Цябе вітаем, Слонім!

На памежжы шчодрага лета і залатой восені старажытны Слонім стаў кніжнай сталіцай Беларусі. У 26-ы раз 31 жніўня і 1 верасня краіна святкуе Дзень пісьменства. Пра тое размова са старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццянай ДЗЕМІДОВІЧ (на здымку).
— Шаноўная Таццяна Анатольеўна, для майстроў слова гэтае свята асаблівае, а для берасцейскіх — тым больш, паколькі яно ладзіцца за лічаныя дні да 1000-гадовага юбілею горада над Бугам. Як нашы творцы збіраюцца прэзентаваць гэту вельмі важную дату?
— Вядома, берасцей-скія празаікі, паэты ніколі не стаялі ўбаку ад выдатнай імпрэзы, якой вызначаецца Дзень беларускага пісьменства. Тым больш у гэты год — юбілейны для горада над Бугам. Заўважана слушна: мы вельмі пастараемся, каб жыхары іншых мясцін шырока пачулі пра юбілей Брэста і неўзабаве завіталі да нас. У нечым выпадае быць буравеснікам той буры выдатных эмоцый, якія берасцейцы гатовы падарыць з нагоды юбілею.
А зараз, каб годна паказаць сябе ў Слоніме, падрыхтавана цэлая праграма “Вітаем Брэст тысячагадовы!”. Краязнаўчая віктарына па гісторыі дапаможа гледачам адчуць святочны настрой горада-юбіляра, фотавыстава Аляксея Скакуна “Брэст-чына літаратурная” раскажа пра шматлікія мерапрыемствы, якія адбываліся цягам апошніх гадоў у нашым абласным аддзяленні, сваімі творчымі здабыткамі і планамі падзеляцца пісьменнікі Любоў Красеўская, Андрэй Мазько, Мікола Бусько ды іншыя.
— Якімі новымі кніжнымі выданнямі сёлета парадуе берасцейская творчая сябрына наведвальнікаў Дня беларускага пісьменства?
— На пляцоўцы “Слова пісьмен-ніка” адбудзецца прэзентацыя кніг Георгія Тамашэвіча і Зінаіды Дудзюк, Анатоля Брытуна і Таццяны Шульгі, зноў жа прысвечаных міленіуму Брэста. Новыя выданні дапамогуць чытачу ўбачыць славутае Бярэсце ў вельмі розных фарбах, ракурсах ды часавых адрэзках. Да таго ж яркім і незабыўным прызнаннем у любові слыннаму гораду стане творчы праект брэсцкіх мастакоў і паэткі Таццяны Шульгі “Акварэльны Брэст”.
— Сёлетні год праходзіць пад зоркай яшчэ адной важнай даты: тры чвэрці мінула, як на беларускіх землях скончылася вайна. Хто з берасцейцаў дакрануўся сваім пяром да гэтай шчымлівай і надзвычай няпростай тэмы?
— З нагоды 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Дні пісьменства прэзентуецца перавыданне кнігі Аляксандра Валковіча “Пісьмы вайны”. Кніга-дакумент пашырылася і сапраўды ўвабрала ў сябе безліч сведчанняў, пакінутых удзельнікамі Вялікай Айчыннай. Нельга без хваляванняў чытаць радкі надзеі, асабліва напісаныя тымі, хто не дажыў да светлага дня Перамогі.
— Па даўняй завядзёнцы разам з майстрамі, чые імёны даўно вядомы ў чытацкіх колах, кожны Дзень пісьменства адкры-вае новыя імёны. Ці будзе так і зараз?
— Ці з’явяцца сапраўдныя зоркі — час пакажа. Але першыя крокі будуць зроблены дакладна. А вось тое, што юным чытальнікам гэтыя дні запомняцца назаўжды, пераканана на сто адсоткаў. Бо для іх адбудзецца яркая па-дзея — фінал рэспубліканскага творчага конкурсу “Жывая класіка”. Паспаборнічаюць з аднагодкамі ў чытанні вершаў і нашы берасцейскія дзяўчынкі, выхаванкі народнага тэатра-студыі “Раёк”. Гэта Кіра Свібовіч, якая выканае байку Эдуарда Валасевіча “Шпачыны канфуз”, ды Маргарыта Чопка з вершам Георгія Тамашэвіча “Прапаў без вестак”.
— Якімі яшчэ запамінальнымі падзеямі парадуе святочны Слонім?
— У час свята на галоўнай пляцоўцы горада мяркуецца ўрачыстае адкрыццё помніка легендарнаму Льву Сапегу. Ну а цэнтральнымі падзеямі свята, як заўжды, стануць цырымоніі ад-крыцця і закрыцця, уганараванне 1 верасня ўладальнікаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Не абыдуць увагай і яшчэ адну важную дату — у 2020-м спаўняецца 550 гадоў з моманту з’яўлення славутага Жыровіцкага абраза Божай Маці. Паўтысячагоддзя адзначыць і сам знакаміты манастыр — зорка беларускага праваслаўя. Таму менавіта ў Жыровічах пройдзе круглы стол “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”.
Так, аматараў роднага слова Слонім чакае з нецярплівасцю. На мой погляд, кожны знойдзе нешта для сябе ў багатай і запамінальнай праграме свята, насычанага цікавымі мерапрыемствамі ды падзеямі.
Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда