ЯК ЗЯМЛІ СВАЁЙ АДДАНЫ — ДАЧАКАЕШСЯ ПАШАНЫ!

ЯК ЗЯМЛІ СВАЁЙ АДДАНЫ — ДАЧАКАЕШСЯ ПАШАНЫ!

Рэпартаж з раённых “Дажынак-2019”

Субота 24 жніўня яркай старонкай увай-шла ў доўгую, амаль 500-гадовую гісторыю Вялікіх Якаўчыцаў. У гэты дзень адзін з найстарэйшых населеных пунктаў краю годна вітаў гасцей галоўнага земляробчага свята. З пашанаю гучалі імёны жабінкаўцаў, што прысвяцілі справы сваіх рук хлебу, зрабіўшы шмат, каб важкім стаў духмяны каравай на сёлетніх “Дажынках”.

Перадсвяточнае
(замест уступу)

ЯШЧЭ ЗАГАДЗЯ на чыгуначным прыпынку ў Жабінцы давялося чуць кароткія дыялогі: “І вы ў Якаўчыцы выпраўляецеся?” — “А то ж! Там жа вялікае свята”. Далучыцца да яго вельмі многім хацелася. Дакладна: за 485 гадоў, што мінулі, як на карце ўзнікла паселішча, такога наплыву гасцей яно ніколі не бачыла. Нават як сюды прыязджала сама каралева Бона. Мо таму, што сённяшніх герояў жніва, “каранаваных” па праву за нялёгкую штодзённую працу, было значна больш і пашаны яны заслужылі не меншай! Тыя, хто спадзяваліся парадавацца поспехам выдатных гаспадароў жні-ва дый дакрануцца да відовішча, засталіся цалкам задаволенымі. Тым больш, што ў стужку святочнага сцэнарыя прыгожа ўплялася яшчэ адна сапраўды гіста-рычная падзея. З гэтага дня яна выразна падзяліла жыццё якаўчыцкіх жыхароў на перыяды “да” і “пасля”.
Не адно дзесяцігоддзе тут чакалі-марылі, калі ж прыйдзе на службу чалавеку прыродны газ. І вось цяпер нарэшце спраўдзілася!

Газ — на карысць для вас

ТАК, ДОЎГАЧАКАНАЯ газіфікацыя — сапраўднае свята. Бо кожны цудоўна разумее: прыйшоў газ, а разам з ім — фактычна новы ўзровень жыцця на сяле. Гэта яркая ва ўсіх адносінах падзея не толькі зрабіла значны крок у развіцці краю, сціраючы пакрыху граніцы паміж вёскай і горадам, але й далучыла ўрэшце рэшт да вельмі важных жыццёвых выгод.
Вялікая супольная праца, намаганні саміх вяскоўцаў, вельмі прыкметная дзяр-жаўная дапамога — з іх складваюцца прыступкі, па якіх давялося прайсці, каб сённяшні дзень, напоўнены радасцю, стаў магчымы. Нездарма стараста аграгарадка Валянціна Дзмітрук не скупілася на цёплыя словы, каб выказаць ад душы чалавечую падзяку раённаму выканаўчаму камітэту, што выдаткаваў амаль 180 тысяч рублёў на патрэбную справу, калектыву сапраўдных спецыялістаў Жабінкаўскага раёна газазабеспячэння, якімі кіруе Яўген Кукашук.
Узвядзенне падводзячага газаправода да аграгарадка — справа працавітых рук мантажнікаў адкрытага акцыянернага таварыства “Брэстбудгаз”, узначаленага Сяргеем Каліноўскім. Непасрэдна па Вялікіх Якаўчыцах праектаванне і правядзенне размеркавальнага газаправода выканана спецыялістамі ЗАТ “Аптымалсэрвіс” (дырэктар Канстанцін Лебедзеў). Нарэшце, мантаж унутрыдамавых сістэм газазабеспячэння зроблены прыватнымі будаўнічымі ўнітарнымі прадпрыемствамі “Кам-форт-Газ” ды “Цеплазабеспячэнне і вентыляцыя”, індывідуальным прадпрымальнікам Дзмі-трыем Дулевічам ды іншымі. А вось тэхнічны нагляд ажыццяўлялі спецыялісты вытворчага ўпраўлення “Брэстгаз”.
Нездарма намесніку дырэктара гэтай установы Сяргею Гронду сумесна з кіраўніком нашага раёна Віталем Кулаком было даверана ўрачыстае права запаліць чашу. Факел у руках Віталя Уладзіміравіча і Сяргея Калістратавіча стаў сімвалам перамен. Бо з гэтай хвіліны, калі ўспыхнуў агонь, Якаўчыцы сапраўды ў поўнай меры носяць назву аграгарадка, дзе вясковы лад жыцця спалучаецца з прыналежнасцю да новага часу, поўнага хуткасных перамен.
І вось успыхнуў агонь, а разам з ім распачалося свята.

Дыпломы райвыканкама — зорным рупліўцам

КОЖНАЯ З ВАСЬМІ гаспадарак Жабінкаўшчыны — сапраўднае сузор’е. Для таго, каб сёлета раённы каравай займеў салідную вагу, пашчыраваць давялося літаральна кожнаму працаўніку. Таму тыя, каму ў святочны дзень давялося ўзнімацца на сцэну, сапраўды лепшыя сярод лепшых, не інакш — зоркі першай велічыні.
…Роўна а 14-й гадзіне пад урачыстыя гукі фанфар распачынаецца святочная імпрэза. Першы крок яе сімвалічны. Як тое ад дзядоў-прадзедаў павялося, народны калектыў “Ліцвінянка” Батчынскага сельскага Дома культуры выконвае фальклорны абрад “Дажынкі”. Кобрынцы з радасцю завіталі ў Вялікія Якаўчыцы, каб шчыра павітаць суседзяў.
Гучаць народныя песні, багатыя даўняй мудрасцю, сваім напеўным хараством. Каравайніца з беражлівай павагай узнімае на сцэну Яго Вялікасць Каравай. Гэты спрадвечны сімвал святочнага стала пасля слоў: “У ім здароўе, наша сіла, у ім чароўнае святло. О, колькі рук яго расціла і ад нягоды берагло!” — прымае старшыня райвыканкама Віталь Кулак.
Ён нагадвае пра поспехі жа-бінкаўцаў, якія ў зусім не просты для хлебаробаў год здолелі дасягнуць высокіх працоўных вынікаў. Прыемна зазначыць, гаворыць прамоўца, што сёлета ў раёне сабраны амаль 43 тысячы тон збожжа. А гэта ўсяляе надзею: у наступным годзе дажыначны каравай можа стаць яшчэ больш важкім. Тым больш, што на жабінкаўскай зямлі шчыруюць адданыя сваёй працы рупліўцы. Як тыя, каму давялося атрымаць дыпломы раённага выканаўчага камітэта з рук Віталя Уладзіміравіча.
За перамогу ў раённым спаборніцтве сярод сельскагаспадарчых арганізацый на ўборцы зерневых і зернебабовых культур ужо не першы год сапраўды залатое месца заняў калектыў адкрытага акцыянернага таварыства “Вазнясенскі” (дырэктар Надзея Кандрацюк). На другім радку — хмелеўскія хлебаробы, якіх узначальвае Барыс Парафянюк. Бронзавае месца сёлета ў рагазнянцаў, што прыйшлі да поспеху пад кіраўніцтвам Віктара Дробышава.
Вядома, першымі на жніве, сапраўднымі генераламі хлебных ніў заўсёды былі і застаюцца камбайнеры. Іх праца — сапраўднае выпрабаванне магутнасці сілы і духу.
Сярод экіпажаў найлепшымі прызнаны мацеевіцкія рупліўцы Генадзь Царук і Сяргей Ефлакоў, якія сабралі паўтары тысячы тон. Следам за імі, на другім радку, размясціўся яшчэ адзін камбайнер з “Мацеевічаў” Леанід Хадановіч, замыкае спіс лідараў экіпаж з “Вазнясенскага” ў складзе Валерыя і Дзмітрыя Дзямідчыкаў.
Не менш важна, каб зерне, беражліва сабранае хлебаробамі, у час без стратаў было дастаўлена на сушыльныя комплексы. Таму наша пашана і кіроўцам, што ад ранняга світанку да першых зорак шчыравалі на працягу ўсяго жніва, спяшаючыся на сваіх грузавых машынах, запоўненых ураджаем 2019 года. Вадзіцеляў-пераможцаў (а імі сталі Пётр Кавальчук з “Арэпічаў” ды хмелеўцы Мікалай Марыніч і Віктар Жучык) таксама чакаюць ветлыя словы і дыпломы.
Побач з вопытнымі майстрамі жніва хлебнаму полю даводзілася пакланіцца і маладым. Перамогу ў раённым спаборніцтве сярод іх сёлета святкаваў камбайнер Алег Міхалюк з “Ракітніцы”. Са свайго боку, як гаворыцца, узнагароды знайшлі і маладых вадзіцеляў транспартных сродкаў, што выдатна паактыўнічалі на жніве. Гэта Дзмітрый Багроў з ААТ “Азяты Агра”, ракітчук Андрэй Пасевіч, хмелевец Аляксандр Андрасюк.
Вядома ж, спраў шаноўных на сяле заўсёды многа. Таму наступнымі эстафету ўганараванняў працягваюць пераможцы спаборніцтва сярод звёнаў аператараў зернесушыльных установак. Імі сталі Аляксандр Дырман з Хмелева, названы лепшым, Аляксей і Мікалай Садоўнічыкі (ААТ “Вазнясенскі”) ды Віктар Баранчук (ААТ “Арэпічы”). Сярод галоўных інжынераў сельгасарганізацый перамогу святкаваў рагазнянец Мікалай Маеўскі, а сярод галоўных аграномаў — Ларыса Марчук з “Вазнясенскага”.

