Руплівіцы прыгожы юбілей

Руплівіцы прыгожы юбілей

У пачатку кожнага месяца ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва праз раёнку віншуюць юбіляраў шаноўнага ўзросту, пачынаючы ад 70 гадоў і старэйшых. Але заўважыла, што спіс 90- і 95-гадовых імяніннікаў, на жаль, нашмат карацейшы, чым, да прыкладу, 75-ці або 80-гадовых.
Сярод паважаных юбіляраў ліпеня, што адзначылі 90-ы дзень нараджэння, віншавалі і Надзею Навумаўну Несцярук. Пры сустрэчы я ўбачыла радасць у вачах гэтай жанчыны ад таго, што яе не забылі і даслалі добрыя пажаданні.
На святкаванні юбілею Надзеі Несцярук былі дзеці, унукі, праўнукі. Патэлефанавала пляменніца з ЗША, з Нью-Ёрка, прыйшлі павіншаваць іншыя родныя, суседзі. Цёплыя пажаданні атрымала і ад унукаў Расохіных — выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.
Каб захаваць незабыўныя імгненні юбілею, праўнучка Надзеі Навумаўны здымала ўсё на відэакамеру. Столькі было ўвагі і клопату, пяшчоты і любові выказана імянінніцы!
Надзея Навумаўна паглыбілася ва ўспаміны, прыгадала свой працоўны шлях.
…1944-47 гады. Салдаты Чырвонай Арміі вызвалілі нашу Жабінку і вёску Абрамавічы (цяпер вуліца Палявая ў горадзе). Мірныя жыхары паціху залечвалі раны, адыходзілі ад акупацыі, аднаўлялі разбуранае фашысцкімі катамі. Моладзь таксама актыўна працавала. Надзея ўдзельнічала ў нарыхтоўцы лесу для ўзнаўлення Данецкага вугальнага басейна, разбуранага немцамі. 16-гадовая дзяўчына рупілася нароўні з дарослымі ў лесе каля Белага возера Бярозаўскага раёна, дзе цяпер Белаазёрск, ТЭЦ і зона адпачынку.
У працоўнай кніжцы Надзеі Несцярук толькі адно месца працы — Жабінкаўскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання. У 1960 годзе ўладкавалася сюды снавальшчыцай, затым паступова набыла спецыяльнасці швачкі, вязальшчыцы, часальшчыцы, прадзільшчыцы, пастаянна павышала разрады. Шыла запатрабаваныя ў той час “модныя” фуфайкі, світары, коўдры, іншае. Шчыра рупілася Надзея Навумаўна ўсё жыццё, пакуль не выйшла на заслужаны адпачынак.
…Гляджу на яе рукі — шурпатыя, вузлаватыя. Як у песні спяваецца: “вот эти руки, руки трудовые, руками золотыми назовёшь…” Зараз яны па начах спаць не даюць, ныюць. Але прыціскалі дзяцей і ўнукаў да грудзей, а цяпер моцна абдымаюць праўнукаў. Яны часта наведваюцца да бабулі, прыехалі і на важкі юбілей.
Дачка Марыя і зяць Міхаіл Расохіны стварылі для матулі сапраўднае свята на 90-годдзе, зрабілі ўсё, каб было цёпла і ўтульна, сардэчна, квяціста і ярка.
Раіса МАРГЕВІЧ.
На здымку: Надзея Навумаўна НЕСЦЯРУК з праўнучкамі Насцяй і Палінкай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top