У піянераў творчае жыццё

У піянераў творчае жыццё

“Хто, калі не мы…” — гэта словы з песні, што гучала на свяце “Піянерскі салют — Вялікай Перамозе”, прысвечаным дню нараджэння Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі і 75-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сустрэча актыву піянерскіх дружын устаноў адукацыі раёна адбылася ў Жабінкаўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
На пачатку свята ўсе ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка воінам, што загінулі пры вызваленні горада, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання.
Затым былі падведзены вынікі работы раённага Савета і піянерскіх дружын за мінулы навучальны год. Значнай падзеяй у школьным жыцці стаў конкурс “І няхай пакаленні памятаюць! Гісторыя Вялікай Перамогі ў маёй сям’і”: арганізатары прапанавалі хлопчыкам і дзяўчынкам разгледзець летапіс сваёй сям’і як частку гісторыі Айчыны. Свае прэзентацыі прапанавалі на суд педагогаў дзеці-пераможцы конкурсу. Так, першае месца заняла вучаніца Старасельскай школы Карына Кузьміч, другое — Арцём Філіманюк з піянерскай дружыны “Рамантыкі” першай гарадской. Канкурсанты вельмі цёпла і яскрава расказалі аб подзвігах сваіх прадзядуляў і прабабуль у гады фашысцкай навалы.
У мінулым навучальным годзе піянеры прымалі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе на распрацоўку талісмана і слогана піянерскай аргані-зацыі “proБРПА-пера-загрузка”. Аўтарамі лепшых эскізаў піянерскага талісмана сталі Лідзія Лысенка і Уладзіслава Сілюк з першай гарадской школы. На абласным конкурсе лідараў “СуперТройка” сярод акцябрат, лідараў-піянераў, арганізатараў піянерскага руху наш раён годна прадставілі хлопчыкі і дзяўчынкі з піянерскай дружыны “Рамантыкі” СШ № 1 і педагог-арганізатар Яўгенія Дземідзюк. Па выніках удзелу ў раённых і абласных конкурсах і форумах, а таксама дакладнай арганізацыі работы групы Ганаровай варты на працягу года званне лепшай піянерскай дружыны зноў атрымалі “Рамантыкі”.
Старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў, ветэран камсамольскага руху Анатоль Шалтанюк, ганаровы госць свята Анатоль Шалтанюк расказаў школьнікам пра тое, якімі справамі было напоўнена жыццё піянераў 60-70-х гадоў, пажадаў цікавых спраў і праектаў, новых сяброў і незабыўных уражанняў.
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Скрыпка пазнаёміла гасцей з конкурсамі і пра-ектамі БРПА на 2019/2020 навучальны год.
На сустрэчы быў абраны новы склад раённага Савета піянерскай арганізацыі дзвюх палат: дарослай і дзіцячай. Дарэчы, старшынёй Дзіцячай палаты раённага Савета ГА “БРПА” стала шасцікласніца трэцяй гарадской школы Ксенія Юшчук.
Прыемным падарункам для дзяцей стала выступленне вакальнага калектыву “Вясёлкавы мікс” пад кіраўніцтвам Вікторыі Міцковіч.
Акунуцца ў свет творчасці і фантазіі, змайстраваць незвычайныя сувеніры госці свята змаглі на майстар-класах “Магія творчасці: рэальная справа!”.
Свята дня нараджэння БРПА атрымалася цікавым і цёплым. Больш за паўсотні актывістаў піянерскіх дружын устаноў адукацыі горада і раёна яшчэ раз пацвердзілі, што піянерыя Жабінкаўшчыны жыве яркім, насычаным і творчым жыццём.
Антон ПАЦАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top