Якая патрабавальнасць, такая і адказнасць

Якая патрабавальнасць, такая і адказнасць

. СВК “Маціевічы” ды іншыя: няма часу на поўны тэхагляд…
. Рашэнні савета райсельгасхарчу: неабавязковая абавязковасць?
. “Бедны” СВК “Хмелева”: не хапіла грошай на … супрацьпажарны шчыт.
Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання Дырэктывы №1 “Аб мерах умацавання грамадскай бяспекі і дысцыпліны” ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, у арганізацыях, што ўваходзяць у сістэму райсельгасхарчу, а таксама ў арганізацыях, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку. Згодна з Дырэктывай, асновай у гэтай справе з’яўляецца захаванне тэхнікі бяспекі, тэхналагічных нормаў, працоўнай і выканаўчай дысцыпліны.
На ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамам ускладзены абавязкі ажыццяўляць дзяржаўны нагляд за тэхнічным станам і эксплуатацыяй машын і абсталявання, іх захоўваннем, якасцю рамонту і тэхабслугоўвання, арганізоўваць работу для стварэння бяспечных умоў працы, папярэджання няшчасных выпадкаў на вытворчасці і аварыйнасці на транспарце. Работа райсельгасхарчу ў мінулым годзе ажыццяўлялася паводле плана асноўных мерапрыемстваў: падрыхтоўка да пажаранебяспечнага перыяду і дзеянні ў ім, прафілактыка дарожна-транспартных здарэнняў у сельгасарганізацыях раёна, павышэнне адказнасці службовых асобаў у выкананні патрабаванняў Дырэктывы №1. Разам з тым праверка паказала, што ход выканання мерапрыемстваў нідзе не разглядаўся, кіраўнікам сельгасарганізацый не давалася прынцыповая ацэнка за ступень ажыццяўлення намечанага, а таксама не ўхіляліся прычыны і ўмовы, якія спрыялі парушэнням працоўнай дысцыпліны. Так, у п.4 комплексу захадаў у прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў замацавана забарона выкарыстоўваць аўтатранспартныя сродкі, што не прайшлі дзяржаўнага тэхагляду. Паводле дадзеных філіяла УП “Белтэхагляд” і інфармацыі райсельгасхарчу, спісавая колькасць транспартных сродкаў у гаспадарках раёна складала летась 327 адзінак. З іх мелі допуск да ўдзелу ў дарожным руху 267, што складае 81,7%. У СВК “Маціевічы” працэнт допуску — 55,3, СВК “Хмелева” — 73,3, СВК “Арэпічы” 76,5, ААТ “Жабінкаўскі” 77,3. Летась да адміністрацыйнай адказнасці за допуск да ўдзелу ў дарожным руху аўтатранспарту без дзяржтэхагляду было прыцягнута шэсць адказных асобаў з СВК “Вазнясенскі”, “Арэпічы”, “Шпіталі”, “Якаўчыцы”, “Маціевічы”, ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”. Ужо сёлета да адказнасці за дадзенае парушэнне прыцягваліся службовыя асобы СВК “Хмелева” і ААТ “Жабінкаўскі”.
Кіраўнікі сельскагаспадарчых калектываў абавязаны забяспечыць перадрэйсавы медыцынскі кантроль фізічнага стану шафёраў і трактарыстаў, аднак гэтае патрабаванне ў мінулым годзе не выконвалася ў СВК “Падлессе-АГРА”, “Надзея-АГРА”, “Якаўчыцы”, “Хмелева”, “Вазнясенскі” і ААТ “Ракітніца”. Сёлета такое парушэнне дапушчана брыгадзірам трактарнай брыгады СВК “Хмелева” В.Р.Прыхожкам. Райсельгасхарчам і кіраўнікамі сельгасарганізацый недастаткова прымаюцца захады ў барацьбе з п’янствам. У 2011 г. за ўжыванне спіртных напояў на рабочым месцы да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 14 работнікаў, за два месяцы гэтага года — 4. За кіраванне ведамасным транспартам у стане алкагольнага ап’янення супрацоўнікамі АДАІ Жабінкаўскага райаддзела міліцыі пазбаўлены правоў восем кіроўцаў з СВК “Маціевічы”, “Рагазнянскі”, ААТ “Жабінкаўскі”, “Ракітніца” і “Жабінкаўская сельгастэхніка”.
