Самы лепшы хутарок, альбо Хочацца вярнуцца зноў!

Самы лепшы хутарок, альбо Хочацца вярнуцца зноў!

Для Аляксея Уладзіміравіча Харкіна веснавая пара заўжды час абуджэння весялковых надзей. Ён прызнаецца: “Рукі цягнуцца да працы!” Калі некалькі гадоў таму гэты жыццярадасны чалавек набыў паблізу Хадасоў свой “Лясны хутар”, раптам адчуў: гэта настойліва покліч далёкіх продкаў і роднай прыроды заве да зямлі, якая любіць увішных працаўнікоў.
— Шанцуе ў жыцці на добрых людзей і цікавыя справы, — прызнаецца гаспадар, — мо таму, што нарадзіўся 1 лістапада — у Дзень усіх святых, таму маю шмат нябесных абаронцаў. Ды сам шмат гадоў бараніў неба краіны… Бо марыў стаць ваенным — і мару здзейсніў: пасля заканчэння Мінскага ваенна-інжынернага ракетнага вучылішча праходзіў службу сярод пяскоў Туркменістана, вучыўся ў ваенна-каманднай акадэміі супрацьпаветранай абароны імя Г.К.Жукава, пакуль вайсковыя дарогі не прывялі ў Беларусь — у вайсковыя казармы і на мытню.
Аднак прыйшоў час замяніць ратную службу на працу аратага. Пайшоў, як кажуць, на заслужаны адпачынак, але хіба да адпачынку чалавеку, у якога шмат захапленняў? Аляксей задумаўся: чым далей займацца? Тады і ўзнікла ідэя ўласнай сядзібы, размешчанай сярод маляўнічых краявідаў, непадалёку ад санаторыяў “Буг” і “Надзея”.
Параіўся з жонкай Раісай Пятроўнай і вырашыў спачатку паглядзець, як іншыя ўладкоўваюць свае надзелы. Пападарожнічаў па Днепра-Бугскім канале, дзе хутка нараджаліся ў той час — людзям на радасць! — аграэкатурыстычныя куточкі. Звычайна гаспадары для турыстаў адводзілі частку пакояў ва ўласных хатах, рабілі да іх прыбудовы. Харкін пайшоў іншым шляхам — пачаў будаваць асобны драўляны дом. Дзеля гэтага праз год купіў зрубы старога жытла, старанна абшаляваў іх знутры і звонку.

Цяпер у чатырох гасцявых пакоях наведвальнікаў прыемна вабяць смаляністы пах драўніны, паўсюль — утульнасць і чысціня, вырабы народных умельцаў. Паблізу захавалася ладненькая старая хатка, узведзеная яшчэ ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя, ды будуецца новы вялікі дом. А побач на старым падмурку зроблена летняя пляцоўка, дзе асабліва добра адпачываць у цёплую пару года. Кожны метр у сапраўднага гаспадара выкарыстоўваецца з розумам. Ён гаворыць у захапленні:
— Проста словамі нельга апісаць, наколькі тут цудоўна ў пару квецені! Кожны міжволі адчувае сябе часцінкай прыроды сярод ірысаў, вяргіняў, гіганцкіх піёнаў, якімі ганарыцца мая гаспадынька. Каб падтрымліваць лад на немалым падворку, супрацоўнічаем са студэнтамі — тымі, хто жадае падзарабіць. Захапляемся і экзатычнымы раслінамі. Сёлета хочацца развесці мялотрыю (яе можна ўжываць і ў ежу, і для вертыкальнага азелянення). Набылі таксама насенне фізаліі, цыкорыю, скарцанеры, што карысная пры цукровым дыябеце.
Турысты-гараджане, якім прыемна адарвацца ад надакучлівых паверхаў і курадыму, звычайна прыязджаюць на выхадныя дні або праводзяць на “Лясным хутары” святочныя мерапрыемствы. Тут пабывалі ўжо спартсмены з блізкага стралковага клуба “Фазан”, айчынныя і замежныя байкеры, шматлікія госці з Беларусі, Расіі.
Мінулы год быў надзвычай паспяховым. На сядзібе гасцявалі 1174 чалавекі. Уваход каштуе 200 тысяч рублёў, у гэтую суму, як гаворыцца, усё ўлічана.
— Мы аддаем перавагу карпаратыўным і прафесійным святам, ладзім невялікія вяселлі, фальклорныя вечарыны, якія вельмі падабаюцца людзям на адпачынку, — расказвае Аляксей Уладзіміравіч. — Для гэтага запрашаем вядомыя калектывы Жабінкаўшчыны: на хутары выступалі гарэзлівыя “Хмелеўскія валацугі” на чале з Наталляй Дырман, не аднойчы пабывалі ў нас “Каларыт” з Жабінкі і “Музычны вянок” з пасёлка Ленінскі.
Геаграфія наведвальнікаў уражвае: ад Масквы і Санкт-Пецярбурга (які, дарэчы, з’яўляецца Аляксеевай малой радзімай) да Карэліі і Сахаліна. Што іх вабіць? Найперш — здаровае чыстае паветра, якое і без лекаў лечыць, магчымасць далучыцца да народнага каларыту: звонка песні паспяваць, патанчыць, не шкадуючы чаравічкаў, ды пакаштаваць стравы традыцыйнай беларускай кухні. Яшчэ доўга будуць госці згадваць, якія смачныя на “Лясным хутары” бабка ды дранікі, вэнжанае сала ды хатнія каўбасы, экалагічна чыстыя садавіна і агародніна.
Асабліва ганарыцца гаспадар сядзібы сваім садам — райскімі яблычкамі, салодкімі, бы цукар, каштэлямі, вішнямі, слівамі… Найстарэйшыя дрэвы, як згадвае 90-гадовая суседка Еўдакія Базылюк, пасаджаны тут яшчэ да вайны, але дасюль багатыя на плады. Штогод Харкін садзіць 10-15 новых дрэў, але гэта нялёгкая справа, бо даводзіцца змагаецца… з “заечым племем”.
— Гэтыя касавокія хітруны развяліся ў суседнім ляску і вельмі ласыя на саджанцы, маю морквачку, капустку, — гаворыць са смехам Аляксей Уладзіміравіч. — Яшчэ дакучае каршун. Лятучы пірат панадзіўся нападаць на хатнюю птушку — у лічаныя імгненні можа ў пух разарваць курыцу. Дзе ў горадзе можна пабачыць такія “баі”?..
Госці “Ляснога хутара” шчыра ўдзячныя хлебасольным гаспадарам. Таму і чытаем у Кнізе ганаровых гасцей запісы, пакінутыя ў захапленні: “Якія цудоўныя людзі беларусы, яны жыццярадасныя, дай Бог ім моцнага здароўя! Удзячнасць вам за цеплыню, гасціннасць, гумар. Так хочацца вярнуцца зноў сюды, на лепшы ў Беларусі хутарок!”
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: утульна і гасцінна на “Лясным хутары” ў А.У.Харкіна.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top