Спытае карова, ці кармоў дастаткова

Святлана КІСЛАЯ.
Фота аўтара.
У ААТ “Жабінкаўскі” ўпэўнены: кармоў грамадскаму пагалоўю на будучую зімоўку, якая ўжо не за гарамі, абавязкова хопіць.
— На адну ўмоўную галаву нам неабходна нарыхтаваць не меней за 27 цэнтнераў кармавых адзінак, — расказвае дырэктар гаспадаркі Міхаіл Вячорка. — З траў ужо закладзена ў траншэі 11 ц. к. а., астатнія 16 “дабя-ром” з кукурузы. Летась назапасілі 23 тысячы тон кукурузнага сіласу (яго хапіла да новага ўраджаю), сёлета, мяркуем, гэтая лічба будзе большая на 3,5-4 тысячы тон.
Улічваючы, што насу-шылі 2 тысячы тон сена (найбольш сярод сельгасарганізацый на Жабінкаўшчыне), заклалі 11,8 тысячы тон сенажу (у два (!) разы больш, чым летась), нарыхтавалі 700 тон зернесенажу, зімоўка для нашых рагуль абяцае быць сытнай.
Статак у “Жабінкаўскім” немаленькі — 5200 галоў. Каб пракарміць жывёлу, вядома ж, патрэбны якасныя кармы. Агранамічная служба паклапацілася, каб зялёная маса ў меню жывёлы была з ранняй вясны і да позняй восені, а калі на палі ляжа снег, у кармушках кароў, цялушак і маладняку бу-дзе ўдосталь якасных сена, сенажу, сіласу і канцэнтратаў. Калі летам назапашвалі сена і сянаж, дык зараз надышоў час уборкі кукурузы на корм. “Каралева палёў” раскінулася на тэрыторыі “Жабінкаўскага” на плошчы 1250 гектараў, частка іх ужо ўбрана.
— Сёлета вырошчвалі гібрыды айчыннай і замежных селекцый, — расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці Ганна Плытнік, — “Ізберы”, “Луіджы”, “Джокары”, “Рыкардзіньё”, “Палескі”. Некаторыя гатункі вельмі парадавалі, ад іншых, відавочна, на будучы год адмовімся. Пачалі ўбіраць, як звычайна гэта робіцца, з падгарэлых плошчаў, цяпер перабраліся на лепшыя. Ураджайнасць радуе — да 500 цэнтнераў зялёнай масы з гектара, што дазволіла закласці ўжо трэцюю траншэю з сіласам ля фермы “Панцюхі” — а гэта звыш 4 тысяч тон. Збіраемся яшчэ ўзвесці сіласную траншэю ля курпіцкай фермы, неабходны будаўнічы матэрыял набываем…
Пакуль стаіць цёплае, сухое надвор’е і сцябліны кукурузы зялёныя, нашы хлопцы-нарыхтоўшчыкі рупяцца ўвесь светавы дзень. Юрый Ахрымук на “Ягуары”, а Уладзімір Гурын — на КВК-800 акуратна і аператыўна, пакос за пакосам убіраюць сцябліны, а вадзіцелі васьмі аўтамабіляў хуценька дастаўляюць зялёную масу да фермаў, дзе яе шчыльна “папрасуюць” з кансервантамі магутныя трактары. Кукурузу спецыяльна сеялі бліжэй да фермаў, каб менш траціць паліва на перавозку. 290 гектараў пасеваў вырашылі пакінуць на зерне. Думаецца, атрымаем прыкладна 2,5 тысячы тон — гэта дадатковы корм жывёле.
На здымку: Юрый АХРЫМУК, Уладзімір УГЛЯНІЦА, Вячаслаў ПЯСЕЦКІ, Уладзімір ГУРЫН, Міхаіл ВЯЧОРКА, Аляксей КАНЮЧКА, Уладзімір КАЗУСІК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда