Азяцкі. Асаблівай пашанай у сельсавеце карыстаецца імя барацьбіта за аб’яднанне беларускіх земляў, легендарнага партызанскага разведчыка Міхаіла Чарнака. Зараз, у год, прысвечаны 80-м угодкам уз’яднання Беларусі ў межах адзінай дзяржавы і 75-годдзя вызвалення нашага краю ад фашысцкай акупацыі, помнік Міхаілу Мікітавічу ў цэнтры Старога Сяла прыведзены ў належны стан. Зроблена добрая справа за кошт абласных сродкаў (а гэта 10 тысяч рублёў), сабраных яшчэ вясной, падчас рэспубліканскага суботніка. Намаганнямі працаўнікоў Жабінкаўскай ПМК-10, якую ўзначальвае Аляксандр Якімук, памятнае месца сапраўды змяніла сваё аблічча, стала больш велічным і прывабным у эстэтычным плане.

Жабінкаўскі. Месячнік добраўпарадкавання роднай зямлі, абвешчаны ў раёне, як адзначыў выконваючы абавязкі старшыні сельвыканкама Мікалай Галавейка, спрыяе не толькі навядзенню парадку, але й пэўным чынам аб’ядноўвае людзей на добрыя справы. Найперш у планах — больш увагі звяртаць на паселішчы, куды, так бы мовіць, раней не даходзілі рукі, а яны, між тым, патрабуюць да сабе клопату. Зусім побач з аграгарадком Вялікія Якаўчыцы, у якім было шмат зроблена да сёлетніх раённых “Дажынак”, — вёска Пруска (паселішчы — равеснікі, абодва маюць за плячыма 485-гадовую гісторыю). У бліжэйшы час будуць праводзіцца работы, каб ачысціць невялічкія вясковыя вуліцы ад пустазелля.

Хмелеўскі. ААТ “Хмелева” каторы год забяспечвае ўсіх жадаючых смачнай, разварыстай бульбай. “Другі хлеб”, вырашчаны на палях гаспадаркі, разыходзіўся на “ўра” і на восеньскім кірмашы ў Жабінцы. Паклапацілася кіраўніцтва, каб вітамінны запас на зіму быў у кожнага пенсіянера, што рупіўся ў таварыстве. Так, кожны меў магчымасць атрымаць 100 кілаграмаў бульбы па льготным кошце. Не забыліся і пра адзінага ў сельсавеце ветэрана Вялікай Айчыннай вайны — Казіміра Іосіфавіча Церпілоўскага — яму таксама даставілі бульбу.
А вось настаўнікі мясцовай школы і выхавальнікі Падлескага дзіцячага сада, якія трымаюць на падворку свойскую птушку і жыўнасць, змогуць набыць па сабекошце па 100 кілаграмаў збожжа.
Хмелеўскі. Нарэшце жыхары вёскі Падлессе дачакаліся новага маршруту Брэст-Пелішча з заездам у іх вёску. Цяпер транспарт будзе спыняцца тут раніцай і вечарам у аўторак і пятніцу. Раней вадзіцелі адмаўляліся ад гэтага рэйсу — віною незаасфальтаваны кавалак шляху. Зараз асфальтавае пакрыццё злучыла шашу Брэст-Пелішча і Падлессе.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top