Жабінкаўская сельгастэхніка працуе на ўраджай

Жабінкаўская сельгастэхніка працуе на ўраджай

Напрыканцы сакавіка ў ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” прайшоў сход калектыву, на якім падводзіліся вынікі работы за мінулы год. Паказчыкі вытворча-эканамічнай дзейнасці прадпрыемства станоўчыя. Выканана  і аказана паслуг на суму 19,4 мільярда руб., што да ўзроўню 2010-га складае 159,6% у дзеючых цэнах. Атрымана выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг 16,3 мільярда руб., прырост да аналагічнага перыяду — 6 мільярдаў руб. Балансавы прыбытак —143 млн. руб., у тым ліку чысты — 8 млн.
Райсельгастэхніка — шматгаліновае прадпрыемства, якое аказвае розныя віды паслуг. Сённяшняя наша размова з дырэктарам Уладзімірам Мікалаевічам Дземідзюком, які чатыры гады ўзначальвае гэты калектыў, а агульны стаж працы тут вымераецца больш чым трыма дзясяткамі. На яго вачах, у тым ліку і дзякуючы яму, прадпрыемства развівалася, умацоўвалася ў тэхнічным плане. Уладзімір Мікалаевіч, якія цяпер асноўныя накірункі дзейнасці арганізацыі?
— Мы, як і працаўнікі вёскі, клапоцімся пра будучы ўраджай з ранняй вясны, нават з зімы. Наш мехатрад шчыруе на вывазцы і ўнясенні арганікі і мінеральных угнаенняў, вапнаванні кіслай глебы, хімахоўных работах. Затым чарга выхаду ў поле звяна нарыхтоўкі сенажу і сіласу, а таксама збожжаўборачных камбайнаў і тэхнікі, што задзейнічана на адвозцы. Толькі летась мехатрад аказаў гаспадаркам паслуг на 2,5 мільярда рублёў, а гэта 163,4% да 2010 года.

Дарэчы, сельгастэхніка пастаянна пашырае аб’ёмы работ. Возьмем хоць бы аўтатранспартныя паслугі. Тут занята 15 МАЗаў і 5 КАМазаў. У мінулым годзе, напрыклад, вывезлі з сельгаспрадпрыемстваў раёна каля 60% цукровых буракоў.
Запатрабаваныя па-ранейшаму нашы паслугі ў рамонце і тэхнічным абслугоўванні машына-трактарнага парка. Цяпер заканчваем падрыхтоўку корманарыхтоўчай тэхнікі, на падыходзе — збожжаўборачныя камбайны.
Участак аграхімабслугоўвання — гэта таксама адно з нашых падраздзяленняў, дзе працуе пяць чалавек. Іх задача — забеспячэнне і адпраўка ў гаспадаркі мінеральных угнаенняў.
Выконваем усе віды паслуг у мантажы і рамонце электраабсталявання, правядзенні электравымяральных работ. Заказы ёсць не толькі ад сельгасвытворцаў, заключаем дагаворы і з аддзелам адукацыі, і з медыкамі. Словам, стараемся не ўпускаць кліентаў, гэта нашы грошы.
Спецыфічны ў нас будаўніча-мантажны ўчастак. Ён з’явіўся ў арганізацыі не так даўно. Падабраны і муляры, і тынкоўшчыкі, і маляры. Лічу, што вялікі плюс у яго стварэнні. Гэта дапамагло нам сваімі сіламі летась пабудаваць пяць аднакватэрных дамоў для работнікаў прадпрыемства. Сёлета запланавалі ўзвядзенне яшчэ двух. Вядома, такім чынам мяркуем прыцягнуць у арганізацыю высокакваліфікаваных спецыялістаў.
— Уладзімір Мікалаевіч, гадоў 10 таму як у сельгастэхніцы быў створаны дылерскі цэнтр “Гомсельмаша”, наша газета пісала пра гэта. Памятаю, як некаторыя выказваліся скептычна супраць новай структуры. Маўляў, не будзе ніякай карысці, лішнія клопаты…

— Цяпер пра гэта нават мовы няма. І калі, скажам, аўтатранспартныя паслугі прыносяць нам страты, дык дылерскі цэнтр — прыбытак. За 2011 год цэнтрам выканана работ і паслуг на 1504 мільёна рублёў, што да мінулагодняга 115%. Згодна дагавора з РУП “Гомсельмаш” атрымліваем іх тэхніку, камлектуем (чыгункай негабарытны груз ідзе без колаў і інш.), абкатваем і рэалізуем сельгаспрадпрыемствам, а потым выконваем гарантыйнае і паслягарантыйнае тэхнічнае абслугоўванне. Тэхніку адпраўляем у пяць раёнаў — наш, Камянецкі, Кобрынскі, Маларыцкі і Брэсцкі. Толькі летась дылерскім цэнтрам прынята і перададзена ў гаспадаркі звыш 60 адзінак тэхнікі на суму каля 35 мільярдаў рублёў.
Вялікі плюс, што мы набылі шырокі вопыт у абслугоўванні і рамонце высокапрадукцыйных машын, стварылі неблагую вытворчую базу. Дарэчы, адна з галоўных задач — своечасовая пастаўка запасных частак на ўвесь комплекс сельгасмашын, у прыватнасці, толькі ў дылерскім цэнтры “Гомсельмаша” на сервісным абслугоўванні знаходзіцца звыш 700 сельгасмашын, 160 — на гарантыйным. А ўвогуле за мінулы год рэалізавалі запасных частак да тэхнікі розных вытворцаў на суму да 3 мільярдаў рублёў.


Летась асвоілі выраб гідраўлічных рукавоў высокага ціску. Для гэтага закупілі абсталявання болей чым на 100 мільёнаў рублёў. За першы квартал зарабілі на гэтым віду работ звыш 20 мільёнаў рублёў.
Безумоўна, адно са складаемых паспяховай работы цэнтра, што тут падабраліся высокакваліфікаваныя спецыялісты, сярод якіх слесары Аляксандр Саўчук, Сяргей Кірылін, электрык Мікалай Андрайчук, якія стаялі ў вытокаў яго стварэння, умела арганізуе іх мой намеснік Ігар Дулевіч.
Добрае супрацоўніцтва з “Гомсельмашам” прыдало ўпэўненасці, што трэба пашыраць участак, знаходзіць новых партнёраў. І летась мы заключылі падобныя дагаворы з прадпрыемствамі “БабруйскАграМаш” і “Амкадор”. З першым ёсць дагаворанасць аб рэалізацыі іх тэхнікі на выгадных для нас умовах: першы ўзнос — 20% ад поўнага кошту, астатняя сума дзеліцца на паўгода. За 1 квартал гэтага года прадалі ўжо на 1,5 мільярда рублёў. Спадзяемся на далейшую плённую дзейнасць дылерскага цэнтра.
— Сёлета ў раёне намечана актыўная рэканструкцыя і будаўніцтва малочнатаварных ферм. На адной з нарад гаварылася, што ў райсельгастэхніцы будуць рабіць стойлавыя рамы для жывёлагадоўчых памяшканняў…
— Так і ёсць. Гэта адзін з новых відаў паслуг. Зрабілі спецыяльны стэнд, каб гнуць рамы. Прычым. змайстравалі ўсё спецыялісты сельгастэхнікі з абсталявання, якое было ва ўжыванні. Скажам, танна і добра, без асаблівых выдаткаў. Думаю, наша “ноу-хау” дазволіць гаспадаркам крыху зэканоміць сродкі, а ў нас з’явяцца новыя заказы. Ужо ёсць дамоўленасць на выраб іх з СВК “Вазнясенскі”, “Маціевічы”, “Рагазнянскі”, “Шпіталі”, “Арэпічы”, ПУАП “Азяты”.

Займаемся будаўніцтвам і зернесушылак, і сянажных ям. Цяпер нашы спецыялісты запоўнілі і гэтую нішу. У СВК “Хмелева” летась залілі падмурак пад ЗСК-30, сёння выконваюць мантажныя работы.
— Уладзімір Мікалаевіч, на сходзе вашага калектыву прагучала, што адна з праблем — несвоечасовыя разлікі сельгасарганізацый…
— І запазычанасць не маленькая — 3,5 мільярда рублёў. Больш усяго за паслугі аўтатранспарту мехатрада, станцыі тэхнічнага абслугоўвання машынна-трактарнага парка. Каб хутчэй грошы вярталіся, пару гадоў таму адкрылі свой магазін. Гаспадаркі разлічваюцца з намі прадукцыяй — збожжам, гароднінай, якая запатрабаваная і ў нашых работнікаў, і ў жабінкаўцаў.
— На прадпрыемстве працуе 140 чалавек. Многія з іх верай і праўдай служаць сельгастэхніцы. Прыходзяць талковыя і маладыя кадры. Хацелася б, каб вы назвалі іх прозвішчы.
— Заўжды можна быць упэўненым, што сумленна справяцца з даручанай работай вадзіцелі Аляксандр Брэнь і Сямён Сапін, слесар-рамонтнік Аляксандр Анісімаў. Залатыя рукі ў нашага токара Мікалая Пятручыка. Зусім па-іншаму пайшлі справы, калі ўчастак абслугоўвання і рамонту жывёлагадоўчага абсталявання ўзначаліў адукаваны спецыяліст Юрый Давыдоўскі. Нядаўна працуе, а змог выдатна арганізаваць людзей. Станоўча сябе зарэкамендавалі маладыя інжынеры дылерскага цэнтра Дзмітрый Панасюк і Аляксандр Ермакоў. Добрых слоў заслугоўвае мой намеснік Аляксандр Саковіч, які займаецца забеспячэннем і рэалізацыяй запасных частак. Гэты спіс можна прадоўжыць. На такіх людзях трымаецца калектыў.
— А як іх матэрыяльна і маральна падтрымліваюць?
— Зарплаты ў нас невялікія. Сярэдні заробак за 2011 год — 1,4 млн. руб., а за першы квартал сёлетняга — 1,7 млн. Але, хто стараецца, добрасумленна працуе, атрымлівае больш. Не забываемся такім, напрыклад, да свята грамату ўручыць, прэміяй адзначыць.
Клапоцімся пра ўмовы працы работнікаў. Пастаянна займаемся добраўпарадкаваннем тэрыторыі арганізацыі. Толькі летась, каб заасфальтаваць яе патрацілі 150 мільёнаў рублёў. Сёлета ў планах зрабіць бытавыя памяшканні. Думаю, гэта нам пад сілу.
Гутарыла Святлана МІКАЛАЕВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top