Мужчыны не плачуць?

Мужчыны не плачуць?

Статыстыка пераконвае нас, што мужчыны жывуць на некалькі гадоў менш за слабую палавіну чалавецтва. Цікава, чаму так сталася? Яшчэ некалькі стагоддзяў назад розніца паміж сярэдняй працягласцю жыцця жанчыны і мужчыны была нязначнай. Дарэчы, паводле дадзеных Міністэрства працы рэспублікі, сёння беларускія мужчыны жывуць у сярэднім 64,5 гады, жанчыны — амаль на 12 больш (76,2 гады). Падобная сітуацыя склалася і ў Расіі. Далёка наперад у вырашэнні гэтай праблемы пайшлі Еўрапейскія краіны. У Германіі мужчыны жывуць менш за жанчын на 7 гадоў, у Ісландыі — на 4, а вось рэкардсменам з’яўляецца багацейшы Кувейт, дзе розніца нават не дасягае 2 гадоў! Афіцыйных прычын гэтай з’явы шмат, над аналізам іх працуюць лепшыя вучоныя ва ўсім свеце. У нас, простых людзей, таксама ёсць свой погляд на гэтае пытанне.
Ірына Карпук, маладая маці:

— Прынята лічыць жанчын больш адчувальнымі і імпульсіўнымі, аднак жыццё паказвае, што і сярод мужчын гэта сустракаецца нярэдка. І калі нас, жанчын, успрымальнасць падпітвае, то мужчынам такая якасць зусім не на руку. Мы больш цярплівыя, прасцей глядзім на многія рэчы, а мужчынам уласціва ўсё аналізаваць, таму, напэўна, і з праблемамі ім спраўляцца больш складана. Але ж, я думаю, што ў асноўным працягласць жыцця залежыць не ад палавой прыналежнасці, а ад тых умоў, што нас акружаюць. І моцны пол, можа аказацца слабым у нейкіх абставінах!
Кацярына Сакалоўская, вучаніца:
— Мужчыны значна часцей, чым жанчыны свае эмоцыі трымаюць, можна сказаць, у “ кулаку”. Калі нешта здарыцца ў жанчыны, яна патэлефануе сяброўцы, падзеліцца сваёй бядой, магчыма, выплача сваю боль і пойдзе далей, без негатыву. Мужчыны ж вельмі цяжка пераносяць няўдачы.А нервовыя клеткі патрэбна берагчы.
Сяргей Бульчук, мужчына сярэдніх гадоў:
— Мне здаецца, што розніца паміж працягласцю жыцця ў мужчын і жанчын не залежыць менавіта ад полу. Самі паглядзіце, ветэранам вайны ўжо пад 90. Яны перажылі страх і жахі вайны, аднак гэта не перашкодзіла ім жыць доўга і шчасліва. А мы патрапілі ў пастку экалогіі. Загазаванасць паветра і ўплыў “абпраменьвання” тэхнічнымі сродкамі не могуць зусім не адбівацца на нашым здароўі. Некаторым людзям наканаваны лёс да 100 гадоў, а іншыя і да 50 не дажываюць!
Аляксандра Камалян, маладая маці:

— На мой погляд, так сталася таму, што мужчыны менш звяртаюцца за кваліфікаванай медыцынскай дапамогай, пакуль зусім ужо хвароба не прыцісне. А ў жаночы арганізм прыродай закладзена клапаціцца аб сваім здароўі, захоўваць яго, каб твае будучыя дзеці былі здаровыя. Таму мы часцей ходзім на прафілактычныя абследаванні, стараемся весці здаровы лад жыцця. На жаль, вялікая колькасць мужчын не звяртае ўвагі на той факт, што дрэнныя звычкі могуць пахіснуць здароўе.
Валянціна Прановіч, пенсіянерка:
— Прыемныя клопаты аб дзецях, гаспадарцы, навядзенні ўтульнасці ў доме стымулююць жанчыну жыць. Амаль такія простыя захапленні, як вязанне і вышыванне, не даюць “завянуць душы”. Чалавек і жыве, пакуль у яго ёсць жаданне працаваць, а не сядзець склаўшы рукі. Магчыма, на здароўе моцнай паловы вялікі ўплыў аказвае фізічная праца… Але ж, я ўпэўненна, што незалежна ад таго, хто ты і кім працуеш, усё роўна пражывеш столькі, колькі Бог адмераў!
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: Ірына Карпук і Аляксандра Камалян.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top