У цэнтры ўвагі – перапіс насельніцтва

У цэнтры ўвагі – перапіс насельніцтва

17 верасня ў зале пасяджэнняў райвыканкама ў рэжыме відэаканферэнцыі адбыўся семінар “Аб падрыхтоўцы і правядзенні перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 года”.

Аб асноўных задачах і накірунках дзейнасці па якасным правядзенні дадзенага мерапрыемства расказаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк.

На важных асаблівасцях падрыхтоўкі і правядзення перапісу, ключавых момантах спыніліся начальнік галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці Вольга Вілаўская, яе намеснік, начальнік аддзела дэмаграфічнай статыстыкі і перапісу насельніцтва Наталля Томашава.

Так, Вольга Мікалаеўна нагадала, што ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 кастрычніка 2016 г. № 384 “Аб правядзенні ў 2019 годзе перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь” чарговы пройдзе з 4 па 30 кастрычніка. Гэта трэці перапіс за час існавання суверэннай Беларусі (папярэднія праходзілі ў 1999 і 2009 гадах). Усе работы па яго падрыхтоўцы і правядзенні вядуцца ў адпаведнасці з каляндарным планам мерапрыемстваў, рашэннямі часовай абласной камісіі па садзейнічанні перапісу насельніцтва Брэсцкай вобласці 2019 года, а таксама раённых і гарадскіх камісій. Прыняць удзел у мерапрыемстве магчыма будзе адным з трох спосабаў: перапісацца праз сетку інтэрнэт, адказаць на пытанні перапісчыка на стацыянарным (мабільным) участку ці па месцы жыхарства.

Так, інтэрнэт-перапіс будзе праводзіцца з 4 па 18 кастрычніка. Падчас яго можна самастойна запоўніць перапісныя лісты з дапамогай распрацаванага спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў інтэрнэце.

Стацыянарныя ўчасткі, размешчаныя ў спецыяльных памяшканнях, прадастаўленых гаррайвыканкамамі, будуць працаваць на працягу ўсяго тэрміну правядзення перапісу – з 4 па 30 кастрычніка.

З 21 па 30 кастрычніка перапісчыкі наведаюць і апытаюць толькі тых грамадзян, якія не далі адказы праз інтэрнэт ці не прайшлі апытанне на стацыянарных (мабільных) участках.

Кантрольныя абыходы пройдуць з 1 па 6 лістапада. Перапісчыкі наведаюць 9 тысяч адрасоў.

Вольга Вілаўская падкрэсліла, што з 1 па 30 кастрычніка будзе праведзена рассылка смс-паведамленняў інфармацыйна-растлумачальнага характару аб правядзенні перапісу насельніцтва з указаннем яго інтэрнэт-адраса. Аб гэтым будуць нагадваць білборды, рэкламныя ролікі.

З мэтай забеспячэння інфармацыйнага ўзаемадзеяння з насельніцтвам у перыяд правядзення мерапрыемства ў Белстаце будзе арганізавана работа адзінага кол-цэнтра (нумар тэлефона 8-801-100-3131, званок бясплатны), а ў галоўным статыстычным упраўленні Брэсцкай вобласці будзе працаваць “гарачая лінія” (нумар тэлефона (80162)20-37-20). Час работы з 9.00 да 21.00 з 4 па 30 кастрычніка без выхадных.

Наталля Томашава падрабязна спынілася на рабоце праграмнага забеспячэння інтэрнэт-перапісу, расказала якім чынам патрэбна запаўняць старонкі анкеты.

Пасля завяршэння відэаканферэнцыі ўдзельнікі семінара абмеркавалі пытанні аховы перапісчыкаў, працягласці іх рабочага тыдня, адсутнасці магчымасці інтэрнэт-перапісу ў аддаленых вёсках.

Алёна НІКАНЧУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top