Аб рабоце Парламента — з першых вуснаў

Аб рабоце Парламента — з першых вуснаў

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Белавежскай выбарчай акрузе № 8 Жанна Стаціўка сустрэлася з працоўным калектывам філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжрайбаза”.
Жанна Уладзіміраўна расказала аб рабоце Парламента. Падкрэсліла: інфармаванне насельніцтва — адзін з аспектаў дзейнасці дэпутатаў. А выступленні ў калектывах дапамагаюць ім лепей разумець, што хвалюе выбаршчыкаў, каб потым удасканальваць законапраекты.
Так, напрыклад, на вясновай сесіі (красавік-чэрвень) было прынята каля 90 законапраектаў, а на восеньскую, якая пачнецца ў кастрычніку, запланавана каля 60.
Закранула Жанна Уладзі-міраўна ў сваім выступленні шмат актуальных тэм. Сярод агучаных, напрыклад, будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў, якія пераязджаюць з вёскі ў горад. Здавалася б, яно вырашае ў адзін момант шмат праблем, але і нараджае новыя: сельгасарганізацыі пакідаюць працоўныя рукі, вызваляюцца месцы ў вясковых садах і школах, што ставіць іх пад пагрозу закрыцця. Таму на ўсіх узроўнях неабходна вырашаць, як ствараць умовы шматдзетным сем’ям у сельскай мясцовасці: удасканаліць сістэму крэдытавання на набыццё жылля, ці на прыбудову да ўжо існуючага, або на яго рэканструкцыю.
Пасля свайго выступлення дэпутат выслухала пытанні ад сваіх выбаршчыкаў, якія цікавіліся тым, што ўдалося зрабіць у нашай акрузе (а яна ахоплівае Маларыцкі, Камянецкі і Жабінкаўскі раёны). Жанна Стаціўка, як аказалася, за апошні год толькі ў Жабінцы правяла 10 прыёмаў грамадзян, столькі ж “прамых тэлефонных ліній”, разгледзела звароты 66 жабінкаўцаў. З глабальных задач, якія дэпутат ставіла перад сабой і якія давялося вырашыць — падвядзенне прыроднага газу ў аграгарадок Вялікія Якаўчыцы і будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў аграгарадку Ракітніца.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top