Тры героі жніва (ААТ «Мацеевічы»)

Анатоль РОСТАЎ. Фота аўтара.

ГЭТА ГІСТОРЫЯ з зайздросным пастаянствам паўтараецца не першы год. Каго ні спытай: “Хто лепшы ў гаспадарцы на жніве?” — адказ аднолькавы: “Вядома ж, Царук!” Сёлета на ўборачнай у “Мацеевічах” тры экіпажы пераадолелі запаветную планку ў тысячу тон, а найлепшы, як і ў ранейшыя гады, — Генадзеў.
У хлебароба, вядома, рукі залатыя ды напрацаваныя да мазалёў, чорныя ад мазуту: каб паразмаўляць, давялося адарваць рупліўца на колькі хвілін ад механізмаў, што патрабуюць агляду перад чарговым выхадам у поле.
З зямлёй, з вясковай справай Генадзь Царук паяднаўся з юнацтва. Ужо ў 16 кіраваў трактарам. Гэта захапіла і стала добрым пачаткам працоўнай біяграфіі. Першы камбайн — “Бізон”, на якім рупіўся ў сельгастэхніцы.
Як уладкаваўся тут, у Мацеевічах, хутка выйшаў у перадавікі. Бо бачаць у гаспадарцы — людзей жа не падманеш! — як сумленна Царук аддае сялу ўсе свае сілы, клопаты, як шчыруе з ранку да пазна — пакуль сонца зямлі не паклоніцца.
— Але ж бывала ўсялякае, — згадвае камбайнер, — і тэхніка ў полі ламалася. Тады ўсю ноч — рамонт, каб на світанку зноў быць на лініі. Бо, калі ў коласе паспела зерне, не маеш ты такой раскошы — спыніцца на гадзіны…
Сёлетні сезон на жніве ўжо 15-ы для Генадзя Мікалаевіча, і гэты свой працоўны юбілей ён адзначае новай перамогай. Яна вымяраецца ў паўтары тысячы тон залацістага зерня, вырашчанага мацеевіцкімі земляробамі і сабранага экіпажам Царука.
Хоць у ягонага памочніка Сяргея Ефлакова такі значны поспех на ўборачнай у першы раз, але камбайнер цалкам падзяляе з сябрам і калегам віншаванні. Паколькі вельмі важна ва ўсялякай справе мець таварыскае надзейнае плячо.
Сяргей Уладзіміравіч, які таксама з юнацтва моцна ўпадабаў працу на зямлі, не хавае свайго задавальнення. Таму гаворыць з усмешкай ды нават крыху паэтычна:
— Мне працаваць цікава з агеньчыкам, аддана. Хоць і няпроста на жніве, ды шчыра радуешся ад усёй душы, як ёсць упэўненасць у сілах. І адчуваю, ведаеце, асалоду ад добра выкананай справы, найперш, як бачу, калі зерне залатое струменем сыплецца ў бункер!
Вось і назвалі двух герояў, паяднаных працай. А хто ж той трэці, без якога таксама немагчыма перамога? Калі ёсць экіпаж, дзе ж “машына баявая”?
Камбайнеры падводзяць да свайго чырвонага “Палесся GS 12”, упрыгожанага знакам гаспадаркі — “ААТ «Мацеевічы»”, у кабіне якога — вымпелы, атрыманыя за паспяховую працу. Менавіта на айчынным збожжаўборачным камбайне, адным з найбольш прадукцыйных не толькі ў Беларусі — ва ўсёй СНД, хлопцы сталі найлепшымі ў родным таварыстве. На мехдвары камбайн чакае, калі зноў апынецца ў сваёй стыхіі. За беражлівасць, клопат і адказнасць магутная машына здольная аддзячыць самым працавітым і вывесці іх у лідары жніва.
На здымку: экіпаж тысячнікаў у складзе Сяргея ЕФЛАКОВА і Генадзя ЦАРУКА побач са сваім камбайнам.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда