Наканавана выжыць

Наканавана выжыць

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

Сёння дзень асаблівы, пра такія гавораць: векапомны. І святочным яго цяжка назваць. Лепш сказаць: Дзень-рэквіем, Дзень памяці, калі з амвонаў згадваюць пра лёс Іаана Хрысціцеля, а на месцы колішняй вёскі Драмлёва — пра тых шматлікіх ахвяр, што панесла наша жабінкаўская зямля 77 гадоў таму.
ВЯДОМА, ЯК ПРАМАЎЛЯЕМ назву “Драмлёва”, найчасцей згадваем пра мірных жыхароў, закатаваных карнікамі на Галавасек 1942 года. Сёння ж размова пра драмлёўцаў, якія выжылі.
Цягам пяці гадоў, старанна вывучаючы дакументы, занатоўваючы ўспаміны сведкаў трагедыі 11 верасня 1942 года, пакрысе збіраў мазаіку таго трагічнага ранку. Вядома, найчасцей даводзілася расказваць пра загінулых у “вогненнай вёсцы”. Гэта было зразумела, паколькі патрабавалася, у тым ліку, высветліць колькасць ахвяр. У выніку яна склала 183 чалавекі. За гэты час назапашаны багаты матэрыял, і цяпер можна пра кожную спаленую сям’ю расказваць доўга і ў падрабязнасцях.
Аднак зараз — крыху пра тых, хто пазбегнуў расправы 11 верасня. У дзень, калі гарэла Драмлёва, жывымі з агню выйшлі падлеткі Міхаіл ДАНІЛЮК, Віталь ЧАХЛОЎ, Мікалай ЯРМАШУК і Дзмітрый ЮРАСІК. Пашчасціла ўратавацца таксама дзецям мясцовага паліцэйскага — Івану і Надзеі ГУДКО. Надзея была паранена ў шыю, хавалася на мажэйкаўскіх хутарах, пакуль дзяўчыну не адшукаў бацька. Зразумела, у спісы спаленых імя Надзеі не патрапіла. А вось яе брат Іван дасюль пазначаны на плітах помніка, змешчанага на Сцяпанкаўскіх могілках. Хоць дзякуючы архіўным звесткам вядома: пасля заканчэння Вялікай Айчыннай Іванаў след згубіўся недзе ў Германіі. Мо й цяпер ёсць на зямлі яго нашчадкі?
Акрамя названых, у жывых засталіся драмлёўцы, якія ў трагічны дзень па розных прычынах апынуліся ў іншых месцах: Валянціна АГАРАДНІЧУК (у замужжы Ялангава), Дзмітрый АГАРАДНІЧУК, Ефрасіння АГАРАДНІЧУК (Гаўрысюк), Іван (Хуан) АГАРАДНІЧУК, Іосіф АГАРАДНІЧУК, Марыя АГАРАДНІЧУК, Любоў АЛІЗАРКА (Іванюковіч), Ніна АЛЯСЮК (Канючка), Марыя ГАНЧУК, Антаніна ГУДКО, Максім ГУДКО, Мікалай ГУДКО, Сяргей ГУДКО, Вера ДАНІЛЮК (Крывец), Матрона ДАНІЛЮК (Алізарук), Аксіння ДЗЕНІСЮК (Мацкевіч), Вера КІСЛАЯ, Канстанцін ЛЯЎЧУК, Павел ЛЯЎЧУК, Еўдакія РАЗУМНІК (Кобец), Таццяна ТАЙКА, Домна ШАЎЧУК, Вера ЮРАСІК (Кулінчык), Вера ЮРАСІК (Купіч), Ефрасіння ЮРАСІК, Рыгор ЮРАСІК, Сямён ЮРАСІК, Пелагея ЯРМАШУК (Магер).
У пералічаным спісе — больш за тры дзясяткі асоб, аднак сёння спынімся толькі на адным, чые грудзі ўпрыгожылі баявыя ўзнагароды.
Мікалай Мікітавіч ГУДКО нарадзіўся ў 1915-м у Драмлёве. Як прыйшло вызваленне, летам 1944 года быў прызваны Жабінкаўскім райваенкаматам у Чырвоную Армію. Трапіў баец з палескай вёскі, якая ператварылася ў попел, на І-ы Украінскі фронт, у 1108-ы лёгкі артылерыйскі полк 168-й артылерыйскай ордэна Багдана Хмяльніцкага брыгады 4-й артылерыйскай дывізіі прарыву. Меў вялікае жаданне адпомсціць катам за страшную расправу. Якраз набліжаўся час гарачых баёў: з 13 снежня 1944 года па 11 мая 1945-га полк быў у дзеючай арміі. За адвагу, мужнасць грудзі Мікалая Мікітавіча напрыканцы вайны ўпрыгожыў медаль “За баявыя заслугі”, атрыманы ў баі пад вёскай Грос-Луя.
На здымку: драмлёвец Іван АГАРАДНІЧУК, які жыве ў Аргенціне, праз дзесяцігоддзі наведаў родны край, каб схіліць калені на месцы спаленай вёскі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top This site is protected by WP-CopyRightPro