Магутны “Джон” на зябліве руплівец

Восень — работ восем

Так сцвярджае народная мудрасць. Аднак галоўны аграном ААТ “Вазнясенскі” Ларыса Марчук упэўнена, што работ восенню паболей будзе.
— Вось толькі сёння мы зябліва падымаем, уносім тукі і арганіку на палі, гліфасаты, убіраем кукурузу на зерне, капаем цукровыя буракі, праводзім хімпраполку азімых, апрацоўваем рапс ростарэгулятарамі, — расказвае Ларыса Іванаўна. — Надвор’е, надзвычай цёплае для сярэдзіны кастрычніка, нам спрыяе: і тэхніцы лягчэй працуецца, і пасевы цёпламу сонейку радуюцца… Пакуль ўкладваемся ва ўсе агранамічныя тэрміны. Задача нумар адзін — сабраць сёлетні ўраджай — адыходзіць пакрысе на другі план. Цяпер “герой дня” і наш клопат — ура-джай года будучага.
Ларыса Іванаўна з гонарам гаворыць, што палі сёлета шчодра аддзячылі за клопат хлебаробам: тыя намалацілі звыш 60 цэнтнераў на круг, а пшаніца ўрадзіла яшчэ лепш — больш чым 70 ц/га,
таму ў засекі засыпалі шэсць з паловай тысяч тон збожжа — на тысячу тон болей, чым летась! І з дзяржзаказам справіліся, і на корм жывёле хопіць. Кармавую базу разнастаіць і зерне кукурузы. “Каралева палёў” вымахала высокая — у сцяблінах лёгка хаваецца кормаўборачны камбайн. Частку яе заклалі ў сіласныя траншэі, а частку пакінулі на зерне. Убралі ўжо 105 гектараў са 160.
— Кукурузай не нарадуемся, — працягвае аграном. — Сёлета павялічылі пасевы на 50 гектараў і не памыліліся — аддача цудоўная. Палову плошчаў адвялі пад насенне замежнай селекцыі — нямецкай (“Амарок” і “Кампінас”) і амерыканскай (“Піянер”), і столькі ж — беларускай. Кузавы аўтамабіляў напаўняюцца зернем вельмі хутка, бо намалочваем у сярэднім 126 цэнтнераў з кожнага гектара, а на некаторых плошчах — увогуле звыш 150. Шмат заклалі кукурузнага сіласу — хопіць не толькі для грамадскага статка, але і на продаж — а гэта дадатковыя грошы ў касу “Вазнясенскага”. Два сельгаставарыствы з Камянецкага раёна гатовы купіць звыш тысячы тон сіласу. Назапашанага яшчэ летась корму нам хопіць да Новага года…

А буракі тут самыя салодкія!

Добра ўрадзілі і цукровыя буракі — звыш 660 цэнтнераў з гектара. Дарэчы, гэта лепшы вынік у раёне. Важкія салодкія карані таксама ў ААТ “Жабінкаўскі” і ААТ “Мацеевічы” — 580 і 490 цэнтнераў на круг адпаведна. Буракаўборачны камбайн свой. Пакуль стаіць цёплае, сухое надвор’е, карані выкопваюцца лёгка і дастаўляюцца на перапрацоўку з нізкай забруджанасцю. Валерый Дзямідчык і Сцяпан Кандрацюк убралі 44 гектары са 160. Маглі б і больш, ды транспартнае пытанне стрымлівае. Вялікагрузнымі аўтамабілямі для дастаўкі сыравіны на буракапрыёмны пункт забяспечвае цукровы завод, аднак іх малавата. Таму ў гаспадарцы выкопваюць роўна столькі, колькі змогуць вывезці (гэта каля 300 тон у дзень). Канечне, можна было б складваць буракі ў бурты прама на полі. Аднак гэты варыянт не задавальняе агранамічную службу — караняплоды ў такім выпадку пасохнуць, страцяць тургар (пругкасць). А ў зямлі яшчэ падрастуць і цукрыстасці набяруцца (да слова, на палях “Вазнясенскага” растуць самыя салодкія ў прамым сэнсе караняплоды — цукрыстасць дасягае 16,62 %).
Цэлы комплекс работ праводзіцца па закладцы будучага ўраджаю. Адна з іх — пад’ём зябліва. На “Джон Дзіры” з гэтай задачай звычайна спраўляецца Сяргей Дзенісовіч. Сёлетняй восенню да яго далучыўся Васіль Мельнік — удваіх яны хутчэй падрыхтуюць глебу на 770 гектарах.
— У гаспадарцы працую 12 гадоў, — расказвае Васіль Сцяпанавіч.— Араў, сеяў, культываваў на амаль усіх відах трактароў. Месяц назад у нас з’явіўся “Джон Дзір” — незаменны памочнік на палявых работах, гэтакі магутны руплівец. Вельмі рады, што ён трапіў у мае рукі — тэхніку з дзяцінства люблю. Настрой, як і дзень, лагодны і сонечны. Няхай бы такое надвор’е яшчэ патрымалася!
Запісала Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

На здымку: падымае зябліва механізатар Васіль МЕЛЬНІК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда