Своечасовая прышчэпка — залог вашага здароўя

Своечасовая прышчэпка — залог вашага здароўя

Восенню-зімою назіраецца ўздым вострых рэспіраторных інфекцый (ВРІ), павялічваецца рызыка захварэць на грып. У структуры інфекцыйных захворванняў, якія рэгіструюцца ў Брэсцкай вобласці, на долю ВРІ і грыпу прыходзіцца каля 97 працэнтаў. Яго лепш папярэдзіць, чым лячыць, бо ён небяспечны, у першую чаргу, сваімі ўскладненнямі.
Вірус грыпу перадаецца ад чалавека да чалавека пры размове, кашлі, чханні. Заразіцца ім можна на працы, у грамадскім транспарце, у магазіне, на рынку. Дзеці могуць захварэць у школе, у дзіцячым садзе. Адзіным навукова абгрунтаваным метадам барацьбы з грыпам з’яўляецца вакцынапрафілактыка. Правядзенне вакцынацыі неабходна перш за ўсё сярод груп рызыкі: дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, людзей, якія маюць хранічныя захворванні, асоб, старэйшых за 65 гадоў, і тых, што знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам, цяжарных, пацыентаў з імунадэфіцытам, работнікаў медыцынскіх і фармацэўтычных устаноў, дзяржаўных органаў, што забяспечваюць бяспеку і жыццядзейнасць насельніцтва, іншых працоўных калектываў.
Лепш за ўсё прышчапляцца ад грыпу восенню: у кастрычніку-лістападзе, да пачатку сезоннага ўздыму. З 2010 года ў нашай краіне для імунізацыі насельніцтва выкарыстоўваюцца грыпозныя вакцыны, якія не ўтрымліваюць жывы вірус грыпу, а толькі яго асобныя часцінкі (вонкавыя і ўнутраныя антыгены віруса). На працягу 2-3 тыдняў пасля вакцынацыі сфарміруецца ахоўны ўзровень антыцелаў супраць вірусаў грыпу, які забяспечыць абарону ад захворвання на 4-6 месяцаў. У склад вакцыны ўваходзяць тры штамы віруса грыпу, найбольш актуальныя для дадзенага эпідсезона. Варыянты вірусаў грыпу, якія выклікаюць штогадовыя эпідэміі, пастаянна мяняюцца, таму рабіць прышчэпкі патрэбна перад кожным эпідэмічным сезонам.
Сёлета для масавай вакцынацыі насельніцтва закуплены “Грыпол плюс” расійскай вытворчасці. Яна максімальна павялічвае колькасць людзей, устойлівых да віруса, і тым самым змяншае лік захварэлых. Таму зробленая своечасова прышчэпка — гэта залог вашага здароўя ў разгар эпідэмічнага пад’ёму.
Іна БАЙЦУН, памочнік урача-эпідэміёлага Жабінкаўскага райЦГЭ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top