Пошту на колах чакаюць вяскоўцы

Пошту на колах чакаюць вяскоўцы

Перасоўных аддзяленняў паштовай сувязі на ўчастку ў Жабінцы два: адзін поштамабіль курсіруе па маршруце Пятровічы—санаторый “Буг”, а другі — Рачкі—Залуззе. З гаспадарамі апошняга і накіравалася ў паездку ў мінулую суботу, каб бліжэй пазнаёміцца з работай пошты на колах.
З сабою мяне ўзялі начальнік перасоўнага паштовага аддзялення № 2 Руслана Шамайла і вадзіцель Мікалай Гапанюк. Асноўны кіроўца Ілля Ігнацюк хварэе, таму Мікалай Аляксеевіч яго падмяняе. Раён ведае як свае пяць пальцаў, таму што чатыры гады працуе падменным вадзіцелем.
З Жабінкі адпраўляемся бліжэй да 10 гадзін раніцы. Час выезду залежыць ад таго, калі прывязуць пошту з Брэста. У суботу яна крыху затрымалася.
— Нічога, справімся, — заўважае Руслана Мікалаеўна. — Пенсій пакуль няма, камунальныя і іншыя плацяжы людзі ўжо заплацілі, адрасоў мотадастаўкі няшмат. Звычайна напружаны рэжым работы ў сярэдзіне-канцы месяца, калі «бум» выплат і плацяжоў. Тады і на стаянках затрымліваемся, і ў райцэнтр пазней вяртаемся, бо на першым плане — абслужыць кліента. Калі спазняемся, стараемся папярэдзіць людзей.
Пакуль едзем, прашу спадарожнікаў падрабязней расказаць пра маршрут, структуру і асаблівасці работы поштамабіля. Руслана Мікалаеўна тлумачыць, што перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі № 2 абслугоўвае 15 населеных пунктаў, у якіх пражываюць 874 чалавекі, з іх трэць — пенсіянеры. Працягласць маршруту — каля 80 кіламетраў. Пошта на колах праязджае іх штодня, акрамя нядзелі і панядзелка. Стацыянарная стаянка арганізавана ў Сакалове, пра яе графік паведамляе спецыяльная таблічка. У астатніх населеных пунктах прыпынкі па запатрабаванні людзей. Паштовы аўтамабіль аснашчаны тым жа абсталяваннем, што і стацыянарныя аддзяленні сувязі, таму ні ў чым ім не саступае. Ёсць тут і камп’ютарная тэхніка, і счытвальнік плацежных банкаўскіх картак. Дзякуючы пошце на колах можна аформіць падпіску на перыядычныя выданні ці набыць іх, адправіць электронны перавод, пісьмо альбо пасылку, аплаціць камунальныя паслугі, папоўніць рахунак на мабільным тэлефоне, аформіць страхоўку альбо банкаўскі рахунак, купіць неабходныя тавары паўсядзённага попыту, атрымаць пенсію, а таксама зняць грошы з пластыкавай карткі ці разлічыцца пры яе дапамозе.
У маленькіх населеных пунктах, такіх як Рачкі, Руслана Мікалаеўна і Мікалай Аляксеевіч працуюць у якасці паштальёнаў: раскладваюць у паштовыя скрыні газеты, пісьмы, часопісы (гэта ж папаскакаць з кабіны колькі разоў трэба, не дзіва, што ногі потым баляць), заходзяць у хаты, каб выдаць пенсію і прыняць падпіску. Бачна, што вяскоўцы іх чакаюць, павыходзілі на вуліцу — выглядаюць.

— Самым вялікім попытам карыстаецца раённая газета “Сельская праўда”, — дзеліцца Руслана Шамайла, — таму серада і субота (дні выхаду раёнкі) для нас вельмі напружаныя. Планы па падпісцы выконваем і перавыконваем, усім раім выпісваць раённае выданне, у якім можна прачытаць свежыя навіны і знайсці шмат карыснай інфармацыі (дарэчы, на рахунку начальніка другога паштовага перасоўнага аддзялення 420 экзэпля-раў падпісных выданняў, з якіх 172 (41 %) складае “Сельская праўда”, што нам вельмі прыемна).
У Сакалове адбываецца абмен з паштальёнам Валянцінай Барташук, якая абслугоўвае Селішчы, Сакі і Рудку. Яна даставіць людзям газеты, часопісы, пасылкі і тавары, прыме плацяжы і акажа іншыя паслугі.
У гэтым жа населеным пункце робім прыпынак ля магазіна на паўгадзіны.
— Калі людзей многа, затрымліваемся і даўжэй, таму што не можам паехаць, пакінуўшы некалькі ча-лавек, на якіх не хопіць тых 30 хвілін, — кажа Руслана Мікалаеўна. — Такое здараецца ў перыяд, калі актыўна прымаюцца плацяжы за камунальныя паслугі і выдаюцца пенсіі. 
Да паштовага аўтамабіля падцягваецца народ. Жанчыны кладуць грошы на мабільныя тэлефоны, на byfly, цікавяцца, ці ёсць мука, цукар, макароны, сланечнікавы алей. Мужчыну цікавяць цыгарэты.
Жыхарка Сакалова Галіна Лысюк (у мінулым таксама паштовы работнік) прыйшла атрымаць пенсію і папоўніць балансы тэлефонаў — свайго і мужавага.
— З Русланай нам па-шанцавала, — гаворыць пра начальніка перасоўнага аддзялення Галіна Брані-славаўна. — Чулая, уваж-лівая, ветлівая, добра-сумленная, справу сваю добра ведае, выконвае ўсе заяўкі — усё, што просім, прывязе. Мы ёй шчыра ўдзячны і вельмі задаволены яе работай. Вадзіцелям асобны дзякуй, яны таксама малайцы.
Да гэтых цёплых слоў далучылася і Вольга Кашалюк, што стаяла наступнай у чарзе.
Дарэчы, да таго, як узначаліць пошту на колах, Руслана Шамайла, за плячыма якой львоўскае вучылішча сувязі і мін-скі каледж сувязі, не адзін год працавала аператарам па падпісцы, затым інструктарам, апрацоўшчыкам падпіскі, аператарам першага гарадскога аддзялення сувязі, аператарам па дастаўцы. Апошнія пяць гадоў яна начальнік другога перасоўнага аддзялення. Руслана Мікалаеўна цудоўна ведае даручаную ёй справу, і вяскоўцы лічаць яе сваім чалавекам. Гэта адчувалася падчас узаемаадносін маёй суразмоўніцы з людзьмі.
Наперадзе нас чакаў Алізараў Стаў, куды, акрамя карэспандэнцыі, поштамабіль даставіў і камбікорм пад заказ жыхароў, Малыя і Вялікія Сяхновічы, Семенаўцы, Грыцэвічы, Баляўшчына, Новыя Дворы, Панцюхі, Бабры і Залуззе…
А дома Руслану Мікалаеўну пасля працоўнага дня чакае сям’я: каханы муж Павел Сямёнавіч, тры дачкі і дзве ўнучкі — надзейны тыл і падтрымка.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top