“Між зямлёй і сонцам”

“Між зямлёй і сонцам”

Пад такой назвай з ініцыятывы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь напрыканцы верасня ва ўстанове адукацыі “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі” адбылася рэспубліканская выстава-конкурс дэкара-тыўна-прыкладной твор-часці. На ёй былі сабраны лепшыя творчыя работы ў тэхніцы саломапляцення і керамікі з усёй Беларусі, у тым ліку і з Жабінкі.
Самыя розныя вырабы як гаспадарчага, так і мастацкага прызначэння здзіўлялі лёгкасцю, зручнасцю, прыгажосцю. Вялікую частку выставы займала саламяная скульптура: лялькі, птушкі, жывёлы і нават цэлыя кампазіцыі на бытавыя тэмы, а таксама розныя рэчы: куфэркі, шкатулкі, латкі. На выстаўцы былі прадстаўлены і дэкаратыўныя жаночыя ўборы. Мастацкі пошук новага вобразнага і пластычнага выяўлення саломы, выкарыстанне новых дэкаратыўных прыёмаў журы адзначыла ў калекцыі адзення “Золата сонца”, створанай навучэнцамі аб’яднання па інтарэсах “Чароўная саломка” пад кіраўніцтвам вельмі творчага педагога Ірыны Коваль. Дзяўчаткі Дар’я Барысюк, Святлана Ярмолік і Міраслава Марахоўская прадэманстравалі незвычайныя мадэлі сукенак з саламянымі ўпрыгажэннямі. У намінацыі “Арыгінальная ідэя і творчае рашэнне” калекцыя адзення з Жабінкі адзначана дыпломам першай ступені.
Шмат на выставе было дэкаратыўных кампазіцый з казачнымі птушкамі і жывёламі, архітэктурных помнікаў Беларусі, выкананых у тэхніцы аплікацыі саломкай, падвясных “павукоў”. Сярод іх — павук “Завіруха” 13-гадовага жабінкаўца Юрыя Мазурэнкі, які адзначаны дыпломам другой ступені. Саламяная работа Міхаіла Іоські і Яны Шэфнер “Райская птушка” таксама стала лепшай у рэспубліцы.
Багатая аказалася экспа-зіцыя з гліняных вырабаў: збаны, слоікі, міскі і ін-шае; калекцыі цацак і свістулек: конікі, жывёлы, птушкі, лялькі, апранутыя ў стылізаваныя народныя строі, бразготкі. Асноўная большасць работ выканана на высокім узроўні. Пры гэтым захоўваюцца і важнейшыя якасці дзіцячых твораў — непасрэднасць, свабода фантазіі, яркая вобразнасць.
Алена СКРЫПКА

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top