З любоўю да працы і роднай зямлі

Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
Намеснік начальніка райвет-станцыі Уладзімір Кавальчук (на здымку) сёлета 29 ліпеня адзначыў свой 50-гадовы юбілей. Увесь гэты час яго жыццё і працоўная біяграфія звязаны з роднай Жабінкаўшчынай, на кароткі час пакідаў яе, калі быў студэнтам ды служыў у войску. Вядомая прыказка “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся” ў поўнай меры падыходзіць да Уладзіміра Пятровіча, бо ён шчыра любіць свой край, працуе на яго карысць і не ўяўляе сябе без дарагой сэрцу Рудкі.

Прафесійны прыклад — побач

Бацька Уладзіміра Кавальчука Пётр Паўлавіч выкладаў біялогію ў Хмелеўскай школе, мама Марыя Пятроўна працавала паляводам у калгасе. Кавальчукі заўсёды трымалі гаспадарку, і Валодзя з дзяцінства дапамагаў — любіў жывёл, умела даглядаў за імі. У будучым ён марыў стаць ветэрынарам, тым больш і прыклад побач быў: родны дзядзька Фёдар Кавальчук працаваў ветфельчарам у калгасе “Радзіма” і трое яго дзяцей — сыны Уладзімір, Васіль і дачка Святлана — вучыліся ў ветэрынарным інстытуце ў Віцебску. Гэтую ж установу пасля Хмелеўскай дзесяцігодкі абраў для паступлення і Валодзя Кавальчук. Паспяхова вытрымаў уступны экзамен па біялогіі, добра напісаў сачыненне і ў суме набраў дзевяць балаў. Хімію ўжо не здаваў — гэтага было дастаткова, каб стаць студэнтам запаветнай установы.

Вучоба, служба і… вяселле

У размове Уладзімір Кавальчук успамінаў, што вучыцца было няпроста, але цікава. З прадметаў найскладанейшай студэнтам падавалася анатомія, дзе патрабавалася многае завучваць. Пры інстытуце мелася вучэбная гаспадарка “Падбярэззе”, дзе ўтрымліваліся буйная рагатая жывёла і свінні. Тут студэнты тэарэтычныя веды замацоўвалі на практыцы: лячылі сваіх падапечных, аказвалі першую акушэрскую дапамогу і многае іншае. Былі і начныя дзяжурствы на фермах.
Пасля другога курса студэнта Кавальчука прызвалі ў армію — служыў у Маскоўскай ваеннай акрузе. Пасля вярнуўся ў родны інстытут і прадоўжыў вучобу. А праз год ажаніўся з другакурсніцай Вольгай. Будучую жонку Валодзя сустрэў у сценах роднай установы. Дзяўчына была родам з Міёрскага раёна і, як высветлілася, таксама меркавала прадоўжыць сямейную дынастыю — яе матуля працавала ветфельчарам.
На вяселле, якое спраўлялі на Жабін-каўшчыне ў Рудцы, прыехалі 25 студэнтаў — падчас вучобы маладзёны займелі шмат сяброў, і кожны з іх хацеў павіншаваць Валодзю і Волечку з важнай падзеяй у іх жыцці. Свята было вясёлым і шумным, з песнямі і танцамі, са шматлікімі крыкамі “Горка!”. Яно ўсім запомнілася, бо тут баль правілі студэнцтва і маладосць.

Сустракай, родны край!

Маладым спецыялістам вярнуўся ў родны калгас “Радзіма” Уладзімір Кавальчук. Добразычліва сустрэў ветурача-пачаткоўца, якому калісьці даваў накіраванне на вучобу, тагачасны кіраўнік гаспадаркі Віктар Сыч. Валодзю давялося пачынаць працаваць з прафесіяналамі справы, якіх лічыць сваімі настаўнікамі. Шмат чаму вучыўся ў галоўнага ветурача калгаса Івана Хоміча, дзядзькі ветфельчара Фёдара Кавальчука.
Пад увагай маладога ветэрынара знахо-дзілася вялікая ферма па адкорме буйной рагатай жывёлы “Рудка”, дзе займаўся прафілактыкай і лячэннем хвароб сваіх падапечных. Калі заняў пасаду галоўнага ветурача гаспадаркі, абавязкі пашырыліся і адказнасці дадалося. Цяпер акрамя “Рудкі”, ён кантраляваў стан жывёл на фермах “Сакалова”, “Хмелева” і “Сакі”.

