Энергія ГРЭС, энергія душы

Энергія ГРЭС, энергія душы

Калісьці Іван Уладзіміравіч Баярчук марыў будаваць караблі. Аднак лёс распарадзіўся па іншаму: нязменным спадарожнікам аж на 52 гады стала энергетыка.
Іван Уладзіміравіч нарадзіўся ў вёсцы Маціевічы. У родзе Баярчукоў мужчыны былі ў асноўным чыгуначнікамі: дзед Іван яшчэ ў царскай Расіі працаваў машыністам паравоза, бацька асвоіў кавальскую справу і таксама пайшоў на чыгунку, дзядзька Аляксей шмат гадоў быў рабочым Жабінкаўскай дыстанцыі пуці. Магчыма, так склалася таму, што дом Баярчукоў знаходзіўся побач з чыгункаю.
Іван закончыў Маціевіцкую сямігодку, потым сярэднюю школу №1 г.Жабінка. Бацькі хацелі, каб ён паступаў у педінстытут, бо яго стрыечныя брат і сястра былі педагогамі. Але мара ёсць мара. Іван паспрабаваў ажыццявіць яе — падаў дакументы ў караблебудаўнічы інстытут на аддзяленне энергетычных установак ваенных караблёў. На жаль, не прайшоў медыцынскай камісіі. Дык у 1955 годзе паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут на энергетычны факультэт, спецыяльнасць — электрастанцыі. “Па сутнасці, — кажа Іван Уладзіміравіч, — карабель — гэта міні-электрастанцыя на плаву, толькі аснашчаная ўзбраеннем. Так што ўсё гэта было блізкае мне”.
На будоўлю Бярозаўскай ГРЭС Іван Баярчук прыехаў у 1960-м. Хацеў жыць і працаваць недалёка ад родных мясцінаў. Дый трэба было дапамагаць бацькам, паколькі ён быў адзіным сынам у сям’і. Выпускнік політэхнічнага згадвае, што прыехалі яны практычна на пустку, горада ніякага не было, Белаазёрск толькі-толькі разбудоўваўся. “Можа, таму, што ў генах у мяне закладзены нейкі жыццесцвярджальны, аптымістычны пачатак, усе цяжкасці ўспрымаліся спакойна і пераадольваліся”, — разважае сёння Іван Уладзіміравіч.
Пачынаў ён дзяжурным інжынерам электрастанцыі. Праз два гады ён ужо начальнік кацельнага цэха, а яшчэ праз тры — начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела, займаўся пытаннямі надзейнасці і эканамічнасці работы ГРЭС, забеспячэннем якасці падачы энергіі спажыўцам. З 1968-га па 1981-ы Іван Уладзіміравіч працуе намеснікам галоўнага інжынера Бярозаўскай ГРЭС, а потым, да 1992 года, — галоўным інжынерам. Як бачым, службовая лесвіца шпарка падымала яго ўгору. Калі энергетычны факультэт інстытута прывабіў, магчыма, імкненнем асвоіць “разумную” тэхналогію, дык іменна ў 80-я гады прыйшла сапраўдная ўлюбёнасць у сваю прафесію. Гэта быў час настойлівай будзённай працы і творчых радасцей, сустрэч з цудоўнымі, захопленымі людзьмі.
І вось у 1992 годзе наш зямляк прызначаецца дырэктарам Бярозаўскай ГРЭС імя 50-годдзя БССР. На гэтай пасадзе працаваў ён да 2001 года, да выхаду на пенсію, хоць і пасля гэтага “вольным” пенсіянерам не стаў, працягвае працаваць. Яму заўсёды характэрны быў дзелавы стыль работы. Праблемы вырашаў аператыўна, смела, без прамаруджвання, разбіраўся ў людзях, таму і карыстаўся вялікім аўтарытэтам як на Бярозаўскай ГРЭС, так і ва ўсёй энергасістэме Беларусі. Умеў арганізаваць вакол сябе спецыялістаў і накіраваць на дасягненне пастаўленай мэты. Яго крэда — сінтэз культуры, чалавечнасці і справы. І гэта з’яўлялася тым дзейсным пачаткам, які ствараў умовы для творчай працы персаналу, садзейнічаў аўтарытэту гідраэлектрастанцыі ў Белаазёрску. Аналітычны розум і практычны вопыт дазволілі Івану Уладзіміравічу Баярчуку ўкараніць новыя распрацоўкі, накіраваныя на ўдасканаленне парагенератараў. Ён аўтар двух вынаходніцтваў. І.У.Баярчук не раз атрымліваў прапановы заняць тую ці іншую пасаду кіраўніка на электрастанцыях па ўсім Савецкім Саюзе. Але ён быў каранямі звязаны з радзімаю, з бацькоўскім домам.