Для калектыўнага абмеркавання найбольш важных пытанняў развіцця галін сельскай гаспадаркі ў райсельгасхарчы створаны савет, рашэнні якога з’яўляюццца абавязковымі для выканання ўсімі арганізацыямі. Аднак аналіз рашэнняў сведчыць пра іх фармальнасць і бескантрольнасць. Праверкі, праведзеныя ў СВК “Хмелева” галоўным інжынерам-інспектарам аховы працы У.М.Гапанюком, выявілі дзевяць парушэнняў правілаў аховы працы. Было выдадзена прадпісанне пра іх неадкладнае выпраўленне. Паўторная ж праверка паказала, што не ўсе парушэнні былі выпраўлены. У прыватнасці, пост напампоўвання шынаў не быў абсталяваны табліцай норм паветранага ціску, вароты ў боксах для захоўвання тэхнікі — прыстасаваннямі, што ўтрымліваюць палотны расчыненымі, не працавала створаная ў гаспадарцы камісія бяспекі дарожнага руху. У СВК “Хмелева” не былі ўхілены парушэнні, выяўленыя райаддзелам надзвычайных сітуацый у маі 2011 года. Яшчэ з 2010-га не выкананы чатыры пункты прадпісання №35, паводле якога на тэрыторыях малочнатаварных ферм вёсак Хмелева, Сакалова, Сакі і комплексу “Рудка” неабходна было абсталяваць не менш чым два пажарныя шчыты. Больш за тое, у райаддзел МНС было накіравана пісьмо, якім старшыня хмелеўскай гаспадаркі В.У.Парафянюк паведаміў, што выканаць дадзенае мерапрыемства немагчыма з-за нястачы грашовых сродкаў. У той жа час, зразумела, выдаткі не з’яўляліся значнымі для такой гаспадаркі, як хмелеўская.
З супрацьпажарнай бяспекай у СВК “Хмелева” відавочныя нелады. З 2007-га ў гаспадарцы не ўсталяваны стандартны люк на калодзежы пажарнага крана каля воданапорнай вежы. З 2001-га не праведзены рамонт маланкааховы на цялятніку ў Дзяменічах, з 1999-га не абсталяваны аўтаматычнай пажарнай сігналізацыяй склад матэрыялаў, хоць райаддзел МНС неаднаразова нагадваў у прадпісаннях пра неабходнасць гэтай работы. Невыканальным мерапрыемствам для кіраўніцтва кааператыву з’яўляецца і распрацоўка інструкцый аб мерах пажарнай бяспекі.
Не выконваюцца прадпісанні дзяржаўных органаў праўленнем СВК “Маціевічы”. Пасля праверкі ў маі 2011г. райаддзел надзвычайных сітуацый выдаў прадпісанне на ўхіленне ажно 58 парушэнняў, аднак мерапрыемствы выкананы не ў поўным аб’ёме. З 1997г. не абсталяваны аўтаматычнай пажарнай сігналізацыяй склад у Маціевічах, з 2001-га — не даабсталяваны рукавамі і стваламі пажарны кран у гаражах пунктаў тэхабслугоўвання, з 2010-га — не адрамантавана ацяпляльная печ на МТФ у Гарэлках. Аналагічныя парушэнні патрабаванняў Закона “Аб ахове працы” і правілаў пажарнай бяспекі выяўлены ў аграпрадпрыемстве “Азяты”.
Такім чынам, кіраўнікамі сельгасарганізацый ігнаруюцца патрабаванні заканадаўства аб ахове працы і тэхніцы бяспекі, нормы супрацьпажарнай бяспекі, не выконваюцца як след прадпісанні дзяржаўных органаў, а ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання няма прынцыповай пазіцыі і патрабавальнасці ў адносінах да тых, хто дапускае парушэнні. Нарэшце, савет райсельгасхарчу зусім не кантралюе сваіх рашэнняў, абавязковых, падкрэслім, для ўсіх сельгасарганізацый.
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top