У святых месцах, у Жыровічах

У святых месцах, у Жыровічах


Вучні 6-11 класаў Жабінкаўскай спецшколы-інтэрната і настаўнікі, якія іх суправаджалі, пабывалі на экскурсіі ў Мінскіх Духоўнай Акадэміі і семінарыі ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Жыровічах. Дзякуючы кіраўніцтву Жабінкаўскай дыстанцыі пуці, гэтая паездка была бясплатная.
Шмат уражанняў засталося ў нас ад наведвання Жыровіцкага манастыра. У кожнай яго цаглінцы — свая гісторыя. Экскурсію праводзілі вучні семінарыі. Яны паказалі месца, дзе ўпершыню з’явіўся абраз Божай Маці, царкву Узвіжання Святога і Жыватворчага Крыжа Гасподня. Як нам расказалі, раней у гэтым храме людзі падымаліся па 28-мі прыступках Святой лесвіцы на каленях з малітвамі.
Пабывалі мы ў семінарыі, у прыватнасці, у аўдыторыі, дзе праходзяць заняткі. Цікава было слухаць пра будні семінарыстаў: аб прадметах, якія вывучаюцца (абавязкова некалькі моў), аб працэсе навучання, аб формах кантролю і вольным часе. У семінарыі ёсць трэнажорная зала, за агароджай манастыра — стадыён, а ля царквы — вялікі агарод. Насупраць царквы, праз дарогу стаіць званіца са старой вінтавой лесвіцай, з дапамогай якой паднімаліся ўсё вышэй і вышэй… Якія непаўторныя званы мы пачулі! Жадаючым нават дазволілі пазваніць самім. Гэта было незабыўна!
Нас пачаставалі абедам з розных посных, але вельмі смачных страў у сталовай семінарыі. А пасля быў час жывых зносін з семінарыстамі, вясёлыя гульні, нават фокусы і выступленне хору. Спявалі семінарысты выдатна. Мы ім падпявалі вядомыя народныя песні.
Нашы экскурсаводы-семінарысты, удзельнікі моладзевага брацтва былі гаваркія, розныя ў інтарэсах, адкрытыя і вельмі добразычлівыя.
У двух кіламетрах ад манастыра знаходзіцца святая гаючая крыніца, якую наведваюць шматлікія турысты. Тут не толькі можна набраць лекавай вады, але і акунуцца ў яе.
Экскурсія доўжылася каля пяці гадзін. Не заўважылі, як хутка праляцеў час. Ніяк не хацелася развітвацца з новымі сябрамі. Знаёмства было настолькі прыемным і лёгкім, што зусім не хацелася ад’язджаць. І мы спадзяемся і верым, што абавязкова прыедзем туды яшчэ раз.
Калектыў работнікаў і ўсе вучні Жабінкаўскай спецшколы-інтэрната выказваюць вялікую падзяку начальніку Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Д.В.Бяляну за садзейнічанне ў выдзяленні аўтобуса, дыякану Сяргею Цімашэнкаву — старшыні моладзевага місіянерскага брацтва пры Мінскіх Духоўных Акадэміі і семінарыі ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай за дабрачынную экскурсію, а таксама ўсім экскурсаводам-семінарыстам за плённа праведзены разам з імі час. Дзякуем вам за ўвагу і гатоўнасць працягнуць руку дапамогі нашай школе.
Хрысціна УЛАСАВА і Анастасія МАКЕЙ, вучаніцы 10 класа Жабінкаўскай спецшколы-інтэрната.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top