Больш чым паўвеку, аддадзенага Бярозаўскай ГРЭС, — гэта, бясспрэчна, гонар для яго. Ён часта ўспамінае, як яго пакаленне працавала, якіх вынікаў дабілася ў станаўленні і развіцці энергетыкі: “Людзі, якія працуюць у гэтай галіне, дысцыплінаваныя, абавязковыя, адказныя за сваю справу. Тут, як нідзе, важнае пачуццё адказнасці, бо ўся энергетычная тэхналогія завязана на спецыфіцы: яе прадукцыя не ідзе на склад. На іншай вытворчасці ты сёння папрацаваў на паўсілы, а заўтра — удвая лепш і выраўняў становішча. У энергетыцы ж не так — рух тут бесперапынны, а значыць, увесь час павінна працаваць абсталяванне, і ты павінен пастаянна быць прывязаным да яго. Энергетык з’яўляецца жывым арганізмам, урослым у сістэму, створаную яго рукамі”. Іван Уладзіміравіч лічыць, што электраэнергетыка была і застанецца адной з асноўных галін любой дзяржавы з пункту гледжання яе жыццяздольнасці. Але пры гэтым удакладняе: “На першае месца я ўсё ж стаўлю сферу, якая корміць людзей, маю на ўвазе сельгасвытворчасць. Аднак жа сёння ніхто не арэ сахою, без электраэнергіі ні сельская гаспадарка, іншая галіна не могуць нармальна развівацца”.
Дарэчы, у пачатку 1990-х гадоў настаў не самы лепшы час для энергетыкі ўвогуле і для Бярозаўскай ГРЭС у прыватнасці. Кіраўніцтва прадпрыемства прыклала шмат намаганняў, каб неяк рэаніміраваць станцыю, удыхнуць у яе новае жыццё. У 2000-м пачалася рэканструкцыя энергаблокаў. Іванам Баярчуком было распрацавана і ўкаранёна нямала прапаноў, што павышалі надзейнасць і эканамічнасць шэрагу энергавузлоў і энергасістэмы ў цэлым. Узнагароды прыйшлі спаўна заслужана. Ён узнагароджаны бронзавым і сярэбраным медалямі за рацыяналізатарства на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ) СССР. Мае значок “Выдатнік энергетыкі і электрыфікацыі СССР”. Яму прысвоены званні “Ганаровы энергетык СССР” і “Ганаровы энергетык Беларусі”. Што яшчэ сярод узнагародаў? Значок “Выдатнік энергетыкі Беларусі”, Ганаровыя граматы Мінэнерга СССР і Вярхоўнага Савета Беларускай ССР…
Сёння былы дырэктар, дальнабачны кіраўнік, сапраўдны прафесіянал энергетычнай галіны працуе ў групе кіравання будаўніцтвам пара-газавай устаноўкі (ПГУ-400). Сваімі каласальнымі ведамі і жыццёвым вопытам прыносіць максімальную карысць. Блок ПГУ-400 будуецца з прыцягненнем кітайскага капіталу. Іван Уладзіміравіч разважае: “Што да энергаблока, які будуецца, — гэта добрая, эканамічная тэхналогія. Што мы атрымліваем ад Кітая крэдыт, таксама добра. Іншая справа, што мы з імі існуем у розных інжынерных вымярэннях, і нам трэба адаптаваць гэты кітайскі праект (хай сабе ён і “пад ключ”) да нашых умоў, таму што працаваць тут будуць не хто іншы, а беларусы…”
19 снежня мінулага года ў сувязі з паўвекавым юбілеем Бярозаўскай ГРЭС І.У.Баярчук, вядучы інжынер кіравання рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта “Будаўніцтва ПГУ-400”, быў узнагароджаны Граматай Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.
Лідзія БАРАДЗІНА, наш няшт.кар.
На здымку: І.У.Баярчук у гасцях у вучняў і настаўнікаў Маціевіцкай базавай школы.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top