Сэрцу карыснае слова

Сэрцу карыснае слова

У чарадзе светлых вясновых святаў паявілася і новае — Дзень праваслаўнай кнігі, зацверджанае Свяшчэнным сінодам Рускай праваслаўнай царквы з ініцыятывы патрыярха Кірыла. Дзень прыўрочаны да часу выхаду ў свет кнігі Івана Фёдарава “Апостал”, якая датуецца 14 сакавіка (1 сакавіка паводле старога стылю) 1564 года.
Гэтае свята адзначыла раённая дзіцячая бібліятэка, куды прыйшлі дарослыя і дзеці. Бібліятэкар Лілія Ятчанка расказала пра гісторыю рукапісных і друкаваных славянскіх кніг. Былі прадэманстраваны адпаведныя слайды.
Кніга — сапраўды каштоўная рэч. Шмат працы, любові трацяць людзі на яе выпуск. Асабліва трапяткое стаўленне да кніг, у якіх напісана пра Бога.  Пасля вядучай гэтую тэму прадоўжылі дзеці. Самым запамінальным стала азнаямленне з кніжнай выставай “Святло праваслаўя”. Юныя чытачы, беручы кнігі ў рукі, расказвалі пра кожную з іх: Біблію, Евангелле, Псалтыр, Жыціі святых, Малітваслоў. Гучалі духоўныя вершы з вуснаў Захара Макарука, Ганны Шорах, Ганны Андрасюк.

Другою часткаю свята стала знаёмства гасцей з унікальным рукапісным помнікам XVI стагоддзя — Слуцкім Евангеллем, адной з найвялікіх нацыянальных праваслаўных святыняў беларускага народа. Значнасць яго справядліва параўноўваюць з крыжам Еўфрасінні Полацкай. Свяшчэнную кнігу перапісаў у 1580-1582 гг. князь Юрый Алелькавіч, прадстаўнік слаўнага роду, сваяк святой Соф’і, княгіні Слуцкай. Не будучы манахам, ён выканаў працу спаўна манаскую. Доўгі і цяжкі шлях быў у гэтай каштоўнай кнігі.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны яна разам з іншымі каштоўнасцямі была вывезена з музея і, як лічылася, бясследна знікла. Вярнулася дзівосным чынам у 2003 годзе ў рукі мітрапаліта Філарэта. Евангелле захоўвала ў сябе адна сталічная жыхарка і нават не ўяўляла значнасць гэтай кнігі. У цяперашні час Слуцкае Евангелле знаходзіцца ва ўласнасці Беларускай праваслаўнай царквы. З 2005 па 2008 гг. працягвалася навуковае вывучэнне ўнікальнага рукапіснага помніка, у выніку чаго ён стаў даступны шырокаму колу карыстальнікаў. Створана яго электронная версія. У 2009г. выдавецтва Беларускага экзархата падрыхтавала і выпусціла ў свет факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля. За гэтую працу Беларуская праваслаўная царква годам пазней была ўдастоена найвышэйшай узнагароды ў галіне нацыянальнага кнігавыдання “Залаты фаліянт” і найвышэйшай узнагароды на Міжнародным кніжным конкурсе ў Маскве.
17 студзеня 2011г. у зале абласнога грамадска-культурнага цэнтра ў рамках праекта Міністэрства культуры, Беларускай праваслаўнай царквы і Нацыянальнай бібліятэкі “Вяртанне святыняў” прайшла ўрачыстая цырымонія перадачы факсімільнага выдання Слуцкага Евангелля бібліятэкам Брэстчыны, у тым ліку Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Мы ганарымся, што фонд папоўніўся такім рэдкім рукапісным выданнем. У нас ёсць таксама электронная версія рукапісу.
Зноў дэманстраваліся слайды, прысвечаныя тэме вечара. Затым яго ўдзельнікі слухалі настаяцеля Свята-Пакроўскага храма г.Жабінка Сергія Петрусевіча. Кніга, адзначыў ён, — гэта вялікі дар чалавеку ад Бога. Яна служыць не толькі для перадачы гістарычнай інфармацыі, а з’яўляецца і дзвярыма ў будучыню. Сёння нічога не заменіць кнігу. У электронным варыянце яе добра браць у дарогу, але чалавек не адчуе паху фарбаў, шолаху старонак, асалоды ад таго, што ён трымае кнігу ў руках. У заключэнне айцец Сергій сказаў: “Мы так часта скардзімся на жыццё, а самі не разумеем, што адказы на ўсе пытанні жыцця ўтойваюцца ў кнігах, якія змяшчаюць у сабе сэрцу карыснае слова. І, напэўна, нам усім варта як мага часцей звяртацца да праваслаўных кніг, поўных сэнсу і ісціны. Ва ўсім цывілізаваным свеце веданне Бібліі, Евангелля — паказчык узроўню культуры чалавека. Для хрысціян яны вечныя Кнігі жыцця…”.
Настаў час вызначыць самых актыўных чытачоў праваслаўнай літаратуры. Яны — у сям’і Шорахаў: Алена Віктараўна і дзеці Ганна, Фёдар і найменшая Ліза прачыталі 84 кнігі за год. На другім месцы шасцікласніца СШ №1 Марына Старыкевіч, на трэцім бібліятэкар ЦБС Вольга Грабарова. Прызы ад раённай дзіцячай бібліятэкі і кнігі ад Сергія Петрусевіча атрымалі 20 чалавек, дарослыя і дзеці. А ўсяго сярод лепшых чытачоў праваслаўнай літаратуры ў нашай бібліятэцы — 58 чалавек. Кожны ўдзельнік вечара атрымаў ад нас кніжную закладку “Дзень праваслаўнай кнігі”.
Галіна ХАНДРЫКА, намеснік дырэктара ЦБС па рабоце з дзецьмі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top