Сакрэты нязменнага лідарства (ААТ «Вазнясенскі»)

Сакрэты нязменнага лідарства (ААТ «Вазнясенскі»)

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Дар’і НІКАНЧУК і Святланы КІСЛАЙ.

Адзіная жанчына-кіраўнік, што ўзначальвае адно з васьмі сельгаспрадпрыемстваў раёна, дакладна ведае сакрэты поспеху, якія дапамагаюць “Вазнясенскаму” амаль штогод трымаць пальму першынства на ўборцы збожжавых і зернебабовых. Напярэдадні раённых “Дажынак” яго дырэктар Надзея Кандрацюк падзялілася імі з чытачамі раёнкі.
— Нашы высокія вынікі — гэта не адзін год напружанай і руплівай працы ўсяго калектыву, — расказвае Надзея Рыгораўна. — Увесь час мы павышаем ураджайнасць збожжавых і сёлета дасягнулі 60 цэнтнераў з гектара, намалацілі шэсць з паловай тысяч тон. І мы не збіраемся задавальняцца і спыняцца — нам ёсць да чаго імкнуцца! Падчас ворыва, сяўбы, уборкі на сяле не да святаў ды адпачынку. Працоўны дзень хлебаробаў пачынаецца на світанку і заканчваецца з першымі зоркамі. Захаванне тэхналогій, севазвароту, свое-
часовае ўнясенне ўгнаенняў, вытрымліванне тэмпературных рэжымаў — сакрэты добрага ўраджаю.
Парадаваў вазнясенскіх хлебаробаў сёлета і рапс. Хаця гаспадарка прынялася за ўборку гэтай культуры пазней, чым астатнія, але ж ураджайнасці ў 37 ц/га можна пазайздросціць. І ўсяго два працэнты адходаў, адзначае кіраўнік. Намалацілі 816 тон — і ўсе да адной прадалі.
Так, галіна раслінаводства ў “Вазнясенскім” зрабіла вялікі крок наперад. Гаспадарка не толькі выконвае дзяржзаказ і фарміруе ўласную кармавую базу, але й мае свабоднае зерне для продажу.
У сельгаспрадпрыемстве два зернесушыльныя комплексы — ЗСК-20 і КЗС-5. Апошняму ўжо больш за 40 гадоў, на ім шчыруюць механікі Міхаіл Вакуліч і Сяргей Піліпцэвіч. Задача старэнькага комплексу — падрыхтаваць насенне для гаспадаркі і выканаць дзяржаўны заказ па півавараным ячмені. А пра ЗСК-20 Надзея Кандрацюк расказвае з асаблівым гонарам:
— Сорак дзён зернесушыльны комплекс працуе суткамі, каб дапрацаваць зерне з мінімальнымі стратамі і максімальнай эфектыўнасцю. Ён цалкам аўтаматызаваны, таму работнікам трэба быць з тэхнікай на “ты”, каб хутка ліквідаваць непаладкі, калі яны здараюцца. Аператарамі тут рупяцца Аляксей і Мікалай Садоўнічыкі — дзядзька ды пляменнік (на здымку). Аляксееў бацька — начальнік вытворчага ўчастка ААТ “Вазнясенскі”, жонка — кладаўшчык ЗСК. Сямейная дынастыя Садоўнічыкаў — гонар гаспадаркі.
— Галоўнае наша багацце — гэта людзі, — падкрэслівае дырэктар. — Сёлета на жніве шчыравалі шэсць экіпажаў камбайнераў і тры вадзіцелі. Дапамагалі нам таксама два камбайны з “Ракітніцы”, дзе зараз кіруе мой былы намеснік Рыгор Панасюк, і адзін — з сельгастэхнікі. Прыемна, што наш вадзіцель Сцяпан Кандрацюк адзіны ў раёне пераадолеў планку ў дзве тысячы тон і зусім крыху не дацягнуў да трох тысяч.
Жніўная пара для селяніна — як сесія для студэнта, і кожны з хлебаробаў стараецца здаць яе на выдатна. У агульным ураджаі — часцінка кожнага, пачынаючы ад аратых ды сейбітаў і заканчваючы камбайнерамі. У ім адчувальны ўклад і простых механізатараў, і спецыялістаў: намесніка дырэктара па вытворчасці Ларысы Марчук, якая прызнана сёлета лепшым аграномам раёна, галоўнага эканаміста — старшыні камісіі па эканоміі паліва Марыі Галавейка, галоўнага бухгалтара Вольгі Ціхмановіч, і маладога галоўнага інжынера Андрэя Галавейкі. Асабліва ганарацца ў таварыстве поспехамі сямейнага экіпажа Валерыя і Дзмітрыя Дзямідчыкаў і многіх-многіх іншых. Да таго ж ёсць ва ўраджаі ўнёсак і жывёлаводаў, таму што грошы, атрыманыя ў іх галіне, ідуць у тым ліку і на пакупку запчастак ды ўгнаенняў. Раслінаводства і жывёлагадоўля ўзаема-звязаныя і працуюць на эканоміку гаспадаркі.
— Наш калектыў у 150 чалавек — гэта адна вялікая зладжаная каманда, — дзеліцца Надзея Рыгораўна. — Я ўмею слухаць, а мае падначаленыя — чуць. Гэта таксама сакрэт поспеху. Ну, і безумоўна, якасць ураджаю залежыць ад стану тэхнікі. На жаль, наш машынны парк у значнай ступені зношаны. Таму, стварыўшы належныя ды эфектыўныя ўмовы ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, мы набылі УАЗік, лейку, малакавоз, сеялку, заключылі дагавор на пакупку “Джон Дзіра”. Азімую сяўбу будзем ажыццяўляць новай сеялкай з адначасовым унясеннем фосфарных угнаенняў. За кошт яе плануем павысіць ураджайнасць яшчэ на 5-7 цэнтнераў з гектара.
Нават не сумняваюся, што “Вазнясенскаму” гэта ўдасца і прынясе новыя перамогі!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top