Пра развіццё раёна і перапіс насельніцтва

Пра развіццё раёна і перапіс насельніцтва

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.
На мінулым тыдні інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Віталем Кулаком сустрэлася з калектывам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Кіраўнік раёна азнаёміў прысутных з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першае паўгоддзе бягучага года, расказаў пра выкананне ключавых паказчыкаў, прааналізаваў, па якіх прычынах некаторыя не ўдалося выканаць. Асобна Віталь Уладзіміравіч спыніўся на сітуацыі на рынку працы — адным з хвалюючых пытанняў у рэгіёне. Ён адзначыў, што за шэсць месяцаў сёлета працаўладкаваны 122 чалавекі, у тым ліку 51 беспрацоўны. На перанавучанне накіраваны трое, для 18 беспрацоўных арганізаваны аплачваемыя грамадскія работы. На сённяшні дзень у раёне налічваецца 190 вакансій. Сярод іх не толькі рабочыя спецыяльнасці, але і прапановы для спецыялістаў.
Непадробную цікавасць ва ўдзельнікаў сустрэчы выклікала і тэма будаўніцтва жылля ды іншых аб’ектаў у горадзе-спадарожніку Брэста, інфраструктура якога бачна паляпшаецца.
Старшыня райвыканкама паведаміў, што ў хуткім часе чакаецца рэканструкцыя рынку на вуліцы Леніна. “Некаторыя павільёны-“будкі” псуюць агульны выгляд, — заўважыў ён. — Іх трэба мяняць на ралеты. І ўвогуле пераходзіць на новы ўзровень гандлю больш якаснымі таварамі, палепшыць абслугоўванне. Таксама ёсць папярэдняя дамоўленасць з фірмай “Маrk Formelle”, магчыма, неўзабаве ў Жабінцы з’явіцца іх магазін”.
Затым работнікі райЦГЭ мелі магчымасць задаць пытанні кіраўніку раёна. У прыватнасці, іх цікавіла, ці чакаецца ў бліжэйшы час грэйдзіраванне вуліц Лесапаркавай (яе працягу да Здзітава), Германовіча і Сонечнай у Жабінцы. Здзітаўцы не задаволены якасцю мабільнай сувязі і інтэрнэту. Іншыя звярнулі ўвагу, што каля пляцоўкі для варкаўта ў райцэнтры няма урнаў для смецця. Урач-гігіеніст Уладзімір Лапус узняў актуальнае пытанне рэалізацыі праграмы “Жабінка — здаровы горад”, комплексны план якой рыхтуецца на 2019-2024 гады. Уладзімір Ханонавіч звярнуўся да старшыні райвыканкама з просьбай пасадзейнічаць у заахвочванні тых, хто вядзе здаровы лад жыцця і будзе актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах праграмы. Асобныя пункты ў ёй — прафілактыка тытунекурэння і ўжывання алкагольных напояў — тэмы актуальныя і надзённыя.
Затым выступіла намеснік начальніка аддзела статыстыкі Жабінкаўскага раёна Вераніка Гарус. Яна нагадала, што з 4 па 30 кастрычніка ў нашай краіне пройдзе чарговы перапіс насельніцтва. Яго адрозненне ад папярэдніх у тым, што грамадзяне змогуць самі і ў зручны для іх час адказаць на пытанні ў інтэрнэце. Другі спосаб — запоўніць апытальныя лісты на стацыянарных участках. Трэці — у сябе дома падчас вуснага апытання, якое правядзе перапісчык.
Скарыстацца першымі двума спосабамі можна бу-дзе, пачынаючы з 4 кастрычніка. Перапіс праз інтэрнэт прадоўжыцца па 18 кастрычніка. Гэта самы хуткі і зручны спосаб, падкрэсліла Вераніка Сяргееўна. Дадзеныя пра тое, як карыстацца праграмай, будуць апублікаваны пазней на інфармацыйных лістоўках, праз СМІ і смс-паведамленні.
З 19 па 20 кастрычніка пройдзе падлік рэспандэнтаў, якія запоўнілі анкеты ў інтэрнэце. Іх адрасы, як і адрасы сваякоў, за якіх запоўнілі перапісныя лісты інтэрнэт-карыстальнікі, будуць выключаны з пераліку для наведвання перапісчыкамі.
З 21 па 30 кастрычніка перапісчыкі апытаюць рэспандэнтаў па месцы жыхарства ці знаходжання. Стацыянарныя ўчасткі будуць адкрыты кожны дзень увесь перыяд перапісу.
Намеснік начальніка аддзела статыстыкі заклікала прысутных не ігнараваць такую значную для нашай дзяржавы падзею і прыняць актыўны ўдзел у перапісе.

Popularity: 1%

Top