У школу са смартфонам ці без?

У школу са смартфонам ці без?

Сённяшнія дзеці не ўяўляюць свайго жыцця без мабільных тэлефонаў, смартфонаў, планшэтаў. Ім не верыцца, што некалі мы маглі спакойна абыходзіцца без іх. Безумоўна, час не стаіць на месцы, і ў век камп’ютарных ды лічбавых тэхналогій з’яўленне “разумных” гаджэтаў — з’ява нармальная. Але ці патрэбны мабільныя ўстройствы дзецям у школе? Ці не перашкаджаюць яны навучальнаму працэсу? З такімі пытаннямі карэспандэнт “СП” звярнулася да навучэнцаў, бацькоў і педагогаў першай гарадской школы.
Дар’я КАНЮЧКА, навучэнка 11 “А” класа:
­— На ўроку смартфон не патрэбен, таму што ён адцягвае ўвагу ад вучобы, дае магчымасць тым, хто не хоча думаць сваёй галавой, знайсці адказы на заданні па прадметах і спісаць іх. Некаторыя педагогі нашай школы патрабуюць ад вучняў, каб яны паклалі мабільныя тэлефоны перад урокам на падаконнік або на настаўніцкі стол. Такім чынам, устройствы нікому не перашкаджаюць і не спакушаюць. Не трэба забываць і пра шкоднае для здароўя выпраменьванне: чым менш, тым лепш.
Вольга ЛУКАШУК:
— Працую ў першай школе настаўнікам замежнай мовы. Тут жа вучыцца мой сын, старэйшы яе ўжо скончыў. Упэўнена, што смартфон у школе не патрэбен. Калі ён з сабою, вучні могуць гуляцца пад партай у розныя гульні, пакласці тэлефон пад дзённік ці падручнік і “сядзець” у ім, а не слухаць настаўніка. Дзеці, што маюць у школе пры сабе рознага роду гаджэты, перапісваюцца, здымаюць відэа, карыстаюцца імі як шпаргалкамі, каб падгледзець у інтэрнэце адказ на любое пытанне. Таму на ўроках тэлефоны адназначна не патрэбны. На перапынку ж можна пазваніць бацькам, а дома пачытаць у мабільным інтэрнэце што-небудзь карыснае, пацікавіцца прагнозам надвор’я, апошнімі навінамі.
Юлія МАКАСЮК:
— Лічу, што школьніку дастаткова мець з сабою “разумны” гадзіннік, каб у выпадку пераносу або адмены ўрокаў дзеці маглі звязацца з бацькамі і папярэдзіць пра гэта. Або з сабою можна даць звычайны кнопачны тэлефон, каб у дзіцяці не было спакусы пагуляцца ў гульні, паперапісвацца. Свайму сыну-другакласніку пакуль не даём ні мабільнік, ні “разумны” гадзіннік. Трымаем сувязь з настаўнікам па тэлефоне, у вайберы. Смартфоны пакуль для бацькоў (смяецца).
Алеся ГЛАДКАЯ:
— Я за тэлефон. Але для сувязі, а не для гульняў. Мабільнік павінен быць у школьніка, каб бацькі ведалі, дзе знаходзіцца іх дзіця пасля ўрокаў. Бывае, яно загуляецца па дарозе дадому ці зойдзе да сябра ў госці, а бацькі хвалююцца. Мая Анечка вучыцца ў другім класе, і ў яе на тэлефоне ўстаноўлена спецыяльная праграма, дзякуючы якой мы ведаем месцазнаходжанне дачушкі.
Наталля МАРЗАН:
— Я, як настаўніца і мама, супраць карыстання мабільнымі ўстройствамі ў школе. З іх з’яўленнем дзеці сталі намнога менш чытаць кніг, гутарыць паміж сабой і гуляць у звычайныя, не віртуальныя гульні. Выкладаю беларускую мову і літаратуру ў пятых класах і магу сказаць, што праблемы з тэлефонамі ў нас няма. На ўроках я іх не чую і не бачу. Дзякуй бацькам і адміністрацыі школы, што правялі неабходную работу ў гэтым накірунку.
Апытвала і фатаграфавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top