Сустрэць заранкі на хлебнай ніве (ААТ «Жабінкаўскі»)

Сустрэць заранкі на хлебнай ніве (ААТ «Жабінкаўскі»)

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Наталлі ВАЛОШКА.

СЁННЯ СЕЛЬГАСТАВАРЫСТВА, назва якога сугучна з імем усяго раёна, — у ролі гаспадара галоўнага свята земляробаў. Землі гаспа-даркі, заўсёды шчодрыя на ўраджаі, займаюць самы цэнтр Жабінкаўшчыны, нібыта “абцякаючы” горад. На гэтых абшарах жывуць і шчыруюць працавітыя людзі.
Штогод хлебаробы з “Жабінкаўскага” годна паказваюць сябе на жніве. Сёлетні сезон, кажуць з задавальненнем у гаспадарцы, не стаў выключэннем. Валавы збор зерня склаў 6557 тон — найвышэйшы на Жабінкаўшчыне.
Важкі ўнёсак у агульны поспех экіпажаў камбайнераў-тысячнікаў у складзе Сяргея і Леаніда Главацкіх, Вячаслава Пясецкага ды Уладзіміра Казусіка. У ліку найлепшых і вадзіцелі, што пераадолелі запаветную лічбу ў тысячу тон, — Мікалай Канючка, Уладзімір Угляніца, Дзмітрый Шаламай (на здымку). Пра апошняга — больш падрабязны расповед.
Ёсць людзі, для каго праца сапраўды жыццё. Яны не адчуваюць сябе цалкам шчаслівымі без любімай справы. У поўнай меры гэтыя словы тычацца маладога механізатара. Пяць гадоў таму Дзмітрый пасля заканчэння Маларыцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага ліцэя ўладкаваўся ў ААТ “Жабінкаўскі”. Якраз быў час жніва — найбольш гарачая пара. Без усялякіх хістанняў Шаламай уліўся ў калектыў і літаральна з першых дзён знайшоў сябе ў справе. Трэба было бачыць з якой беражлівасцю, нават натхненнем цягнуўся юнак да тэхнікі. Яму быў выдзелены МТЗ-82. Малады беларус на сваім “Беларусе” заўсёды быў наперадзе ў рабоце. Пры гэтым не забываў павышаць майстэрства: меней чым праз год стаў трактарыстам-машыністам 2 класа.
Ягоную заслугу ў тым, што колас залаціцца зернем, пабачыць можна задоўга да таго, як камбайны вый-дуць сустракаць заранкі ў полі. Бо яшчэ з вясны Дзмітрый Шаламай працуе на апырсквальніку, выконваючы работы па ахове раслін. Ад таго, ці старанна, кваліфікавана, своечасова ён справіцца з гэтым, шмат у чым залежыць, наколькі ўраджайным стане год. А як надыходзіць уборачная, Дзмітрый Аляксандравіч перасаджваецца на грузавы аўтамабіль, хутка адвозячы золата палёў на зернесушыльны комплекс. Стараецца пры гэтым ні хвіліны не губляць, разумеючы, што летні дзень сапраўды год корміць. Ён любіць парадак ва ўсім: і ў доме, і ў майстэрнях, і ў трактары, які старанна абслугоўвае.
— Увесь час Дзмітрый праяўляе сябе ініцыя-тыўным, выканаўчым, дысцыплінаваным чалавекам, — гаворыць намеснік дырэктара таварыства па вытворчасці Ганна Плытнік. — Нездарма ў гаспадарцы кожны знае: калі нешта даручана Шаламаю — выканана будзе на выдатна! Яго практычна і кантраляваць не патрэбна. Для такога вадзіцеля сумленне насамрэч лепшы кантралёр! Вытворчыя заданні выконвае бездакорна.
Таму і ўзнагароды не абмінаюць добрага працаўніка. Летась як малады кіроўца, што перавёз больш за тысячу тон зерня, Дзмітрый быў адзначаны граматай раённага камітэта “БРСМ”. Сёлета мінулагодні вынік паўтораны: на рахунку Шаламая — 1014 тон. Бясспрэчна, ягоны поспех з радасцю падзяляюць жонка Таццяна і цудоўныя дзеці, якія штовечара чакаюць бацьку з працы. Каму ж, як не самому земляробу ды ягоным блізкім, ведаць, як няпроста сустракаць заранкі на хлебнай ніве…

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top