Мацеевіцкія палі радуюць салодкім “Мандарынам”

Мацеевіцкія палі радуюць салодкім “Мандарынам”

Поле за вёскай Вялікія Сяхновічы аж да ўзлеску засеяна цукровымі буракамі. Плошча яго немаленькая — ажно 174 гектары. Таму буракаўборачны камбайн “ROPA”, узяўшы курс на ўзлесак, у канцы загонкі нагадвае дробную кропку.
— Яму тут работы яшчэ на добры тыдзень, — падносячы руку “казырком” да галавы, каб убачыць камбайн, кажа аграном ААТ “Мацеевічы” Аксана Бяльчук. — У дзень у сярэднім убіраем 10-11 гектараў плошчаў. Трэцюю частку ўраджаю ужо выкапалі і здалі на перапрацоўку.
Пакуль аграном расказвае, на буракаўборачным камбайне загараецца аранжавая лямпачка, і ў тую ж хвіліну ў яго бок накіроўваецца вялікагрузны аўтамабіль. Аднак, каб апусташыць 28-тонны бункер камбайна, аднаго МАЗа малавата, і на падмогу першаму спяшаецца другі.
Механізатар Аляксандр Ляўчук загружае салодкія карані акуратна і ашчадна, каб меней буракоў сыпалася за борт ці гублялася па дарозе на прызаводскі буракапункт.
— Наш Аляксандр — спецыяліст на ўсе рукі, перадавік, — удакладняе Аксана Уладзіміраўна. — Яго бацька Мікалай Пятровіч некалькі дзесяцігоддяў убіраў збожжа, перадаў вопыт сыну. Штогод Аляксандр перасядае з зернеўборачнага на буракаўборачны камбайн — і з тым, і з другім спраўляецца бездакорна.
Пад салодкі ўраджай у “Мацеевічах” вясной адведзена было 300 гектараў. Гэта найбольш, калі параўноўваць з гаспадаркамі-суседкамі па раёне. На жаль, 15 гектараў плошчаў давялося “спісаць” — віной таму ветравыя буры. Ну, а тым, што засталіся, як гаворыцца, дасталася: спачатку моцныя вятры дакучалі, потым — холад, потым — засуха. Нялёгкім сёлета быў шлях да ўраджаю.
Як і патрабавала тэхналогія, пад буракі ў “Мацеевічах” унеслі арганіку і тукі, чатыры разы палолі ад пустазелля, апрацоўвалі расліны борам, каб яны лягчэй пераносілі спёку, змагаліся з гніллю “сардэчка”.
Гібрыды “Мандарын”, “Нэнсі”, “Ангус” і “Моллі” адгукаліся на клопат агранамічнай службы сакавітым бацвіннем і прыростам кораня. Вырашана было пачаць уборку буракоў 12 верасня, у сухое надвор’е.
— Землі ў нас у асноўным пясчаныя, і ў дождж тэхніка гразне, — тлумачыць аграном. — Дый за раннія тэрміны капання можна крыху падзарабіць. Завод зацікаўлены ў атрыманні сыравіны — без перашкод прадаставіў нам чатыры адзінкі транспарту на адвозку, сельгастэхніка таксама дапамагае. Хлопцы-вадзіцелі паспяваюць за дзень зрабіць да сямі рэйсаў — выгрузіцца і вярнуцца. Усё, што накапалі, адразу здаём, у бурты не складваем — а гэта да 250 тон у дзень.
На рахунку мацеевіцкіх рупліўцаў 3200 тон салодкіх каранёў — 45 % ад дзяржзаказу.
— Справімся абавязкова, — запэўнівае другі аграном Ганна Васільчук. — Думаю, леташні “вал” перакрыем.
Ураджайнасць буракоў неблагая — звыш 350 цэнтнераў з гектара. Асабліва парадавала “Моллі” — караняплоды буйныя, добра сфарміраваныя. Цукрыстасць вышэй за базісную — 16,3 %, забруджанасць да 7 %. Яно і зразумела: на полі суха, пыл ажно ўецца за тэхнікай. А дождж пойдзе — у поле ні ўвайсці, ні ўехаць. Пакуль надвор’е на баку аграрыяў. Хаця дожджык не перашкодзіць іншым культурам. Час клапаціцца пра ўраджай будучага года.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара
На здымку: задаволены ўраджаем Аксана БЯЛЬЧУК, Аляксандр ЛЯЎЧУК і Ганна ВАСІЛЬЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top