Усё для маці і дзіцяці

Усё для маці і дзіцяці

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

У гэты ж дзень інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй Жабінкаўскага райсавета дэпутатаў Анатолем Шалтанюком наведала калектыў раённай газеты “Сельская праўда”.
Тэмай для абмеркавання стала ахова мацярынства і дзяцінства ў нашай краіне. Анатоль Вітальевіч нагадаў, што асноўнымі заканадаўчымі актамі ў сферы падтрымкі сям’і з’яўляюцца Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, законы нашай дзяржавы, указы Прэзідэнта, дзяржаўныя праграмы і нацыянальныя планы, накіраваныя на падтрымку сям’і і дзяцінства.
Выступоўца адзначыў: колькасць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня бягучага года складала 9475,6 тысячы чалавек і ў параўнанні з пачаткам 2018-га зменшылася на 16,2 тысячы, або на 0,2 %. Зніжэнне ўзроўню нараджальнасці адбываецца па аб’ектыўных прычынах: змяншаецца колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, павышаецца ўзрост мацярынства, а гэта прыводзіць да скарачэння рэпрадуктыўнага перыяду, зніжаецца колькасць шлюбаў і павышаецца ўзровень разводаў. Напрыклад, што тычыцца Жабінкаўскага раёна, то зніжэнне нараджальнасці назіраецца ў нас з 2016 года. Тады на свет з’явілася 349 дзяцей, у 2017-м — 305, у наступным годзе — 260 немаўлят, у першым паўгоддзі сёлета — 117.
Як і для многіх еўрапейскіх дзяржаў, для нашай краіны характэрна тэндэнцыя павелічэння сярэдняга ўзросту жанчын пры ўступленні ў першы шлюб і пры нараджэнні першага дзіцяці. Летась гэтыя лічбы склалі адпаведна 26 гадоў і 29,4 года.
Падчас сустрэчы вялася гаворка аб тым, што ў Беларусі робіцца ўсё дзеля аховы рэпрадуктыўнага здароўя насельніцтва, стварэння ўмоў для нараджэння здаровых дзяцей, скарачэння дзіцячай і мацярынскай смяротнасці. Дзякуючы наладжанай дыспансерызацыі дзяцей павялічылася колькасць тых, што маюць першую групу здароўя.
Анатоль Шалтанюк падкрэсліў, што ў нашай рэспубліцы дзейнічае разгалінаваная сістэма дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Яна ўключае выплату дапамог у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей, дзяржаўную падтрымку пры будаўніцтве ці рэканструкцыі жылля, забеспячэнне бясплатным харчаваннем дзяцей першых двух гадоў жыцця і іншыя віды дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Выступоўца спыніўся на кожным з іх, а таксама расказаў пра рэалізацыю праграмы сямейнага капіталу, якая была разлічана да 31 снежня 2019 года, але кіраўнік нашай краіны, выступаючы са штогадовым Пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, даручыў ураду прадоўжыць праграму на новы пяцігадовы тэрмін.
Анатоль Вітальевіч нагадаў і пра ролю грамадскіх аб’яднанняў у замацаванні інстытута сям’і. “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын” і БРСМ прымаюць актыўны ўдзел у дабрачынных акцыях, творчых конкурсах “Моцная сям’я — моцная дзяржава”, “Жанчына года”, “Мацярынскае цяпло”, “Лепшая шматдзетная сям’я”, “Уладар вёскі”. Рэалізуецца падтрыманая кіраўніком дзяржавы ініцыятыва ГА “БРСМ” “Парк (алея, сквер) сямейных дрэў”.
“Нідзе ў свеце няма такой падтрымкі мацярынства і дзяцінства, як у Беларусі”, — працытаваў выступоўца словы беларускага лідара Аляксандра Лукашэнкі. Яны пацвярджаюцца высокімі пазіцыямі Беларусі ў адпаведных сусветных рэйтынгах. Сярод 179 краін свету, спрыяльных для мацярынства і нараджэння дзяцей, наша рэспубліка займае 25-е месца і першае — сярод краін СНД.
Супрацоўнікі рэдакцыі пацікавіліся, ці будзе зменшаны ў бліжэйшы час адпачынак па доглядзе за дзіцём з трох да двух гадоў, колькі дамоў пабудуецца ў Жабінцы сёлета і ў наступным годзе і якая будзе аказана падтрымка маладым і шматдзетным сем’ям.

Да тэмы
Дапамога да школы

Як паведаміла начальнік аддзела сацыяльнай абароны ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Трафімчук, сёлета ў ліпені-жніўні на Жабінкаўшчыне згодна з падпраграмай “Сям’я і дзяцінства” Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады” ажыццяўляецца выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да новага навучальнага года шматдзетным сем’ям, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей. Бацькі атрымаюць па 40 рублёў на кожнае дзіця-школьніка, што наведвае ўстанову агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі). На 9 жніўня такая дапамога аказана 430 сем’ям (на 866 дзяцей) на агульную суму 34640 рублёў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top