Прыбытак ад… адходаў

Прыбытак ад… адходаў

Ці варта адпраўляць на сметнік тое, што ўжо не патрэбна, але можа яшчэ быць выкарыстана? Не! Адходы могуць прынесці не меншую выгоду, чым выраб новых рэчаў. Так мяркуе кладаўшчыца філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” Ірына Галадзюк. Яна штодня прымае другасную сыравіну: адходы лому чорных і каляровых металаў, шклабой, макулатуру, поліэтылен. Ірына Уладзіміраўна правярае, узважвае дастаўленае насельніцтвам і арганізацыямі. На складзе другасная сыравіна залежваецца нядоўга. Па меры назапашвання перапрацоўшчыкі яе забіраюць. Напрыклад, макулатура дастаўляецца на ААТ “Слонімскі кардонна-папяровы завод”, шклабой — на “Белрэсурсы”, ПЭТ-бутэлькі і поліэтылен — на Кобрынскі ААТ “Экалагічныя ідэі”, метал — на УП “Брэстдругасчормет”.
Кладаўшчыца двойчы на тыдзень уважліва кантралюе пагрузку другаснай сыравіны. Для ўзважвання лому ёсць аўтамабільныя (да 15 тон) і платформенныя (да паўтоны) вагі. Ірына Уладзіміраўна штомесяц складае справаздачу аб’ёмаў дадзеных адходаў (дарэчы, філіялу “Жабінкаўскі” даводзіцца план па здачы).
Здавалася б, у тым месцы, дзе захоўваецца смецце, павінен быць вэрхал. Аднак, дзякуючы клопату Ірыны Галадзюк, на складах са шклом, макулатурай і металаломам ідэальны парадак.
— Вельмі радуе, што людзі разумеюць значнасць паасобнага збору адходаў, — кажа кладаўшчыца. — І не адпраў-ляюць непатрэбныя ўжо рэчы ў агульны кантэйнер для смецця. Пасля перапрацоўкі яны атрымаюць новае жыццё. Толькі з пачатку года жабінкаўцы здалі і атрымалі грошы за 840 тон лому чорных металаў і 10 тон лому каляровых, 60 тон макулатуры, 25 тон шклабою, 4,5 тоны поліэтылену, 13 тысяч шклобутэлек. А гэтыя адходы, уявіце сабе, аказаліся б у сметніках ці, у горшым выпадку, у лясах ці прыдарожных канавах…
А так і экалогія захаваецца, і крыху падзарабіць можна, лічы, на смецці.
Лідзія ІВАНІХІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top