Далейшыя працоўныя дарогі

Быў час, калі Уладзімір Кавальчук займаў пасаду старшыні Хмелеўскага сельвыканкама — жыў справамі людзей, іх клопатамі. З 2002 года і па сённяшні дзень яго працоўны шлях звязаны з райветстанцыяй. Быў дырэктарам лабараторыі і ветурачом-радыёлагам, загадчыкам лабараторыі і вядучым радыёлагам. З 2017-га Уладзімір Кавальчук — намеснік начальніка райветстанцыі, загадчык дыягнастычнай лабараторыі.
Пацікавілася, чым займаецца лабараторыя? Яе супрацоўнкі ўстанаўліваюць дыягназы захворванняў, даследуюць кармы, кроў на біяхімію, праводзяць радыеметрычныя, бактэрыялагічныя, сералагічныя даследаванні, адбіраюць пробы ў падкантрольных арганізацый і многае іншае.
У той дзень, калі гутарыла з Уладзімірам Пятровічам, у яго працоўным плане значылася планёрка, адбор проб на камбікормавым заводзе, якія патрэбна адвезці ў абласную лабараторыю, а таксама дастаўка ў Брэст на паверку дыягнастычных прыбораў. А колькі пытанняў прыходзіцца вырашаць у рабочым парадку?! Ды ўсе яны па плячы, калі побач калегі-прафесіяналы.

Колькі слоў аб калектыве

Уладзіміру Пятровічу давялося працаваць пад кіраўніцтвам свайго родзіча Васіля Кавальчука і Аляксея Казлова. Зараз райветстанцыю ўзначальвае Міхаіл Чырук. Калектыў установы вялікі — 50 чалавек. З павагай мой суразмоўнік гаварыў пра калег, за плячыма якіх багаты вопыт, адзначаў іх як прафесіяналаў. У іх ліку Аляксей Ячнік, Уладзімір Літвінчык, Святлана Шыдловіч. Апошняя з тых Кавальчукоў, што паўплывалі на прафесійны выбар майго героя. Яе браты Уладзімір Фёдаравіч — галоўны ветурач у ААТ “Арэпічы”, а Васіль Фёдаравіч — ветурач у ААТ “Жабінкаўскі”.
Граматна выконваюць свае абавязкі загадчыкі аддзелаў, якіх у райветстанцыі два. Супрацьэпізаатычны ўзначальвае Ірына Міцкевіч, на чале аддзела па незаразных хваробах Ларыса Алексяюк.
Адзначыў Уладзімір Кавальчук, што апошнім часам калектыў установы амалоджваецца.
— Прыемна назіраць, — кажа ён, — як вопытныя калегі перадаюць свае веды і ўменні моладзі, якой у будучым самой складаць старонкі гісторыі райветстанцыі.

Ва ўсім — падтрымка сям’і

Працоўны стаж Уладзіміра Кавальчука без малога трыццаць гадоў. Яго прафесіяналізм, адказнае стаўленне да сваёй справы адзначаліся як на раённым, так і абласным узроўнях. Побач з ім рупіцца жонка Вольга, якая ў дыягнастычнай лабараторыі райветстанцыі займае пасаду ветурача-серолага.
— Мая сям’я — падтрымка ва ўсім, — дзеліцца Уладзімір Пятровіч. — Разам з жонкаю выгадавалі дваіх дзяцей — дачку Алену і сына Сяргея, маем траіх унукаў.
1 жніўня ў сям’і сына нарадзіліся дзяўчынкі-двайняткі — дарагі падарунак зрабілі мне да юбілею!
Уладзімір Кавальчук заўсёды меў справу па душы: у свой час захапляўся тэхнікай, чытаннем, рыбаліў. Зараз з задавальненнем вырошчвае расаду памідораў і перцаў, завіхаецца па гаспадарцы, займаецца пчалярствам.
Прызнаецца: у роднай Рудцы, дзе нарадзіўся, вырас і сталеў, чэрпае сілы для жыцця і працы, бо тут самая шчодрая зямля, непаўторная прырода і асаблівы водар паветра, якім немагчыма надыхацца. Так хораша і цёпла гаворыць Уладзімір Пятровіч пра сваю малую радзіму, якой застаецца верным і шчыра любіць.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда