Яго вопыт — прыклад для іншых

Яго вопыт — прыклад для іншых

Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

Яшчэ ў школьныя гады вучнем-старшакласнікам Пётр Кавальчук з Арэпічаў (на здымку) прымаў удзел у жніве — быў памочнікам камбайнера. Праца на зямлі падабалася, дый да тэхнікі хлопец цягу меў. Пасля Пелішчанскай дзесяцігодкі Пётр уладкаваўся ў родны калгас “Перамога” (на трактарыста вучыўся ў вучэбна-вытворчым камбінаце), і з таго далёкага 1979 года пачалася яго працоўная дзейнасць. Сваёй гаспадарцы, якая за гэты час была сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам, а зараз ААТ “Арэпічы”, ён застаецца верным і цяпер.
У размове Пётр Васільевіч узгадаў, што пачынаў рупіцца на трактары Т-40, сядаў за руль бензавоза (вадзіцельскія правы атрымаў у Брэсцкай аўташколе ДТСААФ). Потым быў прызваны ў армію, два гады служыў у Маскве ў ваенна-паветраных войсках. Затым вярнуўся ў свой калгас, прадоўжыў працу на ГАЗ-52 і Газ-53, кіраваў МАЗам, іншымі машынамі. Шмат чаму вучыўся ў свайго старэйшага калегі Рамана Дубіны, якому за дапамогу і слушныя парады ўдзячны і сёння.
1984-ы год знакавы ў працоўнай біяграфіі Пятра Кавальчука: ён сеў за штурвал камбайна. Тэхніка была рознай: СК-4, СК-5 “Ніва”, КЗР-10, КЗС-10К, КЗС-1218. Суразмоўнік адзначыў: шмат уборачных сезонаў у яго за плячыма, і кожны значны і адметны, бо гэта самая адказная і важная пара ў жыцці аграрыяў. За гэты час даводзілася працаваць у пары з Аляксандрам Дубінай, Юрыем Краснянскім, Васілём Ярутам, іншымі калегамі, з якімі дабіваліся годных вынікаў. Апошнім часам падчас жніва Пётр Кавальчук рупіцца вадзіцелем на адвозцы збожжа. Сёлета яго вынік — амаль 900 тон. Прызнаўся: душа радуецца, калі спелае зерне залатым дажджом сыплецца ў кузаў. Цяпер ён выступае настаўнікам для моладзі, якой перадае свае веды, многаму вучыць, бо яго багаты працоўны вопыт — прыклад для іншых.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top