Сталі чытачамі

Сталі чытачамі

Наша зямля беларуская змагла захаваць багацце сваёй непаўторнай культуры, нягледзячы на трагічную гісторыю. Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць аб чым расказаць маладому пакаленню. І ўсё гэта сабрана найперш у друкаваным слове.
Сёння бібліятэка імкнецца не дапусціць страты цікавасці да кніг, да чытання наогул. Мэта яе ўзбагаціць чалавека духоўна. Каб не прайграць бітву за розумы і сэрцы людзей, супрацоўнікі цукровазаводскай бібліятэкі імкнуцца ўдасканальваць формы і метады работы з чытачамі, прывучаць да кнігі, да чытання з маленства, падтрымліваюць цесныя сувязі з бацькамі. Праводзяцца бібліяграфічныя гадзіны, урокі, абмеркаванні кніг, сустрэчы з аўтарамі паэтычнага слова, афармляюцца цікавыя кніжныя выставы, такія як “Кніга — твой сябар”, “Камп’ютар — гэта клас, а кнігі лепш у тысячу разоў”. Дзяцей, вядома, прывабліваюць найперш кнігі, малюнкі ў іх, але не меншую ролю адыгрываюць розныя інфармацыйныя стэнды, утульнасць, прывабны інтэр’ер. На бачным месцы заўсёды ў нас вывешаны графік правядзення тэматычных мерапрыемстваў, што дазваляе мець шырокую аўдыторыю на іх удзельнікаў і гледачоў. Вось і нядаўна ў цукровазаводскай бібліятэцы адбыўся ўрок бібліятэчна-бібліяграфічных ведаў “Знаёмства з бібліятэкай”, “вучнямі” на якім былі другакласнікі СШ №2 г.Жабінка. Сіламі дзіцячага клуба “Чамучка” было наладжана выступленне казачных герояў Мальвіны, Бураціны, доктара Айбаліта, Знайкі і іншых персанажаў. Яны паказалі сцэнку, як правільна абыходзіцца з кнігай, берагчы яе, разам з доктарам Айбалітам паўтаралі правілы. Весела і забаўна ролі выконвалі Алеся Кавальчук, Яна Юрчук і Насця Астапук, а вобраз Кнігі выдатна згулялі Вольга Давідчык і Віка Гронская. Затым маленькія наведвальнікі зрабілі экскурсію па пакоях установы.
Прыемна, што многія з удзельнікаў мерапрыемства Серафім Тарасевіч, Сяргей Блашук, Дзіма Вашчук, Яна Амельянчук. Кірыл Зімін у гэты ж дзень сталі чытачамі. Значыць, мэта дасягнута: хлопчыкі і дзяўчынкі адчулі знакавасць друкаванага слова, зразумелі, што ўзбагаціцца інтэлектуальна і духоўна ім дапамогуць менавіта кнігі. Дарэчы, чытачамі нашай бібліятэкі з’яўляюцца 1415 жыхароў мікрараёна цукровага завода і навакольных вёсак.
Алена ЧЫРКУН, загадчыца цукровазаводскай бібліятэкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top