Нялёгка быць першым

Нялёгка быць першым

На яго магіле — тыя ж словы, што сталі назвай нашага праекта: “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Сапраўды, імя і справы Аляксея Дзмітрука не забытыя, хоць і ёсць на пліце невялікая недакладнасць…
ЯЕ МОЖНА ЗРАЗУМЕЦЬ, ведаючы, наколькі паважліва згадваюць пажылыя людзі і супрацоўнікі міліцыі пра нараджэнца вёскі Сцяброва Аляксея Данілавіча ДЗМІТРУКА (1907–1942). На шыльдзе ён названы першым начальнікам Жабінкаўскага РАУС, хоць быў толькі оперупаўнаважаным. Аднак менавіта яму было суджана стаяць ля вытокаў арганізацыі правапарадку.
Да верасня 1939 года Аляксея чакалі сур’ёзныя жыццёвыя выпрабаванні. Юнаком уладкаваўся на чыгунку, дзе загарэўся ідэямі вызвалення краю, уліўся ў шэрагі КПЗБ ды смела ўключыўся ў падпольную барацьбу, нават стаў сакратаром падпольнага Жабінкаўскага райкама партыі. Трапіў пад пільнае вока паліцыі. У выніку — суд, першае (у 1929-м) зняволенне, затым — паўторнае. Дзмітрук непасрэдна быў сярод арганізатараў гучнай забастоўкі працаўнікоў Кобрынскай лесапільні, у якой паўдзельнічалі больш за дзве сотні рабочых.
За гэта Аляксей Дзмітрук быў пакараны на 12 гадоў турмы, але адсядзеў толькі пяць. Дзверы вязніцы Равічы расчыніліся насцеж у верасні трыццаць дзявятага, калі прыйшла жаданая свабода.
Як ужо гаварылася, Аляксей Данілавіч узначаліў атрад самаабароны, быў абраны дэлегатам на Народны сход, што праходзіў напрыканцы кастрычніка ў Беластоку. Аляксей Дзмітрук стаў адным з тых, хто падаў свой голас за аб’яднанне ўсходняй і заходняй Беларусі ў адзіную дзяржаву. У красавіку 1940 года Аляксей папрасіўся на аператыўную работу, стаўшы ўпаўнаважаным крымінальнага вышуку. Як пачалася вайна, у аддзеле міліцыі сабраліся ўсе супрацоўнікі. У тыл паспелі адправіць эшалон з сем’ямі, а ў абед самі выехалі ў глыб краіны. Восенню Аляксей Дзмітрук апынуўся сярод бранскіх партызан.
Аднак яму хацелася змагацца на радзіме, і перад самым Новым годам Дзмітрук таямніча вярнуўся на Жабінкаўшчыну, дзе звязаўся з атрадам Чарнака. Менавіта Аляксей Данілавіч вясной 1942 года кіраваў разгромам гарнізона ў Якаўчыцах. Аднак яму наканавана было нядоўгае жыццё. 23 жніўня Дзмітрук выправіўся ў мястэчка на чарговае заданне. Паблізу Багуславічаў (сённяшняга Залуззя) партызан натыкнуўся на паліцэйскі кардон і загінуў у сутычцы.
На гарадскіх могілках на вуліцы Міру беражліва ахоўваецца яго магіла, за якой наглядаюць цяперашнія нашчадкі славутых міліцэйскіх традыцый. Імем Аляксея Дзмітрука названа адна з гарадскіх вуліц у Жабінцы. На будынку РАУС вісіць мемарыяльная дошка. На ёй імя-згадка пра славутага земляка, падпольшчыка, аператыўніка, партызана, што пражыў кароткае, але яркае жыццё.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: каля помніка на магіле Аляксея ДЗМІТРУКА на вуліцы Міру ў Жабінцы заўсёды кветкі і вянкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top