Глыбіня простых слоў

Глыбіня простых слоў

МАРА ЧАЛАВЕЦТВА — гэта свет, што не ведае пагроз. Так, хочацца, каб у жыцці самай вялікай небяспекай былі навальнічныя сполахі ды шквалісты вецер, а не выбухі вогненных ліхалеццяў.
На жаль, гісторыя прыносіць безліч прыкладаў, калі на змену міру прыходзіў яе антыпод — вайна. Навукоўцы падлічылі: на нашай планеце ўжо адбылося больш за тры тысячы войнаў, каля дзвюх соцень непасрэдна закранулі Беларусь. І гэта толькі тыя, што патрапілі на старонкі пісьмовых крыніц. Пасля кожнага разбурэння патрабаваліся дзесяцігоддзі, каб залячыць раны. Найбольш глыбокі след пакінула Вялікая Айчынная: толькі ў 1974-м, апошняй сярод саюзных рэспублік, Беларуская ССР дасягнула даваеннай колькасці насельніцтва…
Яшчэ з юнацкіх гадоў мне даводзілася шмат слухаць сведкаў таго ліхалецця, франтавікоў і былых партызан. Многія з іх, згадваючы былое (відаць, яно гарэла вугольчыкамі ў памяці…), прамаўлялі, як заклінанне: “Толькі б не было вайны”. І зычылі ад сябе і тых, хто загінуў: “Усім мірнага чыстага неба над галавою… Беражыце мір!” Напэўна, тады, зусім яшчэ маладым, не адчуваў усёй глыбіні гэтых простых слоў.
Настаўнікам малявання быў у нас колішні франтавік Міхаіл Карнееў. Надзяваў свае ордэны і медалі Міхаіл Паўлавіч рэдка. Неяк у Дзень Перамогі пабачыў іх на ягоным пінжаку і зачараваўся “золатам”, што сабраў ветэран на франтавых дарогах. Міжволі спытаўся: “А якая ў вас самая дарагая ўзнагарода?” Мастак пахістаў скрушна галавою: “Найдаражэйшае — што жывы вярнуўся, хоць столькі давялося пабачыць гора і смерці. Любы медаль аддаў бы за тое, каб не адчуваць болю ад ваеннай раны”.
Калі аднойчы ён прапанаваў на ўроку намаляваць мір, быў вельмі незадаволены, што хлопцы разам з кветкамі ды ўсмешлівымі людзьмі змясцілі на паперы гарматы і танкі… Маўляў, мір — гэта не яркі парад, а гарманічны жыццёвы парадак, пазбаўлены зброі. Яе і так занадта шмат назапашана ў белым свеце…
Назіраючы за сённяшнімі дзецьмі, упэўніваюся ў справяд-лівасці слоў колішняга настаўніка. Атуленыя клопатам дарослых, пакуль яны бачаць свет выключна святочным, радасным, але павінны ведаць сапраўдны кошт міру, здабытага для нашай зямлі папярэднімі пакаленнямі.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Святланы КІСЛАЙ

На здымку: адна з тых, каму пашчасціла нарадзіцца ў Дзень міру, — Сашанька ЖЫВАЕВА (у цэнтры), выхаванка ясляў-сада № 5 г. Жабінкі. Сёння ёй тры годзікі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top