Крочыць наперад разам з прагрэсам

Крочыць наперад разам з прагрэсам

Быць “на сувязі” ў ХХІ стагоддзі —– гэта ўжо далёка не раскоша, а проста неабходнасць. Сёння немагчыма ўявіць жыццё без тэлефоннай сувязі, якая дазваляе быць побач з блізкімі людзьмі, калі вы знаходзіцеся за сотні кіламетраў ад дому. Не абысціся без тэлебачання, радыё і інтэрнэту, якія дапамогуць заўсёды быць у курсе апошніх навін краіны і свету. Тым больш, што прагрэс не стаіць на месцы і тэлепраграмы цяпер можна глядзець ў інтэрактыўным рэжыме, а на стацыянарны тэлефон, пры жаданні ёсць магчымасць атрымаць СМС-паведамленні…
— А яшчэ 25 гадоў назад мы здзіўляліся камп’ютарам-прыстаўкай “Этон” з гумовай клавіятурай. Першыя камп’ютары працавалі з дапамогай мовы праграмавання, а гэта значыць, для кожнага кроку трэба было прапісваць каманды дзеяння. Мне вельмі падабалася самому складаць праграмы для вырашэння матэматычных задач. Магчыма таму і вырашыў паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак, — дзяліўся ўспамінамі Эдуард Валянцінавіч Дашкевіч, інжынер-сістэматэхнік Жабінкаўскага РВЭС Брэсцкага філіяла РУП электрасувязі “Белтэлекам”.
У электрасувязі Эдуард Валянцінавіч працуе сёмы год. Нягледзячы на малады ўзрост, ён выдатны спецыяліст, які ведае сваю справу ад А да Я. Аднак адзначае, што самаўдасканаленне ніколі не мае межаў. Таму пасля атрымання першай вышэйшай адукацыі, вырашыў працягваць навучанне ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце і атрымаў дадатковую спецыяльнасць бухгалтара-эканаміста.
— Мне здаецца, калі ў чалавека ёсць магчымасць набываць новыя веды, то ён павінен яе выкарыстоўваць. Я, напэўна, яшчэ вучыўся б, аднак ёсць нямала іншых важных спраў. Цяпер вось займаюся будаўніцтвам дома, на гэта ідзе шмат сіл і часу. Будаваць свой сямейны ачаг, прызнацца, вельмі прыемна. Ды і з сям’ёй больш часу хочацца праводзіць, — удакладняе Эдуард Дашкевіч.
Жабінка для Эдуарда Валянцінавіча даўно стала родным горадам, хоць і не з’яўляецца месцам яго народзін. Ён родам з Ганцавічаў, дзе і закончыў сярэднюю школу №3. Ва ўніверсітэцкія гады пазнаёміўся з дзяўчынай з Жабінкі. Цяпер яна для Эдуарда Дашкевіча не толькі жонка, але і маці яго трохгадовай дачушкі. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваць маладога спецыяліста накіравалі ў Столін, у “Беларусбанк”. Там ён атрымаў свой першы вопыт. Але горад, дзе даводзілася жыць, здаваўся чужым, таму і вырашылі шукаць шчасця на радзіме жонкі…
Эдуард Валянцінавіч ніколі не баіцца брацца за вырашэнне самых адказных пытанняў. Менавіта гэтым заслужыў ён павагу і давер і кіраўнікоў, і калегаў. Дарэчы, сёлета за добрасумленную працу яго імя занесена ў Галерэю працоўнай славы раёна. Падключэнне і эксплуатацыя абсталявання электрасувязі, пашырэнне навейшых тэхналогій і паслуг, абслугоўванне камп’ютарных сетак, суправаджэнне абанентаў –— усё гэта прафесійныя абавязкі Эдуарда Дашкевіча. Ён — надзейная апора ўсяго калектыву. Да яго нярэдка звяртаюцца па дапамогу, бо ведаюць — інжынер чым зможа, абавязкова дапаможа.
— Электрасувязь за апошнія гады змянілася да непазнавальнасці. Мы адкрываем усё новыя вузлы перадачы дадзеных,пашыраем сетку сувязі у вёсках, — распавядае Эдуард Валянцінавіч. — А таксама падключаем новых інтэрнэт-карыстальнікаў “ByFly”. Вельмі папулярным цяпер з’яўляецца інтэрактыўнае тэлебачанне “ZALA”. У нас зарэгістравана ўжо больш за 4 тысячы абанентаў. Сёння «Белтэлекам» будуе новую xPON сетку на базе платформы IMS. Навінка дае магчымасць пашырыць асартымент аказваемых паслуг і даць нашым кліентам, якія маем на мабільніку. Гэта і музыка замест гудка ў час чакання выкліку, і перадача паведамленняў паводле прынцыпу SMS.
Працаваць, калі штодня адкрываеш для сябе новае, прызнаецца Эдуард Дашкевіч, яму ўсё больш цікава. А калі работа чалавеку па душы, у яго ўсё абавязкова атрымліваецца.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: інжынер-сістэматэхнік раённага вузла электрасувязі Эдуард Дашкевіч.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top