Віншаванні ад знаных гасцей

ГАНАРОВАЯ ЧАСТКА вінша-вальнай цырымоніі набірае моц. Каб падзякаваць жабінкаўскім земляробам за іх адданую працу, на сцэну ўзнімаецца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка, затым — намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Буткевіч, які паэтычна называе Жабінкаўшчыну вельмі яркай пярлінкай у пацерках з 16 раёнаў Брэстчыны і ўручае Ганаровыя граматы камітэта галоўнаму інжынеру ААТ “Мацеевічы” Міхаілу Аксюціку і дырэктару “Жабінкаўскага” Міхаілу Вячорку (дарэчы, Міхаіл Мікалаевіч шматкроць чуў у той дзень падзякі не толькі за поспехі гаспадаркі, а і за маральную ды матэрыяльную дапамогу, што дазволіла стварыць у Якаўчыцах цудоўнае свята).
Са свайго боку, кладуцца на душу і словы выканаўчага дырэктара абласнога аграпрамысловага саюза Сяргея Ашмянцава. У яго таксама важная місія — уганараваць ад імя сваёй арганізацыі кіраўніка адкрытага акцыянернага таварыства “Хмелева” Барыса Парафенюка і намесніка дырэктара па вытворчасці ААТ “Жабінкаўскі” Ганну Плытнік.
Не застаюцца ўбаку ад він-шаванняў і прафесійныя саюзы. Галоўны эканаміст “Вазнясенскага” Марыя Галавейка атрымлівае Ганаровую грамату абкама прафсаюза работнікаў АПК з рук загадчыка аддзела абласнога камітэта Аляксандра Бараноўскага. Лістом падзякі адзначаецца таксама праца трактарыста-машыніста з “Арэпічаў” Аляксандра Дубіны. Разам з першым намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Кучынскім старшыня раённага камітэта прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу Наталля Карпук узнагароджвае дзясятку лепшых механізатараў за выдатныя паказчыкі на нарыхтоўцы травяністых кармоў. Акрамя таго, Наталля Львоўна з прыкметным задавальненнем падводзіць вынікі конкурсу “Лепшы механізатар — роднай зямлі аматар”. Імі сталі неаднаразовыя пераможцы спаборніцтваў на веснавой сяўбе, нарыхтоўцы кармоў, жніве Валерый Дзямідчык з “Вазнясенскага” ды Уладзімір Харунжы з “Ракітніцы”, якім уручаны каштоўныя падарункі ад райкама прафсаюза.
Яшчэ за пару гадзін да ўра-чыстасці ў Якаўчыцах ладзіўся конкурс трактарыстаў “Віртуозы палёў”. Цяпер — час даведацца пра ягоныя вынікі. Пераможцу абвяшчае старшыня раённага аграпрамысловага саюза Павел Шыдловіч. Нездарма кажуць, на радзіме і сцены дапамагаюць. Найлепшым становіцца Юрый Карняйчук з ААТ “Жабінкаўскі”. Прычым накал барацьбы быў настолькі моцным, што пераможны вынік, як у спрынце, вымяраўся ўсяго долямі секунды!
Нарэшце на сцэне — выконваючы абавязкі старшыні Жабінкаўскага сельвыканкама Мікалай Галавейка. У яго адказная і разам з тым прыемная місія — назваць найлепшыя якаўчыцкія падворкі. Але ж перад усім Мікалай Віктаравіч дзякуе кожнаму, хто паспрыяў, каб аграгарадок гэтак абнавіўся. І вось пад апладысменты гучаць імёны гаспадароў, якія найбольш адмыслова пашчыравалі на родных сялібах: Вольгі Лучко, Валянціны Дзмітрук, Уладзіміра Маёрава.

Да ночы стомы не было
(замест заканчэння)

А ДАЛЕЙ СВЯТА, як баянныя мяхі, разгарнулася ва ўсю шыр. Радавалі сельсаветы, што прывезлі сваю прадукцыю, кожны мог падсілкавацца, паслухаць зорныя калектывы раёна. Запальвалі сваімі спевамі ды танцамі “Каларыт” і “Каруначкі” з “Прысмакамі”, гумарныя тэатры “Хмелеўскія валацугі” ды “Спявай, душа!”, кобрынскія госці “Ліцвінянка” з “Берагіняю”, гарачыя акардэаністкі дзіцячай школы мастацтваў ды напеўная “Вярбічанька”… А як надта млосна дый спякотна рабілася, выратавальнікі-агняборцы былі тут як тут: і конкурс адпаведны правялі, і стварылі цудоўную водную феерыю дзятве на радасць!
Прыгожай кропкай стаў салют, што расквеціўся на вечаровым небе над Якаўчыцамі. Такога падарунка нават каралева Бона вяскоўцам не дарыла.
На свяце пабываў, у тэксце і на фота занатаваў Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top