяброўкай і шчырым суразмоўцам. Жыццё раёна не стаіць на месцы. І задача “Сельскай праўды” расказаць аб ім на сваіх старонках. Чытачу трэба даведацца пра новы магазін, пра чулых людзей у белых халатах, пра руплівых працаўнікоў на калгаснай ніве. Журналісты аператыўна і паслядоўна асвятляюць падзеі, якія адбываюцца на Жабінкаўшчыне, расказваюць пра яе жыхароў, гістарычнае мінулае. Раёнка была, ёсць і, спадзяюся, будзе летапісцам жабінкаўскага краю.
Мы ганарымся традыцыямі, якія засталіся нам ад старэйшага пакалення — таленавітых журналістаў і галоўных рэдактараў, бясконца адданых любімай справе. На творчай ніве “СП” працавалі сямейныя тандэмы Расціслава і Анатоля Бензерукоў, Алеся і Людмілы Каско, сёння шчыруюць Алёна і Дар’я Ніканчукі. Маці і дачка сталі прадаўжальнікамі добрай традыцыі.
Упэўнена, што ў кожнай газеты ёсць свой чытач. Прыемна адзначыць, што прыхільнікамі “Сельскай праўды” сталі цэлыя пакаленні людзей. Многія з іх расказваюць, як з радасцю, калі былі дзяўчынкамі і хлопчыкамі, бегалі да паштовай скрыні за свежым нумарам, а потым вечарам абмяркоўвалі з бацькамі прачытанае. Мы спадзяемся, што да нас далучыцца і сучасная моладзь. Сваю чытацкую аўдыторыю мы актыўна пашыраем у інтэрнэт-прасторы.
У мяне часта пытаюцца, ці складана працаваць галоўным рэдактарам. На што я, як правіла, адказваю: “Складана працаваць, калі не любіш тое, чым займаешся. Працаваць з людзьмі, канешне, няпроста, але працаваць дзеля іх — прыемна. Старацца дзеля прафесіі, самай любімай на свеце, — гэта сапраўдны падарунак лёсу”.
Мы абавязкова працягнем працаваць для вас, дарагія нашы чытачы, пастараемся ісці ў нагу з часам. На старонках “СП” будзем шырока адлюстроўваць жыццё вяскоўцаў, развіццё сельскай гаспадаркі, адукацыі і медыцыны, узнімаць актуальныя пытанні і праблемы. “СП” — гэта жывыя рэпартажы, цікавыя інтэрв’ю, каларытныя замалёўкі, гістарычныя нарысы.
Будзьце разам з намі!
Алена СІНЯЎСКАЯ

 

Хотите узнать, как проходят рабочие будни «СП», читайте про нас на страницах газеты.

Будьте вместе с нами!

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top