Новы лідар у моладзевай арганізацыі на Жабінкаўшчыне

Новы лідар у моладзевай арганізацыі на Жабінкаўшчыне


Ужо некалькі тыдняў Марыя Сяргееўна Майсеенка выконвае абавязкі першага сакратара РК ГА “БРСМ”. Яна заўсёды марыла, каб яе нястрымная энергія і актыўнасць прыносілі карысць людзям. Работа ў моладзевай арганізацыі для Марыі — наступная прыступка да рэалізацыі яе  ідэй. Прапануем вам пазнаёміцца з будучым першым сакратаром і проста прыгожай дзяўчынай!
— Марыя, раскажыце, калі ласка, пра сябе. Адкуль вы родам, дзе вучыліся і атрымлівалі першыя веды?
— Нарадзілася я ў вёсцы Якаўчыцы, там жа і вучылася ў сярэдняй школе. З маленства займалася спортам, спявала, увогуле ніколі не любіла сядзець на месцы. Заўсёды была вядучай школьных мерапрыемстваў, старастай ў класе, займалася грамадскай дзейнасцю. У 2004 паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна на філалагічны факультэт, дзе атрымала спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры.
— А пасля ўніверсітэта куды вас размеркавалі?
— Першым месцам працы для мяне стала Жабінкаўская сярэдняя школа № 1, дзе я стала педагогам-арганізатарам. Тры гады праляцелі зусім непрыкметна, бо мне падабалася праца з дзецьмі, але ж патрэбна было рухацца далей…
— Ці было мэтай для вас узначальваць моладзевую арганізацыю?
— Не, гэта не мэта. Я проста з задавальненнем актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці горада, такі ў мяне стыль жыцця! Дарэчы, летась аддзел адукацыі ўзнагародзіў мяне ганаровай граматай. Мікалай Лугаўскі, папярэдні першы сакратар РК «БРСМ», параіў мяне ў якасці свайго паслядоўніка.
— Распрацоўкай якіх мерапрыемстваў займаецеся зараз?
— Перш за ўсё, я хачу паказаць нашай моладзі, што “БРСМ” — гэта арганізацыя, якая можа знаходзіць новых людзей, узбагачаць іх ведамі і дапамагаць знайсці цікавую працу. Зараз мы пачынаем займацца пошукам працы для моладзі на перыяд летніх канікулаў. Таму, калі вы актыўны чалавек і свой адпачынак жадаеце правесці з карысцю, звяртайцеся да нас!
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top