Са спортам сябруе… казка

Са спортам сябруе… казка

У рамках тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі ў спарткомплексе “Бадзёрасць” адбылося свята “Усе казкі ў госці да нас”. Яго падрыхтавалі супрацоўнікі фізкультурна-аздараўленчай установы і цукразаводскай бібліятэкі. Былі запрошаны юныя чытачы — вучні пачатковых класаў СШ №2 — разам з бацькамі.
У Год кнігі шукаюцца новыя формы мерапрыемстваў. Такім была спартыўна-тэатралізаваная гульня, дзе мы пастараліся спалучыць казку са спортам. У фае дзяцей сустрэла Казачніца. Распытала, якія кніжкі яны любяць чытаць і чаму, якія казачныя героі ім падабаюцца. Потым пазнаёміла з кніжнай выставай з раздзеламі “Не — шкодным звычкам”, “Турысцкімі сцежкамі” і інш. Асноўнае ж дзейства праходзіла ў зале. Але не адразу. На ўваходзе Мальвіна з Бурацінам загадвалі загадкі, і не кожны юны чытач з першай спробы змог трапіць туды. А ў зале да казачніцы далучыліся Баба Яга і Капітан Врунгель. З ім бабуля пачала мерацца сіламі, дэманстравала, якая яна спартыўная: на адной лыжы па зале бегала, з мячыкамі баскетбольным і валейбольным практыкавалася. Каб навесці парадак, паявіўся Доктар Айбаліт. Да яго дзеці зрабілі чаргу, каб ён кожнага агледзеў, змераў тэмпературу вялізным градуснікам і дапусціў да спаборніцтва ў каманды Ягі і Врунгеля.
Хітрая Яга прапанавала няпростыя спартыўныя гульні: то ў міні-ступе палётаць (з дапамогай вядра і швабры), то ў чаравіку Гулівера (46 памеру) пабегаць, то ў чайнай лыжачцы паветраны шар перанесці… Праводзілі гульні і Капітан Врунгель, і Доктар Айбаліт. Юныя баксёры паказалі свае здольнасці ў акрабатычным эцюдзе, а маленькія Бабкі Ёжкі праспявалі частушкі, потым узялі ўдзел у эстафетах.

Свята доўжылася амаль паўтары гадзіны. Напрыканцы яго завітаў Вадзянік. Ён вельмі хацеў таксама павесяліцца і пабегаць з дзецьмі, але замінаў вялікі жывот. Тады ён запрасіў усіх прыходзіць пагуляць, паплаваць у басейне.
Дапамагалі ладзіць свята ўдзельнікі клуба “Чамучка” пры цукразаводскай бібліятэцы: Алеся Кавальчук, Насця Астапук, Яна Юрчук, Ліза Кузьміцкая. Ролі казачных герояў выконвалі супрацоўнікі ФАУ “Бадзёрасць”.
Таццяна РАМАНАВА, бібліятэкар цукразаводскай бібліятэкі.
На здымках: пад час мерапрыемства.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top